Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Станцыя пераліваньня крыві пачула патрабаваньні донараў


Радыё Свабода, Магілёў Кіраўніцтва магілёўскай станцыі пераліваньня крыві заявіла, што зьвернецца да мясцовай улады, афіцыйных прафсаюзаў ды адміністрацыяў прадпрыемстваў з просьбай аказаць падтрымку донарам. Неабходнасьць такога звароту прадыктавана скасаваньнем значнай часткі льгот. Донары-страйкоўцы лічаць гэта сваёй чарговай перамогай.

Сваім зваротам кіраўніцтва Магілёўскай станцыі пераліваньня крыві спадзяецца знайсьці сродкі на частковую кампэнсацыю донарам скасаваных льгот – дзеля заахвочаньня людзей, якія застаюцца донарамі.

Гаворыць галоўны лекар Магілёўскай станцыі пераліваньня крыві Барыс Гальдынбэрг: “Мы думаем, калі дзяржава ня ў стане аказаць такое судзеяньне ў цэлым, то тэрыторыі могуць пайсьці насустрэч. Калі ў людзей забіраюць і нічога не даюць замест – гэта кепска, гэта цяжка перанесьці. Мы мяркуем, што так можна зьмякчыць гэткую вось сацыяльную праблему”.

Кіраўніцтва станцыі спадзяецца найперш на афіцыйныя прафсаюзы.

“Мы зьвернемся да прафсаюзаў, каб яны падчас заключэньня калектыўнай дамовы ўлічвалі ролю донараў у дабрабыце насельніцтва і ахове ягонага здароўя. Каб ганаровыя донары атрымлівалі нейкія дадатковыя прэміі, заахвоты. Некаторыя льготы былі ўскладзены на наймальніка: атрыманьне донарамі льготных пуцёвак, таксама адпачынкаў у зручную для іх пару году”, – зазначае Барыс Гальдынбэрг.

Лідэр магілёўскіх донараў-страйкоўцаў, старшыня аргкамітэту стварэньня фонду донараў “Кропля жыцьця” Ігар Каваленка задаволены гатовасьцю кіраўніцтва Станцыі пераліваньня крыві бараніць правы донараў.

“Мы лічым, што тую надбаўку да пэнсіі 40-працэнтную, якую мы адстаялі, і гэты вось зварот Станцыі пераліваньня крыві – гэта яшчэ адна наша перамога. Думаем, што ў нас будзе яшчэ не адна такая перамога. У нас наперадзе шмат працы ў стварэньні фонду. Я думаю, што да 17 сьнежня, пакуль набудзе сілу закон, мы яшчэ нешта зробім для сваіх донараў і сваіх людзей” – разважае Ігар Каваленка.

Спадар Каваленка кажа: шмат хто з супрацоўнікаў станцыі – таксама донары, таму яны бароняць і свае інтарэсы.

17 сьнежня мусіць набыць сілу закон “Аб упарадкаваньні льгот”. Ён прадугледжвае скасаваньне сацыяльных гарантый для інвалідаў, вэтэранаў вайны і працы, студэнтаў ды школьнікаў.

Супраць скасаваньня льгот у чэрвені магілёўскія донары праводзілі тыднёвы папераджальны страйк. У выніку актыўных дзеяньняў донарам пакінулі 40-працэнтную надбаўку да пэнсіі.

• Магілёў: донарам пакінулі надбаўку да пэнсіі, 06.08.2007
XS
SM
MD
LG