Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новая ЭВМ адкрывае клясу асабліва магутных і эфэктыўных машын”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 14 жніўня ў розныя гады мінулага.

“Nowe Zycie” ў 1927 годзе паведамляе аб выданьні сьпісу тэлефонных абанэнтаў Віленшчыны і акругі: “Колькасьць абанэнтаў істотна ўзрасла: Вільня цяпер налічвае 1.320 абанэнтаў; Баранавічы 148 тэлефонаў, Брэст над Бугам 200 абанэнтаў, тэлефонаў 350, Горадня 606 абанэнтаў, вольных нумароў 14, тэлефонаў больш за 650; Кобрынь 86 тэлефонаў, Ліда 120 тэлефонаў, Лунінец 56 тэлефонаў, Нясьвіж 42, Наваградак 75, Ашмяна 36, Пінск 116... З пункту гледжаньня тэлефоннага руху першыя месцы ў акрузе атрымалі гарады Вільня, Горадня і Брэст над Бугам”.

“Советская Белоруссия” ў 1997 годзе апавядае пра вылічальную машыну “ЕС-1060”: “Новая ЭВМ адкрывае клясу асабліва магутных і эфэктыўных машын. Напрыклад, яна па вытворнасьці заменіць сто вядомых ЭВМ “Менск-32”. На базе адной “шасьцідзясяткі” можна стварыць вылічальны цэнтар, які абслугоўвае цэлую галіну народнай гаспадаркі краіны. Бо “ЕС-1060” здольна адразу аказваць паслугі сотням прамысловых прадпрыемстваў, вырашаць для іх плянава-эканамічныя, статыстычныя ды інжынэрныя задачы любой складанасьці”.

“Культура” на гэтым тыдні 1997 году дае слова актору Барысу Плотнікаву, выканаўцу ролі Сотнікава ў фільме “Ўзыходжаньне”: “У Васіля Быкава за ўсёй знешне партызанскай гісторыяй ляжыць духоўнае, надчасавае, тое, што людзей аб’ядноўвае з пары ўзнікнення хрысціянства да нашых дзён. Вось чаму на Берлінскім фестывалі апрача галоўнага прыза “Залатога мядзведзя” нам уручылі яшчэ адзін прыз, які ў нашай краіне замоўчвалі. Гэта прыз каталіцкага супольніцтва Заходняй Еўропы”.
XS
SM
MD
LG