Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алан Вайсман: “Калісьці ўся Эўропа была падобнай да Белавескай пушчы”


Алена Струвэ, Менск Кніга арызонскага ўнівэрсытэцкага прафэсара і вольнага журналіста Алана Вайсмана “Сьвет бяз нас” (The World Without Us," by Alan Weisman, 2007, Thomas Dunne Books, St. Martin''s Press, New York, 325 pages, indexed, hard cover, $24.95.) выйшла ў Ню-Ёрку на пачатку году і неўзабавае стала бэстсэлерам у ЗША і Канадзе. Выданьне мае як друкаваную, так і DVD-вэрсію.

У гэтым творы вядомы амэрыканскі макраантраполяг ставіць гіпатэтычнае пытаньне: што будзе зь Зямлёй, калі яе раптам, у выніку якіх-небудзь акалічнасьцяў, пакінуць людзі. Вайсман абмяркоўвае сытуацыю з экспэртамі -- палеантолягамі, інжынэрамі, геолягамі, эколягамі. Таксама прапануе чытачам падарожжа ў Белавескую пушчу – адзін з самых унікальных помнікаў “некранутай прыроды”, і ў Чарнобыльскую зону, ня менш унікальны помнік найбуйной тэхнагеннай катастрофы ХХ стагодзьдзя.

Продкі аўтара “The World Without Us” – артадаксальныя габрэі з поўдня Беларусі. У адным зь мястэчак цяперашняй Чарнобыльскай зоны нарадзіўся таксама й бацька Алана Вайсмана. “Хто мог падумаць – гаворыць амэрыканскі макраантраполяг – што зямля, адкуль пайшлі твае карані, некалі такая квітнелая, аднойчы застанецца безь людзей…” Алан Вайсман зьвяртаецца да чытачоў з наступнымі словамі: “Уявім сабе, што чалавецтва нейкім чынам раптам зьнікне зь Зямлі. Як хутка прападуць і ўсе прыкметы існаваньня чалавецтва? Якім чынам будзе адбывацца працэс распаду матэрыяльнай культуры чалавека – што зьнікне адразу, а што захаваецца празь мільён гадоў?”

Алан Вайсман мадэлюе працэс з дапамогай кампутарнай анімацыі. У якасьці ілюстрацыі ён прапануе гэтак званую шкалу часу і паказвае на ёй, як з адсутнасьцю чалавека можа зруйнавацца такі мэгаполіс, як Ню-Ёрк. “2 дні пасьля зьнікненьня людзей. Без пастаяннага перапампоўваньня вады ню-ёрскае мэтро будзем цалкам затоплена. 7 дзён. Ядзерныя рэактары гараць і плавяцца, бо не працуюць ахаладжальныя водныя сыстэмы. 4 гады. Безь цяпла дамы і офісы пачынаюць разбурацца. 100 гадоў. Дахі ўсіх дамоў цалкам зруйнаваны, ідзе паскораны працэс самаразбурэньня будынкаў. 500 гадоў. На месцы Ню-Ёрку глухі лес. 100 000 гадоў. Канцэнтрацыя вуглякіслага газу ў атмасфэры вяртаецца да даіндустрыяльнага ўзроўню. “Магчыма мы, людзі, перашкаджаем гэтаму сьвету”, – не выключае Вайсман. Паводле арызонскага прафэсара, “біялягічная варыянтнасьць ёсьць там, дзе няма людзей”. Аўтар ілюструе сваю думку ўражаньнямі ад наведаньня Белавескай пушчы, якую называе “адным з апошніх фрагмэнтаў дзікай эўрапейскай прыроды”.

“Гэта прырода ўратавалася таму, што ў 14 стагодзьдзі вялікія князі літоўскія стварылі тут зону каралеўскага паляваньня. Белавескай пушчы ўдалося перажыць цароў, нацыстаў, Саветы… Сёньня вельмі цяжка ўявіць, што калісьці ўся Эўропа была падобнай да Белавескай пушчы”, – піша Алан Вайсман.

У той частцы кнігі, дзе гаворыцца пра наступствы Чарнобылю, аўтар зазначае: “Ёсьць доказы, што радыяцыя істотна скарачае працягласьць жыцьця жывёл. Аднак гэта імгненная рэакцыя прыроды на ўмяшаньне ў яе. З іншага боку, у некаторых маленькіх грызуноў у выніку ўзьдзеяньня радыяцыі настае больш раньняе сэксуальнае разьвіцьцё. Прырода выжывае шляхам падвышанай папуляцыі некаторых сваіх відаў. Зямля здольная да аднаўленьня. А Чарнобыль хоць і страшэнная, аднак не безнадзейная зьява”, – рэзюмуе арызонскі прафэсар і журналіст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG