Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежную літаратуру па-беларуску друкуюць у асноўным недзяржаўныя выдавецтвы


Галіна Абакунчык, Менск Сёлета ў Беларусі выйшаў больш як дзясятак найменьняў кніг замежных аўтараў у перакладах на беларускую мову. Большая частка гэтых кніг – пераклады польскіх аўтараў. Знаўцы рынку сьцьвярджаюць, што да 90 % усёй замежнай літаратуры па-беларуску друкуюць у Беларусі недзяржаўныя выдавецтвы.

Сярод найбольш прадуктыўных выдаўцоў замежнай літаратуры –недзяржаўнае выдавецтва Ігара Логвінава. Толькі ў сэрыі “Чэская калекцыя” там надрукаваныя дзьве і рыхтуюцца да выхаду пяць кніг чэскіх аўтараў.

Замежная літаратура ў руках “недзяржаўнікаў”

Пра іншыя рэалізаваныя праекты расказвае Ігар Логвінаў:

“Сёлета выходзілі зборнік “20 польскіх апавяданьняў”, анталёгія беларуска-нямецкіх тэкстаў “Лінія фронту”, анталёгія дзіцячай польскай паэзіі “Каляровая карова”, кніга сучаснага ізраільскага пісьменьніка Этгара Керата ў перакладзе з іўрыту “Кіроўца аўтобусам, які хацеў стаць Богам”, а таксама іншыя творы замежных аўтараў”.

Значная колькасьць замежнай літаратуры па-беларуску выходзіць у сэрыі “Літаратурная скарбонка” незалежнага выдаўца Зьмітра Коласа, а таксама ў выдавецтвах “Радыёла-плюс” і “Про Хрысто”.

Працягвае сэрыю клясыкі замежнай літаратуры і грамадзкае аб’яднаньне “Беларускі кнігазбор”. Пра іншыя праекты гаворыць выканаўчы дырэктар гэтага выдавецтва Генадзь Вінярскі:

“Буніна рыхтуем, Дастаеўскага, Франсуа Жакмэн у перакладзе на беларускую мову”.

Як паведамляюць незалежныя выдаўцы, творы замежных аўтараў па-беларуску яны друкуюць пры фінансавай падтрымцы амбасадаў замежных краінаў ці дзякуючы прыватнай фінансавай дапамозе. З гэтай ды іншых прычынаў замежная літаратура па-беларуску выходзіць малымі накладамі, кажа Генадзь Вянярскі:

“Гэтая літаратура не камэрцыйная. Гэта літаратура не таго палёту, які патрэбны сёньня. Па-першае, беларускага чытача мала. Па-другое, часта людзі хочуць чытаць штосьці лёгкае. А гэта авангардная літаратура, яна чытача свайго тут амаль ня знойдзе, адзінкі”.

Дзяржава ад кнігавыданьня дыстанцыюецца

Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, якое працягвае друкаваць сэрыю “Скарбы сусьветнай літаратуры”, мае фінансавую падтрымку дзяржавы. Тым ня менш да 90 % замежнай літаратуры па-беларуску друкуюць менавіта незалежныя выдаўцы.

Гаворыць адзін з аўтараў-перакладчыкаў, паэт Андрэй Хадановіч:

“Сёлета сымпатычны перакос адбыўся ў кірунку польскай літаратуры. Выдадзена кніга Рафала Ваячка “Мёртвы сэзон”. З клясыкаў XX стагодзьдзя – Бруна Шульц і Яраслаў Івашкевіч. Дзьве кнігі з сучаснай польскай літаратуры. Яскравым было выданьне кнігі кароткіх навэляў сучаснага ізраільскага празаіка Этгара Керата. Некалькі кніжак нямецкай прозы ў перакладзе Васіля Сёмухі: Кляўс Ман, Густаў Майрынк. Зь фінскай літаратуры выйшаў Міка Валтэры. Таксама зьявіўся Імануіл Кант у перакладзе Лявона Баршчэўскага.

То бок невялікія незалежныя выдавецтвы, такія як Ігара Логвінава, Зьмітра Коласа,“Радыёла-плюс” ды некаторыя іншыя, выдалі замежных аўтараў за год больш, чым дзяржаўная “Мастацкая літаратура”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG