Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Дзеці многіх чыноўнікаў патрапілі толькі на платную форму навучаньня”


Радыё Свабода, Менск Завяршылася ўступная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Студэнтамі сталі больш за 75 тысяч чалавек, зь іх 31 тысяча будзе навучацца на бюджэтнай форме. Самы высокі конкурс быў на спэцыяльнасьць дызайн у Белдзяржунівэрсытэт – 14,8 чалавекі на месца. Самы высокі прахадны бал – на спэцыяльнасьць лінгвакраіназнаўства – 360 балаў.

У цэлым і Міністэрства адукацыі, і кіраўніцтва ВНУ новымі правіламі прыёму цалкам задаволены: значна скарацілася колькасьць скаргаў, апэляцый у прыёмныя камісіі, зазначае намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук.

“Сыстэма, што сёньня рэалізуецца, цалкам выконвае задачы, якія ставіліся пры яе ўкараненьні: аб’ектыўнасьць, справядлівасьць, роўныя ўмовы і празрыстасьць. Сёньня ніхто па блаце ня можа ўмяшацца ў вынікі ўступнай кампаніі. І дзеці многіх чыноўнікаў прайшлі толькі на платнае навучаньне”.

На дзённую бюджэтную форму навучаньня прынята 23 тысячы студэнтаў. Гэта крыху менш, чым летась, – кажа намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук:

“Лічбы прыёму сёлета былі скарочаны на 700 чалавек. Мы скарацілі прыём на спэцыяльнасьці групы “права” на 15%, на спэцыяльнасьці групы “эканоміка” на 18% і на некаторыя пэдагагічныя спэцыяльнасьці на 25%”.

Затое павялічыўся прыём на некаторыя тэхнічныя, інжынэрныя, будаўнічыя спэцыяльнасьці, на якія ўзрос і конкурс: трэба было набраць ня менш за 300 балаў. У сярэднім прахадны бал на тэхнічныя спэцыяльнасьці павялічыўся на 30–50 пунктаў параўнальна зь леташнім. На прэстыжныя спэцыяльнасьці (да прыкладу, на лінгвакраіназнаўства ў БДУ) прахадны бал павялічыўся на 30 пунктаў і склаў 360 балаў, на міжнародныя адносіны – 356 балаў. На кітайскую мову ў Лінгвістычны ўнівэрсытэт прахадны бал быў 342. І хоць абітурыенты ды іхныя бацькі скардзяцца на цяжкасьць заданьняў цэнтралізаванага тэставаньня, намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук кажа:

“На шэраг спэцыяльнасьцяў прахадны бал складае 350–360 балаў. Па 80–90 балаў набіраюць абітурыенты. Гэта сьведчыць пра тое, што тэсты па складанасьці аптымальныя. Далей зьніжаць складанасьць тэстаў няма сэнсу – інакш мы наблізімся да лічбы 400”.

У той жа час па 11-ці з 14-ці прадметаў, па якіх праводзілася цэнтралізаванае тэставаньне, сярэдні бал склаў 41–44 пункты, кажа намесьнік міністра Аляксандар Жук:

“Толькі па матэматыцы, фізыцы і гісторыі Беларусі ён трохі ніжэйшы. Па гэтых трох прадметах Інстытуту кантролю ведаў даручана дапрацаваць склад тэставых заданьняў”.

Сёлета амаль на 18 тысяч павялічылася колькасьць абітурыентаў, якія абралі беларускую мову.

“Рускую мову здавала сёлета каля 120 тысяч абітурыентаў; 80 тысяч здавала беларускую мову. Вось вам паказчык рэальнага балянсу”.

Сёлета ў ВНУ 885 чалавек залічана па-за конкурсам. Гэта дзеці-сіраты, інваліды. Студэнтамі сталі больш за 2,5 тысячы чарнобыльцаў. Колькасьць студэнтаў зь сельскай мясцовасьці склала 18%.
XS
SM
MD
LG