Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі фашызм у Беларусі


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі дзейнічаюць дзьве арганізацыі, што падтрымліваюць фашыстоўскія ідэі, – РНЕ (Расейскае нацыянальнае адзінства) і НБП (Нацыянал-бальшавіцкая партыя). Абедзьве групоўкі заснаваныя як філіі расейскіх арганізацыяў. Актывісты РНЕ дэманстратыўна носяць значкі са свастыкай, а таксама почасту пазначаюць свастыкай надпісы на будынках.

Найбольш актыўна РНЕ дзейнічае на ўсходзе Беларусі. Летась Віцебскі лялечны тэатар атрымоўваў лісты з подпісам РНЕ – з патрабаваньнем перавесьці рэпэртуар на расейскую мову. Ліставаныя пагрозы ад РНЕ атрымлівалі й журналісты газэты “Витебский куръер”.

Надпісы “РНЕ” часта зьяўляюцца ў Курапатах – імі суправаджаліся акты пашкоджаньня мэмарыяльнага ўшанавальнага знаку і лавы Клінтана. Фашыстоўскую свастыку з пазнакай “РНЕ” часта можна ўбачыць і на габрэйскіх могілках, на помніках ахвярам Халакосту.

Вядомы толькі адзін выпадак, калі актывіст РНЕ трапіў пад суд: у Гомелі 6 месяцаў зьняволеньня атрымаў нехта Якаўчук, пакараны за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Назіральнікі адзначаюць, што пасьля сьмерці ў 2000 годзе тагачаснага лідэра беларускай філіі РНЕ Самойлава, арганізацыя заняпала. Паводле незалежных крыніц, цяпер у РНЕ ўсяго некалькі дзясяткаў актывістаў.

У 2007 годзе ў Беларусі заявілі пра сваё існаваньне актывісты расейскай Нацыянал-бальшавіцкай партыі. Найгучнейшай атрымалася акцыя ганьбаваньня консульства Эстоніі ў Менску. Паводле ўдзельнікаў памянёнай арганізацыі, у ёй налічваецца да ста чалавек.
XS
SM
MD
LG