Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: Віктар Парначоў пад хатнім кантролем міліцыі


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня адзін з баранавіцкіх актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Віктар Парначоў знаходзіцца пад хатнім кантролем міліцыянтаў. Яго затрымалі і склалі адміністрацыйны пратакол за напісаньне палітычных графіці. Юнаку загадана заставацца дома і не адключаць свайго тэлефону.

Супрацоўнікі баранавіцкай міліцыі затрымалі Віктара Парначова ўначы 10 жніўня. Яго абвінавацілі ў датычнасьці да надпісаў на будынку гарадзкога суду – “Спыніць перасьлед “Маладога фронту!” і “Спыніць перасьлед дэмакратычнай моладзі!” Пасьля ператрусу асабістых рэчаў быў зроблены ўзор фарбы з балёнчыка, што меў Віктар.

Парначоў кажа, што цяпер знаходзіцца пад хатнім кантролем міліцыі: назаўтра ўвечары яго зноў выклікалі ў Баранавіцкае ГУУС, дзе склалі пратакол.

“Загадалі не адключаць тэлефону. Кажуць: “Мы табе патэлефануем, калі будзеш нам патрэбен”.

Цікаўлюся ў Віктара, ці былі ў яго раней канфлікты зь міліцыянтамі?

“Не, гэта першае затрыманьне. Яны кажуць: “Давай, “каліся! У такім разе табе нічога ня будзе. Заплаціш штраф – і ўсё будзе добра. А калі не, то пойдзеш ты, хлопчык, у турму!”

Праваабаронца з Баранавіч Сяргей Гоўша заяўляе, што ціск міліцыі на Віктара Парначова – незаконны:

“Па тэлефонным званку зь міліцыі да іх ісьці не абавязкова. Павінна быць пісьмовая позва”.

Сяргей Гоўша мае дачыненьне да юрыдычнай абароны баранавіцкіх “маладафронтаўцаў”, у тым ліку – Яраслава Грышчэні. Крымінальная справа гэтага юнака накіравана днямі ў Баранавіцкі суд. Меркаваньне юрыста Сяргея Гоўшы:

“Ува ўсёй краіне чыніцца ціск на сябраў “Маладога фронту”. Арганізацыю не рэгіструюць незаконна, па-першае. І не даюць ёй працаваць. Дый папросту запалохваюць маладых людзей. Каб сядзелі ціха і не варушыліся. Гэты ціск быў трохі паменшаў – у сувязі з тым, што Эўразьвяз адмяніў для Беларусі гандлёвыя прэфэрэнцыі. Але цяпер усё аднавілася”.

Баранавічы: маладафронтаўца затрымалі за графіці “Спыніць перасьлед МФ” 11.07.2007

Малады фронт пад крымінальным перасьледам 10.07.2007
XS
SM
MD
LG