Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньнне “Свабоды”: Ці лічаць гарадзенцы Беларусь стабільнай дзяржавай?


Міхал Карневіч, Горадня Паводле штогадовага індэксу нестабільных краін за 2007 год, зьмешчанага амэрыканскім зьнешнепалітычным часопісам “Foreign Policy”, самай нестабільнай дзяржавай у Эўропе прызнана Малдова: яна заняла 48-е месца. Усяго ў рэйтынгу 60 краін. Іх выбіралі на аснове дасьледаваньня 12-ці палітычных, вайсковых і сацыяльных паказчыкаў. На 51-й пазыцыі знаходзіцца Беларусь. Да самых нестабільных дзяржаў сьвету прылічаны таксама Судан, Ірак і Самалі. Ці лічыце Вы Беларусь стабільнай дзяржавай? З такім пытаньнем да мінакоў на вуліцах Горадні зьвяртаўся наш карэспандэнт.

Хлопец: “Так, стабільнай лічу, але наша краіна рухаецца ў невядома якім кірунку. Па-мойму, патрэбна больш свабоды беларускаму народу й меней заціскаць яго рознымі дэкрэтамі”.

Спадарыня: “Палітычна – напэўна. Мне здаецца, што ўлада ў нас вечная. А вось што датычыць эканомікі, то, канечне, краіна наша нестабільная”.

Карэспандэнт: “А чаму вы так думаеце?”

Спадарыня: “Таму што цэны растуць значна, а заробак не павялічваецца. І калі нават Лукашэнка параўноўвае: маўляў, і ў Эўропе гэткія ж цэны, – ён жа нічога ня кажа пра эўрапейскія заробкі”.

Спадар: “Не відаць. Няма яе. Яна “працуе” на паперах, па радыё, у газэтах, але ў жыцьці ўсё па-іншаму. Дураць галаву – дый усё”.

Спадар: “Ды ўсё навокал зачыняецца. Чуў, што ўжо віза ў Польшчу будзе каштаваць 60 даляраў. Я наагул не разумею, з чаго выплочваюць пэнсіі, – усё толкам не працуе. У кіраўніцтва заробкі высокія, а ў рабочых – ніякія. Вось на гэтым усё й трымаецца”.

Спадар: “Па-мойму, усё стабільна. І ўраджай высокі сабралі. Прэзыдэнт прыяжджаў да нас у вобласьць Значыцца, усё добра”.

Дзяўчына: “Думаю, што не. Заціскаюць нас з усіх бакоў. Расея мае вельмі значны ўплыў і ад яе шмат залежыць. Ніхто ня ведае, што заўтра будзе. Сёньня праблема з газам. А заўтра?.. Таму ня думаю, што наша краіна стабільная”.

Спадар: “Калі паглядзець на сацыяльны бок і параўнаць з Расеяй, то ў нас стабільнасьці болей. А вось наша мадэль эканомікі, на жаль, патрабуе зьменаў. Параўнайце з Швэцыяй, Нідэрландамі – у іх значна вышэйшы ўзровень жыцьця”.

Хлопец: “Ня вельмі то яна й стабільная. Валюта ў нас, да прыкладу, не стабільная: расьце даляр, эўра. Дый законы ў нас часта мяняюцца. А гэта таксама сьведчыць пра нестабільнасьць у краіне”.

Спадар: “Ну, канечне, стабільная. Нават цяжка адшукаць іншую дзяржаву з такою стабільнасьцю”.

Карэспандэнт: “Што вы маеце на ўвазе?”

Спадар: “А гэта вы ўжо разумейце, як самі думаеце...”

Хлопец: “Стабільнай не лічу. Я разумею, што мы існуем у таталітарнай дзяржаве. Я часта бываю за мяжой і мне ёсьць з чым параўноўваць. А тут ня ведаеш, што будзе з табой і з краінай заўтра...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG