Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтае “адно акно” бокам людзям выходзіць


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 10 жніўня, пятніца. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадар: “Пра тэлефанаваньні. Дзіўна атрымліваецца, калі старыя марудна балбочуць незразумела што ў слухаўку, дык іхняе мармытаньне ідзе цалкам у эфір, а хто жвава выказваецца, дык іх меркаваньні і думкі абрэзваюць ды скарачаюць, а з гэтага скажаецца першасны сэнс тэлефанаваньня. Дык што – у вас ёсьць свае падстаўныя, хто кожны дзень балбоча на патрэбную тэму? Мясцовая карупцыя дабралася і на Свабоду? Толькі вось куды – у Прагу ці Менск? Калі ў Менск, дык напішам у кнігу скаргаў альбо напусьцім дзяржкантроль. А калі ў Чэхію, дык выклічам Кандалізу Райс, няхай разьбярэцца, куды ідуць амэрыканскія грошы. Знойдзем і на вас свабоду. А лепш за ўсё, як сказаў хтосьці па тэлефоне, трэба працаваць на жніве. Так што да сустрэчы на бліжэйшым полі альбо ў таку. А што слухаць? Дык хаця б Радыё Рацыя.”

Слухач: “Ня ведаю, як каму, а мне асабіста вельмі спадабалася інтэрвію спадарыні Сучок, старшыні Берасьцейскага абласнога суду пра забарону на ўезд некаторым катэгорыям беларускіх чыноўнікаў. Асабліва першая фраза: “Хреновая в Америке демократия…”. Ня ведаю як у яе, а асабіста ў мяне у ВНУ была такая дысцыпліна, як “культура мовы”.

Слухач: “Я магу параіць простай дзяўчыне – проста тэлефанаваць на Свабоду і выказваць свае меркаваньні на розныя тэмы. У званках на Свабоду, як я заўважыў, часьцей удзельнічаюць людзі сярэдняга і сталага веку, а хацелася б, каб гучалі і маладыя галасы. Моладзь у гэтым пляне, на жаль, не выяўляе асаблівай актыўнасьці.”

Аляксандар Яцкевіч, Віцебск: “Вельмі правільна напісаны ліст, здаецца, з Шаркаўшчынскага раёну, у якім пісалі пра дзяцінства прэзыдэнта. Вельмі ўсё правільна. У мяне такое ўражаньне, што спэцслужбы ў нас тым і займаюцца, што рукамі дзяцей робяць злачынства сярод дзяцей і тым самым хочуць паўплываць на бацькоў. Гэта ўсё робіцца і з маім сынам. Міліцыя робіць выгляд, што нешта дасьледуе, але хіба можна так абыходзіцца з малымі хлопцамі, як са сталымі людзьмі. Вельмі страшна тое, што зараз творыцца”.

Спадарыня: “Нехта зь Менску гаварыў, што вялікім сем’ям трэба памагаць. Я нічога супраць ня маю. Няхай нараджаюць. Людзі майго ўзросту, магу сказаць, абортаў не рабілі і нарадзілі толькі па аднаму, па двое. А якая наша краіна? Запушчаная, абабраная, галодная. З чаго гэтых дзяцей гадаваць? Зь людзей браць? Гэта недапушчальна, несправядліва, ня трэба гэтага. У нас хапае людзей”.

Ігар Пасноў, Віцебск: “Вельмі ўсьцешаны, што ваша радыё адпавядае свайму фармату – называецца “Свабода”. Дзякуй, што зачыталі мой ліст. Дзякуй за харошы, разумны камэнтар да ліста. Таксама хачу сказаць, што газэту “Народная Воля” я перастаў чытаць яшчэ калі яе вольна можна было набыць у любым шапіку. Пасьля таго, як прачытаў там брудную хлусьню і абразы на нашага прэзыдэнта. Такая глупота была напісана, што проста сорамна стала чытаць гэтую газэту. Проста агіду яна ў мяне стала выклікаць. Я нават ня ведаю прадаецца яна ў шапіках ці не, але, калі некаму трэба дастаць “Народную Волю” праблем, я думаю, ня будзе. Было б жаданьне. Дзякуй вялікі за ўвагу і за павагу да любога пункта гледжаньня. І, калі ласка, менш бруду, абразаў як у друку так і па радыё. Гэта крыўдзіць. Вазьміце любога чалавека, прэзыдэнт ён ці просты чалавек, непрыемна. Я лічу, што гэта непрыгожа і ня варта тых, хто гэта піша”.

Спадар: “У газэтах і па радыё прайшло такое паведамленьне, што Лукашэнка жахнуўся, як у нас палеглі палі. А ў Францыі яшчэ горшае надвор’е было, а хлеб стаіць. Палі каласяцца. Нарэшце, напрыканцы жыцьця, перад пэнсіяй, да яго дайшло, што трэба глядзець ня толькі на дарожкі, а паглядзець вось на гэта, калі ты хоць нешта разумееш і лічыш сябе спэцыялістам. Даўно гэта трэба было зразумець. Вось куды трэба было грошы кідаць – даўно трэба было закупіць больш якасныя гатункі. І гэтак літаральна ва ўсім. Вялікае гаспадараньне. Тое самае прыдумаў з сыстэмай “аднаго акна”. Гэтае “адно акно” бокам людзям выходзіць. Акрамя таго, што робіцца ўсё доўга, да месяца, дык яшчэ і плаціць нямала трэба. Ёсьць такія арганізацыі – ЖКГ, ЖЭСы . Раней іх паслугі былі бясплатныя. Толькі пазвані – прыходзяць, зробяць, без праблем. Цяпер – не датэлефанавацца. Зробяць няякасна, бо, як правіла, п’яныя ўсе. Гэта пад ягоным кіраўніцтвам. І плаціць трэба. Вось вам і ўсё кіраўніцтва.”

Спадар: “Вельмі цяжка ідзе наша беларуская прадукцыя. І з кожным днём яна будзе прадавацца ўсё горш. У глыбінку Расеі панапіхвалі, дык там усё бяруць. Бо яна таньнейшая, хай сабе і ня надта якасная. Але, відаць, там у іх вельмі складанае становішча. Але і там хутка гэта перапыніцца. Прадукцыя наша ня будзе прадавацца, і становішча народу стане значна больш складаным. Трэба прагрэсіўныя тэхналёгіі. Трэба закупляць тэхніку, ствараць новыя магчымасьці, абнаўляць вытворчыя фонды. Гэта аснова асноваў. Вось гэта створыць у Рэспубліцы стабільную эканамічную аснову. Вось толькі тады можна паралельна рабіць справы, якія абсалютна ні на што не ўплываюць. А гэтага няма. Гэта страшна. Прайдзіце на прадпрыемствы, паглядзіце – дабітае ўсё. А ён загадаў заняцца продажам. Але гэта загад, адміністраваньне. Гэта не спрацуе, хоць ты лопні! Нейкі час Беларусь пратрымаецца. А потым ён сыдзе, ці яго сыдуць, і той, хто прыдзе, за галаву возьмецца, паглядзеўшы, што творыцца на вытворчасьці. А ён скажа – вось калі я быў, было нармальна”.

Слухач: “Цікава, а колькі зерня закупіць беларускі рэжым у гэтым годзе?”

Спадарыня: “Ня ведаю, ці існуе на самой справе той дзіцячы доктар зь Віцебску, які даслаў свой ліст на Свабоду і які жыве, як у выраі. Але дазвольце праз вашае радыё запытацца ў гэтага чалавека, чаму ягоныя калегі за кавалак каўбасы, як ён сам кажа, рызыкуюць сваёй працай, маёмасьцю, свабодай і імем, нарэшце? Па другое, няўжо ў гэтай краіне мала тых, хто крадзе вагонамі, што супрацоўнікам Дзяржбясьпекі ды Дзяржкантролю больш няма за кім ганяцца, акрамя як за паўжабракамі? Што ж мы за народ? Чаму мы, зноў жа, за кусок каўбасы гатовыя зьнішчыць адзін аднаго?”

Спадар: “Мяне цікавіць пытаньне: як склаўся лёс былога антыкарупцыйнага дакладчыка Сяргея Антончыка? Што ён зараз робіць?”

Слухач: “Калі Лукашэнка быў у Кітаі, яму далі ў крэдыт мільярд даляраў, як ён сам сказаў, пад сьмешны адсотак. Але лічбу не назваў. Мяне цікавіць: калі ён будзе па частках аддаваць гэтыя даляры – зараз, ці зь якога часу?”

Андрэй, Пінск: “ Нарэшце, наш прэзыдэнт распарадзіўся аплаціць за газ. Хаця плаціць трэба заўжды своечасова. Напрыклад, калі я 25-га чысла кожнага месяца не заплачу за тэлефон, дык 26-га мне яго адлучаць. Тое самае з аплатай за камунальныя паслугі: калі своечасова не заплаціць, дык будзе расьці пеня. Так што і за газ плаціць трэба своечасова, а не ствараць штучныя канфлікты. І яшчэ адна навіна – пэнсіянэрам, нарэшце, павысяць пэнсію на 7% . Нарэшце, прэзыдэнт, у так званым, эканамічным цудзе, знайшоў некалькі адсоткаў для пэнсіянэраў. А пэнсіі, між тым, не падвышаліся з восені мінулага году. Хоць генэралам і палкоўнікам на іх заробкі грошы знаходзіліся заўжды. Я маю на ўвазе КДБ. Генэралы і палкоўнікі КДБ, карыстаючыся такім апекаваньнем прэзыдэнта, атупелі, і цяпер яны ўжо выклікаюць незадавальненьне ў самога прэзыдэнта. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як трэба траціць народныя грошы. Не аддаваць іх тым, хто сядзіць у кабінэтах, якія і так ужо жывуць у раскошы. Трэба больш увагі надаваць простым людзям: пэнсіянэрам, інвалідам, донарам, студэнтам” .

Спадар: “Вось паказваюць: Лукашэнка скардзіцца, што яго не пускаюць за мяжу. А чаго яму ехаць з “навуковага камунізму” ў гнілы капіталізм? Няма чаго там вучыцца гнілому капіталізму. І крыўдаваць няма чаго. Ён жа быў старшынём. Чаму ж ён не паставіў на ногі калгас, а загнаў яго ў тупік? Палез вышэй. І вось чыноўнікам падвысіў заробкі ў некалькі разоў, а пэнсіянэрам толькі на 7 адсоткаў – сьмеху варта”.

Ларыса, Менск: “ Калі задаюць пытаньне – што хоча Расея? – дык людзі на вуліцах беларускіх гарадоў у адзін голас гавораць, што Расея хоча праглынуць Беларусь. Мы ў залежнасьці ад Расеі ўжо даўно. Яна фінансавала нашу эканоміку, і мы з удзячнасьцю атрымлівалі вялікія грошы, а калі яна адмовілася, дык тут мы і пачалі кусаць тую руку, якая нас фінансавала. Не прывучылі нас да самастойнасьці. У Менску ідзе вялікая будоўля. Дамы растуць, як грыбы. Многія незаселеныя стаяць гадамі. Кажуць, што там кватэры скупаюць грамадзяне Расеі, а нашы грамадзяне стаяць у доўгіх чэргах многія гады. Так гэта ці не?”

Спадар: “ Дзяўчынка, ня слухай нікога. Вучыся. Стань пісьменнай. Атрымай прафэсію. Стань спэцыялістам, калі ты хочаш дапамагчы радзіме. Сама сябе будзеш забясьпечваць. І будзеш разьбірацца ў палітыцы, у эканоміцы. Трэба найперш атрымаць адукацыю, каб жыць варта. Таксама раю – пасьпяхова выйсьці замуж, нарадзіць дзяцей, выхоўваць іх харошымі людзьмі. Вось вырашыце гэтыя дзьве праблемы. І тады вы зразумееце, што можна зрабіць, каб эканоміка і палітыка нашай дзяржавы была моцная. І больш нікога ня слухайце. Вырашайце гэтыя праблемы.”

Уладзімер, Полацк: “Аказваецца, па многіх эканамічных паказчыках Беларусь даўно дагнала Заходнюю Эўропу, а мы гэтага нават ня ведалі. Канечне, гэта не мая выдумка. Пра гэта ў адным са сваіх выступаў заявіў наш правадыр. Ня ведаю, адкуль у Аляксандра Рыгоравіча такая інфармацыя. Я ведаю толькі адно – калі мы ў чымсьці і дагналі Заходнюю Эўропу, дык у коштах. І хутка па гэтым паказьніку мы яе перагонім. І ўсё гэта адбываецца пры нашых мізэрных заробках. Яны ў нас больш, чым у 10 разоў ніжэйшыя, чым у іх. Толькі пра гэта наш правадыр сарамліва змоўчаў”.

Слухач: “Ёсьць думка, як разьлічыцца беларусам за энэрганосьбіты за жнівень, а можа і болей: прадаць “бацькаў” “боінг” і шыкоўныя “мэрсы”. Усё роўна прэзыдэнту і ягоным паплечнікам забароненыя палёты ў цывілізаваныя краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG