Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўспрымаюць дагэтуль леўшуноў “непаўнавартаснымі”


Ігар Карней, Менск 13 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень леўшуноў, які з ініцыятывы брытанскага руху за правы “левых” (але не камуністаў) набыў свой цяперашні статус 15 гадоў таму. Адна з мэтаў ініцыятывы – зьвярнуць увагу вытворцаў абсталяваньня на такі нюанс: разам са звыклым асартымэнтам трэба вырабляць і прадукцыю пад леўшуноў, якіх у сьвеце ня так і мала. Паводле ўсясьветнай статыстыкі, на плянэце каля паўмільярда людзей, у якіх “працоўныя канечнасьці” – левыя.

За савецкім часам зь леўшунамі пачыналі змагацца ў школе. Як расказвае ляўшун ад прыроды Алег Трусаў, фармальнай падставай да перавыхаваньня было тое, што дзеці-леўшуны супярэчаць сутнасьці адукацыйнага працэсу, найперш самому паняцьцю “чыстапісаньня”: немагчыма штосьці напісаць у сшытку левай рукой і пры гэтым не размазаць чарніла.

“Добра памятаю, як мяне перавучвалі пісаць правай рукой, – расказвае Алег Трусаў. – Бо калі чалавек пісаў левай, на яго ўсе зьвярталі “нездаровую” увагу, зь яго кпілі. Пісаць перавучылі, але ўсё астатняе я й цяпер раблю левай. Калі быў на зборах, усе зьдзіўляліся, што гранату кідаю левай рукой, зь пісталета левай страляю. Але такім чынам я стаў чалавекам з “двума рукамі”.

Адзіная ў мяне дагэтуль хіба – блытаю павароты. Была вялікая праблема, калі я кіраваў машынай, – гэта перашкаджала ў войску. Неяк ішлі ўзводам (я зь цяжкім кулямётам), на загад “нале-ва” я павярнуў направа, за мяне пачалі чапляцца і ўвесь узвод урэшце заваліўся. Сцэна на вайсковым пляцы была вельмі цікавая”.

Затое, кажа Алег Трусаў, ён можа адначасова двума малаткамі забіваць цьвікі, што незаменна падчас будаўнічых работ.

Выдаткі перавыхаваньня: дзе лева, дзе права?

Усясьветная прамысловасьць вельмі сьціпла рэагуе на патрэбы леўшуноў. Практычна ўсё сучаснае абсталяваньне разьлічана на праўшуноў, што часта прыводзіць да траўмаў леўшуноў на вытворчасьці.

Тым ня меней мінімальная колькасьць леўшуноў па ўласнай волі пераходзіць у лягер “апанэнтаў”. Журналіст Юрась Навуменка кажа, што прымусовае “перавыхаваньне” вядзе да “разбалянсаваньня” унутранага стану. Перадусім начыста дэфармуецца паняцьце пра левы і правы бакі, і бальшыня запамінае напрамкі... па гадзіньніку на руцэ. Пра тое, што ён “не такі”, як астатнія, Юрась Навуменка таксама даведаўся ў школе:

“Маіх бацькоў выклікаў клясны кіраўнік і з намёкам на стан майго псыхічнага здароўя наўпрост заявіў: маўляў, з вашым сынам штосьці ня тое адбываецца. Бацькі зьдзівіліся: што значыць “ня так”? “Дык вось: ён левай рукой спрабуе пісаць!”... Чаму “спрабуе?” Таму што ў выніку школа ўсё ж прымусіла мяне пісаць правай. Але гэта адзінае, што я раблю правай рукой. Ува ўсім астатнім я па-ранейшаму ляўшун. Я маляваў у мастацкай школе левай рукой, гуляў у футбол, адбіваючы мяч левай нагой і г.д”.

У Юрася Навуменкі ад часу перавыхаваньня гэтаксама зьявілася свая “фішка”: ён можа адначасна пісаць двума рукамі два розныя тэксты.

Леўшуноў перасталі лічыць “недаробленымі”?

Пасьля таго, як шарыкавыя асадкі паступова выціснулі чарнільныя, зь леўшунамі амаль не змагаюцца. 10-гадовая Ганна кажа, што праблемаў з-за сваёй “левізны” ня мае: нават калі настаўніца першы раз убачыла, што тая піша левай рукой, супраць не была.

Ганна: “Ад нас сапраўды нічога асаблівага не патрабуюць...”

Карэспандэнт: “А калі паспрабаваць пісаць правай рукой? Атрымаецца?”

Ганна: “Лепш, вядома, левай. Вельмі зручна левай. Правай? Не. Я спрабавала, але не атрымліваецца ўсё роўна. Думаю, вельмі цяжка перавучыцца было б”.

Карэспандэнт: “А дзеці нармальна ставяцца да таго, што пішаш “ня так”? Не сьмяюцца?”

Ганна: “Ды не, яны ўжо прызвычаіліся”.

Карэспандэнт: “А ёсьць яшчэ хтосьці ў клясе, хто піша левай рукой?”

Ганна: “Не, няма, я адна”.

Беларускіх леўшуноў пакінулі ў спакоі

У Міністэрстве адукацыі пацьвердзілі: цяпер леўшуны аддадзеныя на водкуп сям’і. “Перарабляюць” толькі тых, каго перадусім бацькі хочуць бачыць “правабаковымі”. Між тым, паводле мэдыкаў, працэс пераарыентацыі ня вельмі пажаданы для чалавека, які зьявіўся на сьвет з крыху іншым успрыманьнем рэаліяў.

А вось псыхолягі здольнасьці леўшуноў ацэньваюць нават вышэй, чым звычайных праўшуноў. Перадусім леўшуны маюць хуткую рэакцыю і лепшую здольнасьць да назапашваньня інфармацыі.

Сярод леўшуноў шмат творцаў і пасьпяховых спартоўцаў. “Эліту” леўшуноў складаюць такія ўсясьветна вядомыя асобы, як Чарлі Чаплін, Альбэрт Айнштайн, Пабла Пікаса, Пол Макартні, Джымі Гэндрыкс, Мэрылін Манро, Роналд Рэйган, Біл Клінтан ды іншыя. Яшчэ адзін ляўшун, лідэр кубінскай рэвалюцыі Фідэль Кастра, якраз сёньня адзначае дзень нараджэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG