Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыка актывізуе мозг і спрыяе прадказаньням


Сяргей Шупа, Прага У нэйрабіёлагаў Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ўзьніклі новыя ідэі наконт таго, як музыка ўплывае на мазгі. Так, яны лічаць, што музыка можа абвастраць здольнасьць мазгоў канцэнтраваць увагу. А гэтым можа тлумачыцца як наагул узьнікла музыка.

Група дасьледнікаў у Стэнфардзе з дапамогай мэтаду магнітна-рэзананснай тамаграфіі дасьледавалі працэсы ў мазгах добраахвотнікаў, калі тыя слухалі музыку Вільяма Бойса, музыканта эпохі позьняга барока.

Дасьледнікі знайшлі музыку зь некалькімі самастойнымі закончанымі часткамі і назіралі за працай мазгоў як падчас гучаньня музыкі, гэтак і падчас паўзаў. Музыка Бойса была абраная таму, што яна малавядомая, аднак гучыць вельмі знаёма.

У выніку дасьледаваньня выявілася, што музыка актывізуе ўчасткі мазгоў, якія адказваюць за канцэнтрацыю ўвагі і фармаваньне прадказаньняў.

Навукоўцы са зьдзіўленьнем адзначылі, што пік мазгавой актыўнасьці прыпадаў на моманты, калі музыкі замаўкалі – паміж паасобнымі часткамі твораў.

Паводле дасьледнікаў, гэтыя “моманты прадчуваньня” ўзьнікаюць як у музыкаў, гэтак і ў слухачоў – калі ў іх падсьвядома нараджаюцца папярэднія ўяўленьні аб тым, што будзе гучаць далей.

Паводле прафэсара музыкалёгіі Джонатан Бэргер, які працаваў разам з нэйрабіёлягамі, згаданае дасьледаваньне пралівае сьвятло на ўзьнікненьне музыкі як такой. Музыка ўзьнікла і разьвілася таму, што яна абвастрае здольнасьць мазгоў прадбачаць падзеі і падтрымліваць увагу.

Аднак Бэргер – ня першы, хто спрабаваў адказаць на пытаньне – адкуль узялася музыка.

Некалі яшчэ Чарлз Дарвін выказаў меркаваньне, што першабытныя людзі, у якіх яшчэ не была разьвітая мова, ўжывалі музыкападобныя гукі каб прывабіць адно аднаго.

Ня так даўно археоляг Чарлз Мітэн разьвіў гэтую здагадку Дарвіна ў выдадзенай у 2006 годзе кнізе “Сьпевы нэандэртальцаў: Паходжаньне музыкі, мовы, розуму і цела”. Ён мяркуе, што музыка дапамагала першабытным людзям ня толькі прывабліваць, але й суцяшаць адно аднаго. Маці разьвівалі музыку, каб супакойваць расплаканых дзяцей, а групавыя сьпевы ўзмацнялі пачуцьцё сацыяльнай салідарнасьці.

Вядома ж, Дарвін і Мітэн базавалі свае здагадкі на вывучэньні выкапаных археолягамі чарапоў і костак. Матэрыялы магнітна-рэзананснай тамаграфіі – гэта ўжо зусім іншая песьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG