Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд беларускага сеціва 13-га жніўня


Юлія Шарова, Менск Інтэрнэт-рэсурс “Трэці шлях” --> http://www.3dway.org/node/7369 публікуе артыкул, у якім разглядаецца магчымы лёс беларускага КДБ пад кіраўніцтвам новага шэфа Юр’я Жадобіна:

“КДБ пашырыцца й пашырыць свае паўнамоцтвы за кошт падпарадкаваньня Жадобіну Службы бясьпекі прэзыдэнта й перадачы ў КДБ апэратыўных структураў і спэцпадразьдзяленьняў, якія працуюць у сэктары апэратыўна-вышукавай дзейнасьці... Такім чынам, Аляксандар Лукашэнка будзе абаронены ад магчымасьці выкарыстаньня нейкай зь сілавых структураў для правядзеньня намэнклятурнага перавароту. Відавочна адно: за новым кіраўніком у КДБ больш ня будзе анэкдатычных шпіёнскіх “разборак”, гісторыяў з дыпляматамі-геямі, грузінскімі тэрарыстамі й падохлымі пацукамі на БТ; паказальных адловаў малалетніх апазыцыянэраў і барацьбы з мультфільмамі. Будзе разважлівая, удумлівая й сур’ёзная праца ўва ўсіх кірунках. Генэрал Жадобін (такая ўжо ягоная ўнутраная сутнасьць) дакладна выканае пажаданьні Лукашэнкі: структура будзе дзейнічаць вельмі эфэктыўна, але пры гэтым ціха й незаўважна. КДБ сыдзе ад імітацыі актыўнай дзейнасьці й зоймецца сур’ёзнымі задачамі нацыянальнай бясьпекі й абароны існуючай сыстэмы ўлады”.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць інфармацыю агенцтва Прайм-ТАСС: аршанскі бровар могуць прадаць з аўкцыёну цераз завінавачанасьці. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“А што, няхай бы якія літоўцы ці палякі выкупілі на корані, пакуль момант зручны... Дык не, як заўсёды за нядорага які-небудзь расеец набудзе й будзе сваю “нафтавытворную” бурду рабіць кшталту “Балтыкі”.

“Лепей бы вытворчасьць квасу наладзілі”.

“Даводзілася каштаваць аршанскае піва – дакладней, гэта не зусім піва ці нават зусім ня піва... Нават горшае за “Крыніцу”. Вось, дарэчы, апошняя й прыходзіць на памяць – прадавалі ўжо неяк бровар. І хто цяпер гэты набудзе, пасьля інцыдэнту з “Крыніцай”?”

На сайце belarys.com зьявіўся топ-100 найбольш папулярных сярод беларускіх карыстальнікаў сайтаў. На першым месцы апынуўся расейскі паштовы партал mail.ru, апошні ў сьпісе – сайт pogoda.by.

Блогерка Каліласка схадзіла на экскурсію на аглядальную пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі. Вось крыху уражаньняў: “...на галоўным уваходзе ў касе набываеш квіток, а потым бегаеш вакол бібліятэкі з крыкамі: дзе ж гэты чортавы панарамны ліфт?! Але нават калі вы гэты славуты ліфт знойдзеце – ня вельмі радуйцеся. Ліфт забарыкадаваны цётухнай-адміністратарам і замкнёнымі дзьвярыма з таблічкай “Без запрашэньня не ўваходзіць”. (...) Самае цікавае, што ёсьць у гэтай экскурсіі, – гэта шкляны ліфт. У ім страшна. (…) А на даху сьпёка й духата. І клюмба з камянёў. І распалены вецер. І пасядзець няма дзе, гледзячы на любімы горад. І славутае шкло, празь якое нічога не відаць. Уласна, там увогуле нічога не відаць – стаіць яна неяк невыгодна. Нават фільгармоніі не відаць, але помнік на плошчы Перамогі мы разгледзелі. А вось калі адтуль фатаграфаваць Менск, дык гэта як пару дамоў сярод лесу. А тыя чорненькія кропачкі каля іх – гэта ня людзі, а вельмі нават злыя галодныя мядзьведзі”.

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG