Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады пачалі наступ на палітычныя партыі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 10 жніўня).

За кароткі час ужо трэцяя палітычная партыя аказалася пад пагрозай пазбаўленьня легальнага статусу. Якая прычына гэткай пільнай увагі уладаў да партый? Чаму менавіта гэтыя арганізацыі сталі аб’ектам перасьледу? Якія юрыдычныя падставы знаходзяць улады дзеля прыпыненьня дзейнасьці партый?

Удзельнікі: юрыст Сяргей Альфэр і сакратар Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган.

Якія прычыны ціску на партыі?

Валер Карбалевіч: “Ціск на грамадзянскую супольнасьць, пазбаўленьне легальнага статусу ейных структур – такая агульная тэндэнцыя палітычнага жыцьця Беларусі. Але ж, здаецца, апошнія гады дзяржаўныя органы не чапалі партый. Калі не лічыць ліквідацыі ў 2004 годзе Партыі працы. Галоўным аб’ектам рэпрэсій былі грамадзкія арганізацыі, незалежныя газэты.

І вось цяпер пачаўся наступ на партыі. Прыпынена дзейнасьць Партыі камуністаў беларускай (ПКБ). Рыхтуецца ліквідацыя Беларускай экалягічнай партыі зялёных. Цяпер улады пачынаюць праверку Жаночай партыі “Надзея”. Дзе палягае прычына такой асаблівай увагі ўладаў да палітычных партый?

Сяргей Альфэр: “Што тычыцца ПКБ, то ўвага на яе была скіравана год ці паўтара таму. Ува ўладных структурах зьявіліся пляны аб’яднаць дзьве камуністычныя партыі пад лэйблам Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), якая праводзіла палітыку падтрымкі рэжыму. Аднак практычная рэалізацыя ідэі была зроблена дрэнна. Дзеяньні мясцовых вэртыкальнікаў і арганізацый КПБ былі ня толькі незаконныя, але, на маю думку, патрабавалі крымінальнага разьбіральніцтва зь людзьмі, якія займаліся ажыцьцяўленьнем гэтага пляну.

Аб’яднаць дзьве партыі не атрымалася. І ўлады вырашылі адпомсьціць. Міністэрства юстыцыі сабрала дакумэнты, перадало іх у Вярхоўны суд. І дзейнасьць ПКБ была прыпынена.

Беларуская экалягічная партыя зялёных самараспусьцілася. Таму не зразумела, навошта яе зачыняць з падмогай Вярхоўнага суду.

Жаночая партыя “Надзея” патрапіла ў тыя жорны, што й ПКБ. Думаю перасьлед адбываецца з тае прычыны, што яна, разам з ПКБ, знаходзіцца ў саюзе левых партый. Бліжэйшым часам дзейнасьць Жаночай партыі “Надзея” ніхто прыпыняць ня будзе. Бо належыць даць партыі пэўны час на выпраўленьне заўваг Міністэрства юстыцыі.

Галоўная праблема гэтай партыі, як і іншых апазыцыйных партый, –вынайсьці сабе юрыдычныя адрасы. Уладам вельмі лёгка чыніць у гэтым перашкоды. Вось на падставе недахопу арганізацыйных структур партыя можа быць зьліквідавана.

Але з 17 існуючых сёньня партый у добрай паловы не хапае ні адпаведнай колькасьці сябраў партыі (1 тысяча чалавек), ні арганізацыйных структур. Тым ня менш, улада іх не чапае. Таму што большасьць зь іх – ляяльныя да дзейнага рэжыму”.

Чаму менавіта гэтыя партыі сталі аб’ектам перасьледу?

Карбалевіч: Ці ёсьць нейкі прынцып выбару ахвяр? Да прыкладу, Беларуская экалягічная партыя зялёных, Жаночая партыя “Надзея”– ня вельмі ўплывовыя. А Партыя камуністаў – адна з чатырох самых моцных у Беларусі партый. Дык чаму такія розныя, з гледзішча грамадзкай значнасьці, партыі сталі аб’ектам перасьледу?

Алена Скрыган: “Найперш трэба адзначыць, што ўлады робяць наступ на левы флянг дэмакратычных сілаў. Аб’яднаньне левых партый у саюз выклікае занепакоенасьць уладаў, бо яны баяцца канкурэнтаў на сваім электаральным полі. Мяркую, з мэтай супрацьдзеяньня левым апазыцыйным сілам цяпер пачалі ствараць арганізацыю “Белая Русь”.

Больш за год доўжыўся працэс прыпыненьня дзейнасьці ПКБ. Новая рэдакцыя закону аб палітычных партыях дае ўладам куды больш шырокія магчымасьці чыніць перашкоды дзейнасьці партыяў. Дастаткова цягам году двойчы партыю пісьмова папярэдзіць – і зьяўляецца падстава для яе ліквідацыі. Пагроза ліквідацыі навісае над кожнай партыяй, дачынна якой будзе палітычная замова.

Самае хваравітае месца для партый – гэта юрыдычны адрас, пра што й казаў сп. Альфэр. Нават калі той адрас ёсьць, узьнікае пытаньне: чаму ніхто пастаянна не знаходзіцца на месцы. А калі й сядзіць там хтосьці, – дапытваюць, ці захоўваюцца менавіта ў гэтым памяшканьні дакумэнты, пячатка. Калі ж і гэта ўсё ёсьць, – мусіць быць атрыманы дазвол пажарнікаў. З наяўнасьцю ў партыі, прыкладам, і гэткага запатрабаванага дазволу – высьвятляюць, ці маецца дазвол санстанцыі. І гэтак бясконца. З такіх вось матывацый можна партыю папярэдзіць, прыпыніць, зьліквідаваць”.

Якія юрыдычныя падставы прыпыненьня дзейнасьці партый?

Карбалевіч: “Ці сапраўды новая рэдакцыя закону аб палітычных партыях дае ўладам больш шырокія магчымасьці для перашкод дзейнасьці партый? Якія прававыя падставы знаходзяць улады, каб спыніць дзейнасьць партый? Да чаго зазвычай чапляюцца?”

Альфэр: “Якраз я – адзін з аўтараў альтэрнатыўнага закону аб палітычных партыях, адрынутага ўладамі. Закон, распрацаваны Міністэрствам юстыцыі, з майго меркаваньня, парушае канстытуцыйныя нормы, што гарантуюць свабоду аб’яднаньняў. Ён не адпавядае міжнародным прававым нормам. Новы закон вельмі жорстка рэгулюе дзейнасьць партый, значна пашырае магчымасьці іх ліквідацыі”.

Скрыган: “Пакуль ліквідавалі нашу партыю, у працэсе суду зьмяніліся патрабаваньні Міністэрства юстыцыі. Спачатку хацелі зьліквідаваць ПКБ на падставе, нібыта, няправільных сьпісаў членаў партыі.

У гэтым зьвязку хачу асобна адзначыць мэтады праверкі членства ў партыі. Напрыклад, Міністэрства юстыцыі падало ў суд акт аднаго зь сельсаветаў Шклоўскага раёну. Дакумэнт падпісаны старшынём і сакратаром сельсавету, а таксама жанчынай, якую змусілі заявіць, што яна не зьяўляецца членам ПКБ. Гэткага кур’ёзу, напэўна, не здаралася ў гісторыі партыйнага будаўніцтва. Прынамсі, я пра такое ніколі ня чула. Пры тым, жанчына тая піша заяву, што насамрэч яна зьяўляецца членам партыі.

Але тыя дакумэнты ўсё-ткі падаліся сумнеўнымі. Таму за ноч Міністэрства юстыцыі падрыхтавала новыя. Патрэбныя паперы былі пададзены абласнымі ўпраўленьнямі юстыцыі, і ў іх ужо акцэнтавалася пытаньне юрыдычных адрасоў партарганізацый. Урэшце гэта й сталася юрыдычнай асновай для прыпыненьня дзейнасьці ПКБ.

Дарэчы, дакумэнты з патрабаваньнямі да ПКБ выправіць недахопы нагадваюць пастановы КПСС. У іх фігуруюць фармулёўкі такога кшталту: “узмацніць”, “палепшыць” (арганізацыйна-партыйную работу, улік членаў партый і інш). Незразумела, як выканаць такія неканкрэтныя рэкамэндацыі”.

Ці зьвязаны наступ на партыі з набліжэньнем выбараў у Палату прадстаўнікоў?

Карбалевіч: “Магчыма, уладам замінае легальны статус партый напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў? Ці дае насамрэч легальны статус нейкія дадатковыя магчымасьці апазыцыі падчас выбарчай кампаніі?”

Альфэр: “Калі выбары не адбудуцца датэрмінова, то думаю, цяперашні наступ ня зьвязаны з выбарчай кампаніяй. Паводле закону, партыя можа вылучыць кандыдатаў на дэпутата па тых акругах, у якіх знаходзяцца юрыдычныя адрасы ейных структур. Але ў Беларусі мала апазыцыйных партый, якія маюць шмат зарэгістраваных структур. Большасьць апазыцыйных кандыдатаў будуць вылучацца шляхам збору подпісаў. Акрамя таго, прыпыненьне дзейнасьці партыі не дазволіць вылучаць сяброў у выбарчыя камісіі”.

Скрыган: “Сапраўды цяперашнія рэпрэсіі можна зьвязаць з выбарамі толькі тады, калі яны адбудуцца датэрмінова. Наша партыя заўсёды вылучала кандыдатаў двума спосабамі. Па-першае, практыкуецца вылучэньне ад партыі. У нас дастаткова структур, каб можна было вылучаць кандыдатаў на дэпутатцтва, у выбарчыя камісіі, назіральнікамі на ўчасткі. Па-другое, вылучэньне можа ажыцьцяўляцца шляхам збору подпісаў. Як правіла, вылучэнцаў праз партыйныя арганізацыі цяжэй не зарэгістраваць, бо напрацаваны ўжо добры досьвед падрыхтоўкі адпаведных дакумэнтаў”.

Што можа супрацьпаставіць апазыцыя?

Карбалевіч: “Якая можа быць тактыка апазыцыі ў гэтых умовах. Ці маюцца хоць якія магчымасьці супрацьстаяць уладам?”

Альфер: “Першае – трэба інфармаваць беларускую грамадзкасьць пра парушэньне ўладамі асноўных правоў грамадзян. Другое – інфармаваньне ўсясьветнай грамадзкасьці. Міжнародны рэзананс, салідарнасьць таксама пэўным чынам уплываюць на беларускія ўлады”.

Скрыган: “Мы ўсё роўна будзем працаваць. Чаго ня можа рабіць партыя, дзейнасьць якой прыпынена, будуць рабіць сябры партыі – як грамадзяне. Безумоўна, мы інфармуем пра створаную тут сытуацыю сяброўскія партыі ў Эўропе.

Таксама трэба змагацца за зьмену закону аб палітычных партыях. Сумесная праца і ўзаемная падтрымка даюць сілу выстаяць”.

Карбалевіч: “Такім чынам, зважаючы на ўсё адбыванае, можна выснаваць, што ўлады пачынаюць чарговую зачыстку палітычнай прасторы. Спробы прыпыненьня дзейнасьці партый сьведчаць пра намаганьні ўлады пазбавіць апазыцыю легальнага статусу, загнаць яе ў падпольле, зьмінімізаваць магчымасьць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG