Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Апазыцыя аб’ядноўваецца, каб правесьці “Эўрапейскі марш за свабоду”</B>


Алег Грузьдзіловіч, Менск 14 жніўня ў Менскі гарвыканкам пададзеная заяўка на правядзеньне праз два месяцы ў Менску “Эўрапейскага маршу за свабоду”. Сярод заяўнікаў – палітыкі Аляксандар Мілінкевіч і Анатоль Лябедзька.

Паводле Віктара Івашкевіча, старшыні аргкамітэту “Эўрапейскага маршу за свабоду”, удзельнікі акцыі будуць патрабаваць ад уладаў выкананьня 12 прапановаў Эўразьвязу аб супрацоўніцтве зь Беларусьсю, якія прадугледжваюць дэмакратызацыю грамадзкага жыцьця ў дзяржаве.

Арганізатары маршу ўжо дэманструюць схільнасьць да кампрамісу з уладамі. Марш плянуецца правесьці з улікам інтарэсаў усіх гараджанаў – выключна па ходніках праспэкту Незалежнасьці ад Кастрычніцкай плошчы да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе мае быць праведзены мітынг.

Былы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў перакананы, што мірнае правядзеньне “Эўрапейскага маршу за свабоду” выгоднае беларускім уладам, якія цьвердзяць пра захаваньне незалежнасьці краіны.

“Менавіта эўрапейскі кірунак можа выратаваць краіну. Можа вырашыць пытаньне пра энэргетычную бясьпеку і ўвогуле пра палітычную бясьпеку дзяржавы Беларусь. Таму мы й гэтым разам прапануем уладам дыялёг – менавіта ў гэтай, пэўнай, акцыі”.

Сярод заяўнікаў “Эўрапейскага маршу за свабоду” – апазыцыйныя палітыкі Анатоль Лябедзька і Аляксандар Мілінкевіч, між якімі апошнім часам назіраліся супярэчнасьці. Анатоль Лябедзька мяркуе, што гэта ня стане перашкодай у арганізацыі “Эўрапейскага Маршу”.

“Розныя суб’екты кааліцыі прагаласавалі за гэтую акцыю. Удзел структур можа быць розным, але вельмі важна, што існуе поўны кансэнсус”.

Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што акцыя прадэманструе выбар народу Беларусі – эўрапейскія каштоўнасьці. “Эўрапейскі марш”, паводле Аляксандра Мілінкевіча, адбудзецца ў вызначальны пэрыяд гісторыі краіны.

“Перад Беларусьсю цяпер паўстала пытаньне цывілізацыйнага выбару. Ці мы будзем удзельнічаць у будаўніцтве новай Бізантыйскай імпэрыі, ці будзем уключацца ў інтэграцыйныя працэсы Эўропы”.

Адносна зьвестак пра раскол аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў: “Чуткі, што аб’яднаная апазыцыя памерла, значна перабольшаныя. Бачыце – мы разам”.

Раней апазыцыйныя структуры плянавалі правесьці восеньню “Сацыяльны марш” – акцыю пратэсту супраць вырашэньня эканамічных праблемаў за кошт зьбяднелай часткі грамадзтва. Анатоль Лябедзька паведаміў: ад задумы “Сацыяльнага маршу” аргкамітэт не адмовіўся, але прапанавана перанесьці яе ажыцьцяўленьне на 11 лістапада.

Дарэчы, сярод лёзунгаў “Эўрапейскага маршу за свабоду” будуць і эканамічныя. Адзін зь іх – “Эўрапейскім коштам – эўрапейскія заробкі”.

• Апазыцыя ня будзе байкатаваць будучыя парлямэнцкія выбары, 13.06.07 • На канфэрэнцыі ў Вільні – канкрэтная распрацоўка акцыяў апазыцыі, 19.04.2007
XS
SM
MD
LG