Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая эстонская праграма для беларускіх студэнтаў


Тацяна Поклад, Вільня (pokladt@yahoo.co.uk) Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа” (эфір 7 жніўня).

Эстонія ў другі раз прапаноўвае стыпэндыі для беларускіх студэнтаў, якія ня могуць вучыцца на радзіме з-за палітычнага перасьледу. Што абіраюць беларусы і як яны вучацца? Якая ў іх стыпэндыя і на што яе хапае? Дзе і як жывуць студэнты? Ці абавязковая эстонская мова і як даецца яна беларусам?

Алеся з Гомелю вучыцца ў Эстоніі ад мінулага году па праграме для рэпрэсаваных студэнтаў.

“Я абрала спэцыяльнасьць “міжнародныя дачыненьні” ў прыватным ВНУ – міжнародным унівэрсытэце Аўдэнтэс у Таліне (International University Audentes www.audentes.eu), – распавядае Алеся. – Паколькі ў мяне бакаляўрская праграма, то можна было абіраць і прыватныя ўстановы. Праблема была ў тым, што я прыехала пазьней: шэсьць чалавек прыехалі раней, а я і яшчэ трое студэнтаў – толькі ў сярэдзіне кастрычніка, і ў нас было меней часу на вывучэньне эстонскай. І таму мне давялося абраць такую ўстанову, дзе я магла б вывучаць эстонскую і ангельскую, пачаць навучаньне на расейскай мове і паступова пераходзіць на эстонскую і ангельскую мовы навучаньня”.

Знайшла самастойна

За ўдзел у акцыях пратэсту ў Гомелі і Менску ў часе выбараў 2006 году Алеся страціла працу і не змагла далей вучыцца – у Беларусі яна плаціла за сваю адукацыю.

“Я працавала і завочна вучылася. А пасьля падзеяў у часе выбараў у 2006-м, пасьля Плошчы, – я зь сябрамі езьдзіла і ў Менск, – са мной спынілі кантракт, і я не магла далей вучыцца, бо вучоба была зьвязаная з працай і платная. Працавала я ў банку, вучылася ў Каапэратыўным унівэрсытэце ў Гомелі, скончыла два курсы”, – тлумачыць Алеся і дадае, што эстонскую праграму для беларускіх студэнтаў, пацярпелых ад перасьледу ўдладаў, яна знайшла сама ў інтэрнэце і самастойна даслала дакумэнты.

Спачатку было складана

Усяго ў Эстоніі летась пачалі вучобу 10 беларускіх студэнтаў. Сёлета эстонскі ўрад запрашае яшчэ 5 студэнтаў зь Беларусі. Бадай, ці не самае актуальнае пытаньне – мова: наколькі цяжка адолець эстонскую?

“Вельмі было складана – спачатку, – прызнаецца Алеся. – Нават страшна было вучыцца, таму што зусім іншая мова. Пасьля стала лягчэй, я кантактавала з тымі, хто таксама вучыў эстонскую. Мы спрабавалі размаўляць па-эстонску, страх зьнік. І страх, што не здолею вывучыць гэтую мову, таксама пакрысе зьнікае”. Алеся дадае некалькі словаў па-эстонску – сапраўды, галоўнае – не палохацца, вучыцца і пачынаць размаўляць. Нямала беларусаў, якія жывуць у Эстоніі, добра валодаюць гэтай мовай.

Незалежна ад коштаў

Навучаньне беларусаў фінансуе эстонскі ўрад. Беларускія студэнты з Таліну распавялі, што гэта сталася магчымым і дзякуючы эстонскаму моладзеваму аб''яднаньню “Адкрытая рэспубліка” (http://www.or.ee). Яго лідэр Яўген Крыштафовіч кажа, што выбар навучальных установаў для першых беларускіх студэнтаў не абмяжоўваўся – галоўнае, каб узровень ведаў адпавядаў патрабаваньням, каб студэнтаў прынялі самі ВНУ.

“Апрача стыпендыі і кампэнсацыяў, пакрываецца кошт навучаньня, незалежна ад таго, колькі каштуе абраная беларусамі спэцыяльнасьць, – пацьвярджае Яўген Крыштафовіч. – Некалькі чалавек вучацца на спэцыяльнасьцях, дзе год навучаньня каштуе прыкладна 2 тысячы эўра, частка – дзе плата за вучобу меней, але гэта не істотна. Дзе вучыцца – студэнты абіраюць самі. Калі студэнты здаюць уступныя іспыты і іх прымаюць, эстонская дзяржава аплачвае любую спэцыяльнасьць.

Адзінае абмежаваньне сёлета для студэнтаў, якія прыедуць цяпер, – яны могуць вучыцца толькі ў дзяржаўных ВНУ Эстоніі. Летась, калі быў першы набор, дзяржава аплочвала і навучаньне студэнтаў зь Беларусі ў прыватных вышэйшых навучальных установах“.

Дзьве часткі стыпендыі

Агульны памер стыпэндыі складаецца ня толькі з той сумы, што атрымлівае студэнт кожны месяц, але і з іншых кампэнсацыяў.

“Замежныя студэнты ў нас атрымліваюць большую стыпэндыю, чым мясцовыя. А беларускія студэнты маюць самую вялікую стыпэндыю ў параўнаньні з іншымі замежнымі студэнтамі, – распавядае Я.Крыштафовіч. – Студэнтам зь Беларусі кампэнсуюцца ўсе выдаткі на афармленьне дакумэнтаў, візы, а таксама на дарогу ў Эстонію. І, калі яны могуць езьдзіць дахаты, то кампэнсуюцца выдаткі на паездкі дахаты два разы цягам навучальнага году.

Плюс студэнты маюць стыпэндыю штомесяц, – вельмі прыкладна я зараз магу сказаць, што гэта чатыры з паловай тысячы эстонскіх кронаў (больш за 400 даляраў). Інфармацыя пра гэта адкрытая, ёсьць у інтэрнэце. З гэтай стыпэндыі студэнты плацяць толькі за сваё жытло, – інтэрнаты, альбо прыватныя кватэры, – як яны самі пажадаюць”.

Ноўтбукі, mp3-плэеры – неабходныя для жыцьця рэчы

Алеся, якая правучылася ў Эстоніі першы год, кажа: “Стыпэндыі хапае на тое, каб заплаціць за жытло, каб добра харчавацца і на нейкія рэчы для сябе. То бок, стыпендыі дастаткова. Хапае на вопратку, на касмэтыку, і на тэхніку – ноўтбукі, mp3-плэеры, – тут гэта каштуе значна таньней, чым у Беларусі, і гэта рэчы, неабходныя для жыцьця”.

Падтрымліваюцца студэнты і іншым шляхам. “Таксама для нас ладзіліся паездкі і сэмінары, – дадае Алеся. – Напрыклад, мы езьдзілі на выспу Саарэмаа на выходныя – гэта быў і сэмінар, і адпачынак, – і ўсё гэта аплачвалася”.

Цяплей, чым у Беларусі

Клімат у Эстоніі больш суровы і халодны, чым той, да якога прывыклі беларусы. Тым часам Алеся, якая прыехала ў Эстонію вучыцца з поўдню Беларусі, з Гомелю, цьвердзіць, што ад холаду не пакутвала: “Асаблівага холаду я не заўважыла. У нас у Беларусі ўзімку кватэры кепска ацяпляюцца, а тут наадварот было досыць цёпла. Вядома, на дварэ ўзімку, калі халодна, мы доўга не знаходзімся, а ў памяшканьнях усё ацяпляецца, камфортна, утульна.Так што з гэтым праблемаў няма”.

Інтэрнэт, пральныя машыны, лядоўні

“Вось цягам гэтага году, калі мы эстонскую мову вывучалі, мы жылі ў інтэрнаце, – распавядае далей пра ўмовы жыцьця студэнтаў Алеся. – Інтэрнат сучасны, досыць высокага ўзроўню, з усімі неабходнымі рэчамі. Блёкі па тры пакоі, у пакоях па два чалавекі, там невялікая кухня з электрычнай плітой, лядоўняй, з кухоннай мэбляй. Мы можам падлучыць сабе ў пакой інтэрнэт – гэта 10 даляраў у месяц, а бясплатна інтэрнэтам можна карыстацца на першым паверсе ў інтэрнаце – там WiFi. Ёсьць пральныя машыны ўнізе ў інтэрнаце. Словам, ёсьць усё для нармальнага жыцьця студэнтаў”.

Эстонскі досьвед цікавы беларусам

Чаму Эстонія фінансуе гэтую праграму для беларускіх студэнтаў? З аднаго боку, гэта – жэст добрай волі і дапамога, але таксама гэтая праграма падтрымкі для адукацыі маладых беларусаў патрэбная і самой Эстоніі, кажа Яўген Крыштафовіч з “Адкрытай рэспублікі”.

Крыштафовіч: “Эстонія добра памятае, як ёй таксама дапамагалі. Калі ў 1991 аднавілася незалежнасьць Эстоніі, трэба было будаваць дзяржаву, моладзі патрэбна была добрая адукацыя. Краіны Скандынавіі, Эўразьвяз, ЗША дапамагалі і дапамагаюць нам.

Цяпер, калі Эстонія сама ў Эўразьвязе і стала багацейшай і сродкамі, і досьведам ў параўнаньні з тым, якой была 17 гадоў таму, мы дапамагаем нашым суседзям. Мы можам падзяліцца досьведам нашых рэформаў. А што наш досьвед цікавы і патрэбны, сьведчыць тое, што бальшыня студэнтаў, якія прыехалі зь Беларусі летась, абралі спэцыяльнасьці, зьвязаныя з эканомікай і грамадзкімі дачыненьнямі”.

Грамадзкая арганізацыя “Адкрытая рэспубліка“ ладзіць супольныя культурныя, грамадзкія і адукацыйныя праекты зь беларускай моладзьдзю. Гэткая дзейнасьць, а таксама дапамога беларускім студэнтам у атрыманьні вышэйшай адукацыі, як кажа Яўген Крыштафовіч, – адзін са шляхоў супрацоўніцтва Эстоніі зь Беларусьсю і падмурак будучага больш шырокага партнэрства.

“Эстонія падтрымлівае, колькі можа, студэнтаў зь Беларусі яшчэ і таму, што заўсёды важна мець добрыя стасункі з бліжэйшымі суседзямі. Ад паўдзённай мяжы Эстоніі да Беларусі – каля 300 кілямэтраў усяго, ці трохі болей. Так што Беларусь – побач. Цяперашні рэжым у Беларусі – ненадоўга, будзем спадзявацца. А народы павінны ўзаемадзейнічаць паміж сабой, і сувязі на будучыню – гэта вельмі важна. Беларусь – важны патэнцыйны палітычны і эканамічны партнэр. Таму хацелася б, каб нашыя грамадзяне лепш ведалі адзін аднаго.

Апрача таго, мы – народы блізкія культурна і гістарычна. У часе барацьбы за незалежнасьць сто гадоў таму эстонцы і беларусы разам змагаліся за свабоду. Мы памятаем генэрала Булака-Балаховіча. У 1918-1920 гадах мінулага стагодзьдзя беларускія і эстонскія атрады ваявалі за незалежнасьць тут, на эстонскай зямлі. Нас шмат што злучае і ў гісторыі, і цяпер, таму праграма для беларускіх студэнтаў мае вялікае значэньне і маральнае, і практычнае”.

Ці былі якія-небудзь праблемы ў Эстоніі зь беларускімі студэнтамі?

“Яны ўсе пачалі з вывучэньня эстонскай – гэта быў іх дабраахвотны выбар, яны самі захацелі. Вынікі розныя – нехта хутчэй засвойвае, у кагосьці – праблемы, гэта ўсё індывідуальна, – кажа Яўген Крыштафовіч. – Беларускія студэнты мне асабіста запомніліся сваёй высокай матывацыяй – тым, што яны адразу былі вельмі зацікаўленыя вучобай. Яны прыехалі ў Эстонію падрыхтаванымі, ужо ведалі шмат пра нашую краіну, выбар зрабілі сьвядома, а ня так, што “абы куды паехаць”. Частка зь іх перад вучобай прыяжджала ў летнюю школу ў Тарту па нашым запрашэньні, пасьля гэтага яны вырашылі вучыцца тут, ім спадабалася ў нас. Так што праблемаў зь імі ў нас не было. А адміністрацыйныя розныя пытаньні, якія былі, я б не назваў вялікімі праблемамі”.

Сёлета Эстонія чакае новых беларускіх студэнтаў

Сёлета праграма для беларускіх студэнтаў працягваецца – толькі пачынаецца яна пазьней, і дакумэнты можна дасылаць да канца кастрычніка. Інфармацыю можна атрымаць у Міністэрстве адукацыі і навукі Эстоніі, у фондзе Адкрытай Эстоніі і ў моладзевым аб''яднаньні “Адкрытая рэспубліка”.

Лідэр аб’яднаньня Яўген Крыштафовіч адзначае: “Я лічу, што гэты праект – пасьпяховы, і таму мы прасілі ўрад працягнуць фінасаваньне. І прасілі парлямэнцкую групу ў падтрымку дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі, каб яны лабіявалі працяг гэтага праекту. І вось цяпер мы чакаем ад 1 студзеня 2008 году яшчэ пяцёх студэнтаў зь Беларусі, якія хацелі б вучыцца ў магістратуры і атрымаць ступень магістра ў Эстоніі”.

“Я б хацела пажадаць, каб ніхто не баяўся, каб прыяжджалі, – кажа Алеся з Гомелю, якая правучылася ў Таліне ўжо год. – Зразумела, здаецца страшна – іншая дзяржава, далёка ад дому, – але тут вельмі добрыя арганізатары, заўсёды дапамогуць, і ня трэба баяцца”.

Кантакты:

Міністэрстве адукацыі і навукі Эстоніі (http://www.hm.ee), Тацяна Кійло, тэл.:+372 735 0163, эл.пошта: tatjana.kiilo@hm.ee

Фонд Адкрытай Эстоніі (www.oef.org.ee), Кэлі Гростхаль, тэл.: + 372 631 3791, эл.пошта: @oef.org.ee

Моладзевае аб''яднаньне “Адкрытая рэспубліка” (www.or.ee), тэл.: +372 611 6300, +372) 55 20975, эл.пошта: or@or.ee
XS
SM
MD
LG