Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчукін пачаў жабраваць


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Віцебску 65-гадовы праваабаронца Валеры Шчукін зноў зьбірае ахвяраваньні грамадзянаў на выплату маральнай шкоды Тацьцяне Буевіч. З раніцы ён “жабраваў” на пераходным мосьце праз чыгунку побач з пад’ездам дома, дзе жыве Буевіч.

“Цяпер я буду гэта рабіць штодзень", – паведаміў Радыё Свабода спадар Шчукін.

Гісторыя дачыненьняў Валерыя Шчукін і Тацьцяны Буевіч пачалася ў часе мінулых выбараў у мясцовыя саветы, калі тая выконвала абавязкі сакратаркі пры старшыні абласной выбарчай камісіі.

“Менавіта Буевіч перашкаджала мне трапіць на адкрытае паседжаньне гэтай камісіі, а пасьля зьвярнулася ў суд са скаргай, што нібыта я яе абразіў. У чэрвені суд прысудзіў сплаціць ёй 250 тысяч рублёў за “маральную шкоду", – гаворыць Валеры Шчукін.

На месцы “жабраваньня” Валерыя Шчукіна ўжо затрымлівалі міліцыянты. Але пасьля кароткай гутаркі і праверкі тэксту ўлёткі са зваротам да людзей праваабаронцу адпусьцілі. Жабраваць у Беларусі пакуль не забаронена.
XS
SM
MD
LG