Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Усе дыктатуры да часу стабільныя”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 14 жніўня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Мікалай Куксо: “Паслухай, сябра аднаго дарадца, як за Радзіму пачынаць змагацца. Перш наперш пачынай зь сябе. Раба ты выцісьні зь сябе. А потым з мовы пачынай. На роднай мове думаць прывучайся. На ёй заўсёды размаўляй – ляноце ні за што не паддавайся. Як будзеш да людзей зьвяртацца, дык людзі будуць адгукацца, да роднай мовы прыхінацца і Радзімы не цурацца. Заўжды свой погляд на падзеі май. Нішто на веру не прымай. Страх паціху выціскай – чалавека годнасьць май. Бяз страху пачынай змагацца, каб мы маглі людзьмі назвацца. І, як казаў адзін дарадца, няхай нас ворагі баяцца. Каб з посьпехам змагацца, ня трэба цяжкасьцяў баяцца. Ты месца ў барацьбе знайдзі – за волю да канца ідзі. Я гэта сам усё прайшоў. Сябе я чалавекам чую. Я месца ў барацьбе знайшоў – сіл для Радзімы не шкадую!”

Спадар: “Цяпер судзяць моладзь за надпісы на сьценах супраць перасьледу канкрэтных людзей, мысьлячых грамадзян. Прадстаўнікоў выканаўчых органаў, якія так змагаюцца за чысьціню сьценаў, я запрашаю ў самы цэнтар Бабруйску. Праз дарогу ад дома ўраду ў двары прэстыжнага дзевяціпавярховіка з двухпавярховымі кватэрамі (вул. Горкага, 41), з правага боку двара, у праходзе на бэтоннай сьцяне ўжо не адзін год побач адзін з адным намаляваныя эсэсаўскія здвоеныя маланкі, фашысцкая свастыка і шыбеніца з шасьціканцовай зоркай. Відаць, каб улады нарэшце ўсё гэта зафарбавалі, трэба побач напісаць лёзунг супраць любімага правадыра ў вершаванай форме і з выкарыстаньнем ягонага прозьвішча. Хаця і гэта не гарантыя. Лёзунг замажуць, а свастыку з шыбеніцай пакінуць, калі каманда будзе замазваць толькі падрыўны лёзунг”.

Спадар: “Усе дыктатуры да часу стабільныя: стабільны кіраўнік, жабрацкія заробкі пры звыш стабільна высокіх спажывецкіх коштах, стабільна душаць ініцыятыву і свабоду, стабільна робяць правакацыі і прымітыўныя арышты”.
XS
SM
MD
LG