Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рэпартэры бязь межаў" крытыкуюць падыход Палаты прадстаўнікоў да СМІ


Радыё Свабода Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпартэры бязь межаў" асудзіла нядаўняе рашэньне камісіі ў правах чалавека і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якая адхіліла запыт Беларускай асацыяцыі журналістаў. БАЖ прасіў камісію разгледзець на адпаведнасьць Канстытуцыі 10-ы артыкул дзейнага закону аб СМІ.

Гэты артыкул патрабуе ад СМІ атрыманьня дазволу мясцовых уладаў на разьмяшчэньне на іх тэрыторыі. Некалькі гадоў ўлады выкарыстоўваюць артыкул 10 для ціску на незалежныя мэдыі, фактычна блякуючы іх дзяржаўную рэгістрацыю.

Менавіта гэтае палажэньне закону дазволіла ў 2005 годзе закрыць газэту "День", сёлета яно выкарыстоўвалася як пагроза пазбаўленьня рэгістрацыі ў адносінах да "Нашай нівы" і "Віцебскага кур''ера".

"Рэпартэры бязь межаў" адзначаюць, што пасьля апошняга рашэньня парлямэнцкай камісіі шанцы на перагляд рэпрэсіўнага 10-га артыкула закону аб СМІ становяцца мінімальнымі.

"Улады вызначаюць мэту гэтага артыкула як падзел паўнамоцтваў паміж цэнтральным урадам і рэгіёнамі. На справе ж улады выкарыстоўваюць артыкул 10 як інструмэнт ціску і перасьледу СМІ, якія разглядаюцца імі як няўгодныя", – заявіла з гэтай нагоды праваабарончая арганізацыя "Рэпартэры бязь межаў".

Тым часам журналісцкія арганізацыі Таджыкістану і Расеі заклікалі таджыцкага прэзыдэнта Эмамалі Рахмона не падпісваць новага закону аб сродках масавай інфармацыі, які б дазваляў судам адпраўляць у турму журналістаў, калі іх прызнаюць вінаватымі ў паклёпе ці зьнявазе. Гэта тычыцца і паведамленьняў, зьмешчаных у Інтэрнэце.

Нацыянальная асацыяцыя незалежных журналістаў Таджыкістану і базаваны ў Маскве Цэнтар Экстрэмальнай журналістыкі напісалі таджыцкаму лідэру зварот з просьбай не падпісваць закону, які супярэчыць міжнародным нормам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG