Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Усе рэлігіі строга сачылі і сочаць, каб чалавек не паўстаў на поўны рост”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 13 жніўня ў розныя гады мінулага.

“Советская Белоруссия” ў 1947 годзе паведамляе з пракуратуры БССР: “Рабочыя тытунёвай фабрыкі ў горадзe Менску Гамбэрг Аляксандар, Арцюхоў Віктар, Лук’янава Надзея і Качкарова Клаўдзія падчас працы скралі з набіўнога цэху фабрыкі 2.400 штук папярос. На падставе арт.2 Указу ад 4 чэрвеня 1947 году “Аб крымінальнай адказнасьці за крадзёж дзяржаўнай і грамадзкай маёмасьці” Менскім абласным судом асуджаны: Гамбэрг — на 15 гадоў, Арцюхоў — на 12 гадоў, Лук’янава і Качкарова — на 10 гадоў зьняволеньня ў папраўча-працоўных лягерах”.

На старонках “Вечернего Минска” ў 1977 годзе навуковы супрацоўнік А.Чуднікава даводзіць: “Усе рэлігіі строга сачылі і сочаць, каб чалавек не паўстаў на поўны рост, не асэнсоўваў уласнага сапраўднага прадвызначэньня. Бо, іначай, бог яму ня будзе патрэбен. Яны прыдушваюць у людзях найбольш каштоўнае — волю, пачуцьцё ўласнай годнасьці, веру ў сябе, сеючы ўзамен гэтага смутак і безвыходнасьць... Такая псыхалягічная ўстаноўка за адзіную мэту бачыць тое, каб зрабіць чалавека прыдатным для бога, а не для людзей, для шчасьця”.

“Знамя юности”, год 1987. Начальнік Віцебскага АУУС Мечыслаў Грыб прызнаецца: “Нам даводзіцца сустракацца са свайго роду кругавой парукай, калі жыхары, скажам, вёскі добра ведаюць, што суседзі гоняць самагон, але маўчаць. Часам нават дэпутаты, камсамольскія актывісты робяць выгляд, што іх хата — з краю. Ці не таму больш за 90 працэнтаў самагонаварэньня выяўлена супрацоўнікамі міліцыі? Хіба не зразумела, што без дапамогі грамадзкасьці мы ня зможам пакончыць са згаданай нясьцерпнай зьявай?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG