Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Такінданг: “Беларусь – краіна, створаная для шчасьця”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 12 жніўня.

12 жніўня ў сьвеце адзначаецца міжнародны Дзень моладзі, напярэдадні якога мы запрасілі ў нашу менскую студыю студэнта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры й мастацтва Андрэя Такінданга. Андрэй піша вершы й музыку, займаецца жывапісам, вядзе музычны гурток для падлеткаў у Менскім палацы моладзі, ён адзін са стваральнікаў музычнага гурту “Рэха”.

“Мастакі зайздросьцяць музыкам, бо тых увесь час суправаджаюць воплескі”

Міхась Скобла: “Андрэй, вы й мастак, і паэт, і музыка, і выканаўца... Усе вашы таленты няпроста пералічыць. А кім усё ж вам хацелася б стаць? Якой галіне мастацтва прысьвяціць сваё жыцьцё?”

Андрэй Такінданг: “Вы так шчодра мяне абдарылі талентамі... Насамрэч, я проста раблю першыя крокі, шукаю сябе. Таму адказаць канкрэтна мне пакуль няпроста. Але ведаю дакладна – я нікуды не ўцяку ад выяўленчага мастацтва. Думаю, што і музыка даволі моцна пусьціла карані ў маім жыцьці. Любое мастацтва – гэта найперш думка. А ў якіх матэрыялах ты будзеш гэтую думку выяўляць – справа чыста тэхнічная”.

Скобла: “Вы адзін са стваральнікаў музычнага гурту “Рэха”, папулярнага сярод моладзі. Якой музыцы вы аддаяце перавагу?”

Такінданг: “Усе будучыя ўдзельнікі “Рэха” спачатку былі мастакамі, толькі мастакамі. Мы тады вучыліся ў мастацкім каледжы. А мастакі часам зайздросьцяць музыкам. Бо што робіць мастак? Сядзіць у зацішку, піша сваю карціну. А музыку ўвесь час суправаджаюць воплескі...

Таму мы неяк сабраліся й вырашылі паспрабаваць сябе ў музычным рэчышчы. Паступова да ідэі далучаліся патрэбныя людзі, і стварыўся гурт “Рэха”. Чаму “Рэха”? Гэта такая нэўтральная назва, пад якой можна рабіць музычныя экспэрымэнты. Скажам, калі б мы называліся якімі-небудзь “Чорнымі маланкамі”, то мусілі б граць цяжкую музыку. Альбо калі б мы абралі назву “Жалейка”, то, мабыць, засяродзіліся б на фольку. А мы ў “Рэху” хацелі рабіць у музыцы нешта непрадказальнае нават для саміх удзельнікаў гурту й вольна пачувацца ў творчым жыцьці”.

“На мне сапраўды быў аўтэнтычны народны строй Рэспублікі Чад”

Скобла: “На адным з канцэртаў вас бачылі ў незвычайным строі – у доўгай каляровай апранасе. Які куцюр’е дбае пра ваш сцэнічны імідж?”

Такінданг: “Як я ўжо сказаў, “Рэха” мае шырокі падыход да музыкі. Мы стараліся прымаць удзел у самых розных канцэртах – і ў “Бардаўскай восені”, і ў “мэталёвых” фэстах. А тады акурат праходзіў этна-фэст, і мы вырашылі “ўнесьці разыначку” й апрануць афрыканскія строі. І тады на мне сапраўды быў аўтэнтычны народны строй Рэспублікі Чад”.

Скобла: “Наколькі я ведаю, гэта радзіма вашага бацькі?”

Такінданг: “Так, ён адтуль паходзіць”.

Скобла: “Вы самі яшчэ студэнт, увосень пойдзеце на пяты курс. А ўжо маеце сваю студыю, сваю навучальню ў Менскім палацы моладзі. Як вы сябе адчуваеце ў ролі пэдагога?”

Такінданг: “У мяне музычны гурток-студыя. Гэта звычайная практыка. Шмат хто зь беларускіх музыкаў уладкоўваецца на такую працу, каб займець страху над галавой, каб мець магчымасьць праводзіць рэпэтыцыі. Так і ў мяне. Мы зь сябрамі можам там зьбірацца, задумваць і рэалізоўваць пэўныя музычныя праекты. А яшчэ ў мяне ёсьць досьвед выкладчыка маляваньня. Я працую з маленькімі дзеткамі й даю ім пачатковыя ўрокі жывапісу. Гэта ўжо больш сур’ёзная й цяжкая праца, якая вымагае шмат душэўнай энэргіі”.

Скобла: “Мне гаварыў адзін крытык, што ў вашых жывапісных працах вельмі заўважныя афрыканскія колеры. Гэта ў вас атрымліваецца на ўзроўні падсьвядомасьці, ці савану вам лягчэй намаляваць, чым беларускі пэйзаж зь лесам і рэчкай?”

Такінданг: “Безумоўна, тэмпэрамэнт мастака адбіваецца на ягоных працах. Я ніколі ня ставіў сабе мэту ў думках спасылацца на Чад, на Афрыку. Але, магчыма, гэта неяк міжволі атрымліваецца. З другога боку, што такое “афрыканскія колеры”? Зь любымі колерамі кожны мастак можа працаваць абсалютна вольна. Мастацкі экспэрымэнт немагчымы без гульні з колеравай гамай. Тым больш, у маладым узросьце дазваляецца “хуліганіць” у мастацтве. Напэўна, нейкія афрыканскія гены адбіваюцца ў маіх творах, але наўмысна я гэтым не займаюся”.

“Я ня грэбую пісаць партрэты на заказ, бо бяз грошай цяжка даводзіцца”

Скобла: “Я ведаю, што вы часам пішаце партрэты. Гэта прадыктавана нейкім матэрыяльным інтарэсам, ці гэта таксама творчасьць для душы?”

Такінданг: “У мяне як мастака цяпер шчасьлівы пэрыяд у жыцьці. Усе мае жывапісныя працы ствараюцца для душы. Я вельмі рады, калі з такой творчасьці атрымліваецца мець нейкі грашовы набытак. Але калі я сядаю за мальбэрт, то пра камэрцыю ня думаю. Я маю нейкае творчае жаданьне, якое не магу спыніць і кантраляваць”.

Скобла: “А вам не дакучаюць вашы знаёмыя, аднакурсьнікі, маўляў, напішы мой партрэт...”

Такінданг: “Калі мне спадабаецца мадэль, і мне захочацца яе напісаць, то я сам буду ёй дакучаць, хадзіць за чалавекам і ўпрошваць. Іншая рэч, калі здараецца халтура. Цябе запрашаюць на карпаратыўную вечарынку, ты сядзіш ціхенька з нататнікам і робіш прыгожы партрэт. Каб людзям спадабалася. Прызнаюся, я гэткім заняткам ня грэбую. Бо ў жыцьці бяз грошай цяжка даводзіцца”.

“У Менску ў падземных пераходах у нас бываюць праблемы з міліцыянтамі”

Скобла: “12 жніўня ва ўсім сьвеце адзначаўся міжнародны Дзень моладзі. Як вы лічыце, ці мае беларуская моладзь магчымасьць для самарэалізацыі? Вось вы, студэнт Унівэрсытэту культуры, чалавек творчы, маеце такую магчымасьць?”

Такінданг: “Калі ёсьць унутраная прага творчасьці, калі ў табе гарыць унутраны агонь, які цябе змушае да творчасьці, то ты будзеш тварыць ў любых умовах. Бо гэты працэс не залежыць ад цябе.

Але хачу сказаць пра іншае. Напрыклад, калі мы езьдзілі выступаць у Піцер, ішлі па піцерскіх вуліцах і паўсюль бачылі музыкаў, мастакоў, якія гралі для душы, пісалі для душы й пры гэтым зараблялі грошы. Адчувалася, што ім вольна і камфортна на вуліцах. А ў Менску ў падземных пераходах у нас бываюць праблемы.

Мы рэдка, але спрабуем музыцыраваць на вуліцы. Калі добрае надвор’е, выдатны настрой, рэпэтыцыя хораша прайшла, чаму не пайграць на радасьць сабе й людзям? Ну, і капейчыну зарабіць. Але галоўнае – падараваць людзям шчасьце. Да нас неаднойчы падыходзілі міліцыянты й прымушалі сыходзіць. Пры гэтым казалі, што, маўляў, нам падабаецца, але тут будзе хутка праходзіць наша начальства, яму можа не спадабацца.

Раней, гады тры-чатыры таму, я даволі часта сустракаў у падземных пераходах музыкаў, якія гралі на флейтах, на гітарах і скрыпках. Цяпер яны зьніклі. Больш жорстка стала з гэтым, я ня ведаю, чаму. У выніку – на нашых вуліцах сумна. Вулічных музыкаў ніхто нідзе на абмяжоўвае. Гэта ж дармавое сьвята! Людзі ўдасканальваюць сваё мастацтва й зарабляюць грошы. Горад ад гэтага толькі прыгажэе. Калі на вуліцах не гучыць музыка, то гарадзкая атмасфэра нагадвае стаялую ваду”.

Скобла: “Сёньня многія гурты скардзяцца, што ня маюць дазволу выступаць там, дзе ім хочацца. Вам і вашаму “Рэху” хапае слухацкай аўдыторыі?”

Такінданг: “Хочацца, вядома ж, большай аўдыторыі. У нас пэўны пэрыяд было такое канцэртнае зацішша. Ня творчае, а менавіта канцэртнае, мы нячаста выступалі. А цяпер надышоў такі момант, калі ёсьць што даць людзям. І мы плянуем актывізаваць сваю канцэртную дзейнасьць. Насамрэч, для музыкаў вельмі важны рэгулярны кантакт з публікай. На сваіх канцэртах у правінцыі мы адчуваем голад людзей па мастацтве. Там вельмі ўдзячная публіка. Таму – перад намі шырокае поле для дзейнасьці”.

Скобла: “А вось той факт, што некаторыя вашы равесьнікі ці трохі старэйшыя маладыя людзі, асабліва гэтай вясной, ды й улетку таксама, арыштоўваюцца, сядзяць “суткі”, месяцы, гады ў турме, гэта вас кранае? Ці іх справы, іхняя палітычная актыўнасьць вам няблізкія?”

Такінданг: “Заўсёды сумна, калі чалавек за кратамі. Тым больш – калі за палітычныя перакананьні. Я нядаўна вычытаў у газэце, што ў нас вельмі высокі адсотак зьняволеных. Ну, я ня думаю, што ў нас так многа злодзеяў і забойцаў... Што я, як мастак, як музыка, магу прапанаваць тым, хто пазбаўлены свабоды? Думаю, што маё мастацтва зробіць гэты сьвет трохі больш радасным”.

“Беларусь – край, Богам дадзены, створаны для шчасьця”

Скобла: “І яшчэ “хоць крышачку, хоць кропельку пра Афрыку, пра тропікі”, як пісаў Пімен Панчанка. Ваша маці – беларуска, ваш бацька паходзіў з Чаду – краіны ў цэнтры афрыканскага кантынэнту. Ці ня цягне вас на бацькаву радзіму, ці адчуваеце вы прыцягненьне Афрыкі?”

Такінданг: “Раней не адчуваў. А цяпер так выпадае ў жыцьці, што неўзабаве давядзецца туды ляцець. І кантакт з афрыканскімі сваякамі робіцца больш-менш рэгулярным. За кошт сучасных сродкаў сувязі – інтэрнэту, мабільных тэлефонаў”.

Скобла: “А каб была такая магчымасьць – што зь ляндшафту Афрыкі, зь яе прыроды вы перамясьцілі б у Беларусь? Ці краіна Беларусь – самадастатковая, і вам у ёй усяго хапае?”

Такінданг: “Цяпер стаяць такія добрыя летнія дні, і я часта шпацырую па менскіх вуліцах і радуюся прыгажосьці людзей. А нядаўна прыехаў зь вёскі, зь Лепельшчыны – там таксама радаваўся, там такое хараство! Сапраўды, край Богам дадзены. Беларусь – краіна, створаная для шчасьця, я ў гэтым перакананы. Трэба проста мець для гэтага шчасьця ўнутраны рэсурс душэўных сілаў.

А Афрыка, яна тым і добрая, што яна такая адна. Як і Беларусь адна. Таму перамяшчаць у Беларусь афрыканскія горы, думаю, няварта. Як і ў Афрыку перасаджваць беларускія пушчы. Такое бяды, што ў Беларусі няма мора. Людзі звыкліся, езьдзяць у Крым ці на Балтыку. Беларусь і Афрыка – самадастатковыя, усё залежыць ад людзкога рэсурсу. А чалавек, каб быць шчасьлівым, павінен спадзявацца на ўласныя сілы”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
XS
SM
MD
LG