Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюцца да акцыяў пратэсту


Вячаслаў Кулік, Менск Індывідуальныя прадпрымальнікі Барысава, Слуцку, Салігорску ды іншых гарадоў краіны заяўляюць аб правядзеньні агульнабеларускага страйку. З ініцыятывай арганізаваць акцыю пратэсту 1 верасьня выступілі прадпрымальнікі Сьветлагорску. Падставай для гэтага зрабіліся масавыя праверкі розных кантрольных службаў, канфіскацыя тавараў і штрафы.

У Слуцкім шпіталі ў цяжкім стане знаходзіцца прадавачка абутку з рынку мясцовага райспажыўсаюзу Соф’я Міцяшова. У мінулую суботу супрацоўнікі падаткавай службы і міліцыянты гвалтоўна сканфіскавалі ейны тавар. Жанчына кажа, што дагэтуль пачуваецца блага:

«Патэлефануйце мне як-небудзь пазьней. Я цяпер не магу нават гаварыць. Я вельмі стамілася пасьля ўсяго...»

Віктар Гарбачоў: “Сутнасьць камітэту самаабароны – спыніць марадэрства ў адносінах да прадпрымальнікаў

Лідэр грамадзянскай кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў кажа, што выпадак у Слуцку – адзін з вынікаў узмоцненых масавых праверак на рынках Беларусі. Ён абвяшчае: прадпрымальнікі цяпер пачалі ствараць камітэты самаабароны:

“Камітэт самаабароны створаны ў Сьветлагорску, група абароны прадпрымальнікаў – у Салігорску, група абароны ад канфіскацыі – у Слуцку. Па-рознаму іх называюць. Але сутнасьць адна: спыніць гэтае марадэрства ў адносінах да прадпрымальнікаў”.

Лідэр прадпрымальнікаў заяўляе, што ад 10 жніўня падаткавыя й санітарныя інспэкцыі, міліцыя ды іншыя кантрольныя службы ўзмацнілі масавыя праверкі: канфіскоўваюць тавар з розных прычынаў. Віктар Гарбачоў называе гэтыя працэдуры рэпрэсіямі і тлумачыць, у чым палягае праблема:

”Указ аб сэртыфікацыі – нерэальны для выкананьня прадпрымальнікамі. Прадпрымальнікі – мабільныя людзі: прывозяць тавар, каб адразу яго прадаць. А гэтага зрабіць нельга, бо сэртыфікат афармляецца ажно месяц. Гэта вымушае нас супраціўляцца. А яны ўсе – міліцыя, падаткавая і іншы – кінуліся правяраць. Канфіскоўваюць і караюць штрафамі”.

Анатоль Зьмітровіч: “Кожны прадпрымальнік можа пад гэты каток патрапіць

Ініцыятары плянаваных акцыяў – прадпрымальнікі Сьветлагорску.

Паведамляе актывіст Анатоль Зьмітровіч:

“Гэта ініцыятыва нашых прадпрымальнікаў. Яны самі вырашылі і зьвяртаюцца да прадпрымальнікаў Беларусі, якія маюць такія ж праблемы, з заклікам аб’яднацца. Наша ўлада баіцца аб’яднаных сіл. Нельга, немагчыма выканаць усе указы, пастановы ды інструкцыі, што тычацца нашай дзейнасьці. Любы чалавек, кожны прадпрымальнік можа пад гэты каток патрапіць”.

• Сьветлагорск: прадпрымальнікі вырашылі з 1 верасьня пачаць страйк, 10.08.2007 • Сьветлагорск: прадпрымальнікі выйшлі на плошчу, 6.08.2007 • Прадпрымальнікаў – як грыбоў пасьля дажджу..., 19.04.2007
XS
SM
MD
LG