Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Мая Беларусь”: “Найлепшы беларускі турыстычны прадукт – Сьвятло Свабоды і фатаздымкаў на старонках нашай конкурснай галерэі!”


Радыё Свабода З аглядам 12-га фататыдня – вядучы Валер Дранчук. Ад серады да серады: 2 жніўня – 8 жніўня.

УДЗЕЛЬНІКІ:

Вадзім Паліна Грынчанка Dialog Валеры Казюмінскі Аксана Лунінец Сьвятлана Марчук Сяргей Міхальчук Яна Паўлюкавец Алесь Прышывалка Сяргей Пялеса Slava Вадзім Цітоў Кася Шумская Антон Якутовіч (эсэ ад пераможцы) Яраш

ПЕРАМОЖЦЫ ПАПЯРЭДНІХ 11 ТЫДНЯЎ

1 тыдзень: Кася Штырліц, Алесь Асіпенка, Аляксандар Кушнер 2 тыдзень: Аляксей Ажынскі, Людміла Пракопава, InSomnia 3 тыдзень: Юры Калбасіч, Сяржук Гудзілін, Уладзімер Урбановіч, Людміла Вітушкава 4 тыдзень: Кася Шумская, Slava, Аксана Лунінец 5 тыдзень: Вадзім Цітоў, Дзяніс Федарэнка, Валеры Казюмінскі 6 тыдзень: Дзьмітры Зяньковіч, Алеся Сідлярэвіч, Тацяна Мірановіч 7 тыдзень: Віталь Бразоўскі, Паліна Грынчанка, Вадзім Гайдалёнак 8 тыдзень: Ева Гілевіч, Minka, Сяргей Міхальчук 9 тыдзень: Уладзімер Ткачэнка, Сяргей Пялеса, Валярына (Валерыя Кустава) 10 тыдзень: Ганна Сырэль, Алена Лютко, Zorna 11 тыдзень: Зьміцер Бадзевіч (прыз гераіні сюжэта), Уладзімер Сяргееў, Антон Якутовіч

Да ўвагі пераможцаў і ўдзельнікаў фатаконкурсу “Мая Беларусь”

Хто не даслаў свае паштовыя адрасы, дашліце альбо скантактуйцеся з прыёмнай Менскага бюро "Свабоды" для ўдакладненьня стасункаў; тэлефон 280 35 24. Мусім асобна заўважыць, што ўдзельнікам фатаконкурсу зьяўляецца кожны, чыя праца (працы) выстаўляліся ў нашай галерэі. Дзякуй за клопат.

Сёньняшнія рубрыкі:

АГЛЯД ФАТАСКРЫНІ ЗДЫМАК ТЫДНЯ ЭСЭ АД ПЕРАМОЖЦЫ ЛІСТАВАНЬНЕ ТЭМА АД ВЯДУЧАГА (вандроўка на гару Сьвятую)

АГЛЯД ФАТАСКРЫНІ

Беларускі турыстычны прадукт – гэта Сьвятло вашых фатаздымкаў, сябры!

Сьвятло, паміж іншым, ня роўна вясёлкавае ды прыгожа-квяцістае ці бесклапотна ўсьмешлівае, чаго па-чалавечы ўсе мы не цураемся, асабліва летам. Сёньня, апроч іншага, згадваем сумную хроніку “невядомага Мазыра”, забыты помнік архітэктуры на “лініі” Брэсцкай крэпасьці, цэглу зруйнаваных маёнткаў для сабора ў Кобрыні, Дзяржынскую гару, якая пакуль ня стала Сьвятой, як ня стаў Койданавым горад Дзяржынск Менскай вобласьці. Але стае й вясёла сьветлага, будзе й пра зжатыя нівы і нават пра котку, што двойчы падала з вышаў – і хоць бы што.

Кася Шумская: “З хвілінаў, калі на чужыне я моўчкі стаяла ля Музэя акупацыі ў Рызе, а потым ля помніка Ахвярам камунізму ў Празе, пачынаецца мой аповед пра Беларусь”

Дзе мой край... У мінулым фатавыпуску Каця Мінтэль разважала: ён там, дзе жывуць патрыёты – тут, побач, сёньня. Гэта прамень свабоды. Сонца. Мой сьцяг.

Матыў Каці падхоплены. Гэта добра адчуваецца з апошняй пошты.

Ліст Касі Шумскай, аўтаркі ганараванай “валошкавай тэмы” чацьвертага тыдня: “Дзе мой край... – піша яна. – Ліпеньскія вандроўкі за мяжу пакінулі ў мяне надзвычай моцныя ўражаньні. Менавіта з хвілінаў, калі на чужыне я моўчкі стаяла ля Музэя акупацыі ў Рызе, а потым ля помніка Ахвярам камунізму ў Празе, пачынаецца мой аповед пра Беларусь.

Мой радзімы выток – з маленькага правінцыйнага горада, што на Прыпяці, горада майго дзяцінства, горада зьнявечанай свабоды й расстралянай годнасьці, якіх дзясяткі ці, пэўна, сотні на Беларусі... Мы, маленькія гімназісты, шмат шпацыравалі па плошчах ды ўзгорках горада, слухалі, што нам казалі: і пра маляўнічыя краявіды, і герояў-партызан, і працоўную славу... іншага мы й ня ведалі... Мае першыя, ужо дарослыя і Сапраўдныя ўражаньні ад невядомага мне Мазыра, дзе нарадзілася і жыву (Кася лекарка па прафэсіі – вяд.), адкрываюць мне схаваную, жудасную, іншую гісторыю Беларусі... Даўно хацелася закрануць гэту тэму, адлюстраваць яе ў фатаздымках, вось, нарэшце, спрабую гэта зрабіць. Здымкі пазбаўленыя сьвяточна-прыўзьнятага пачуцьця і настрою, магчыма, больш уласьцівых летняму конкурсу, але ж... і гэта мая Беларусь”.

(с) Кася Шумская Старонка схаванай Гісторыі (1)

“Сьвята-Міхайлаўская царква, 1760-75 гг., Мазыр Гомельскай вобласьці. Тут, у турме НКВД, у 1937-38 гг. было расстраляна каля 2 тысяч мазырчукоў. Можа, – піша Кася Шумская, – у тых неіснуючых сьпісах мне трэба шукаць і свайго прадзеда Шумскага І., якога родныя апошні раз бачылі ў 1937-м... Нехта, гледзячы на фотаадбіткі, успомніць і "Дарогу да Курапатаў" – менавіта мазырскія іконы распачынаюць фільм”.

(с) Кася Шумская Старонка схаванай Гісторыі (2) Вера, надзея

(с) Кася Шумская Старонка схаванай Гісторыі (3). У дворыку царквы: спыніся і прачытай

(с) Кася Шумская Старонка схаванай Гісторыі (4). Вечная памяць...

(с) Кася Шумская Старонка схаванай Гісторыі (5)

(с) Кася Шумская Старонка схаванай Гісторыі (6)

(с) Кася Шумская Старонка схаванай Гісторыі (7)

(с) Кася Шумская Старонка схаванай Гісторыі (8). "Мы зноў засталіся з нашымі мёртвымі сам-насам" (А. Лукашук)

Сяргей Пялеса: “Заканчваецца яшчэ адзін тыдзень фатаконкурсу "Свабоды", і я сьпяшаюся даслаць яшчэ хоць колькі сваіх здымкаў”

Чарговая пошта ад Сяргея Пялесы (прыз дзявятага тыдня).

(с) Сяргей Пялеса Кобрынскі касьцёл. Падчас жыцьця ў Кобрыне тут бываў Рамуальд Траўгут – генэрал і дыктатар паўстаньня 1863-64 гг. Месца вельмі сьцісла звязанае таксама зь сям’ёй Касьцюшкаў.

(с) Сяргей Пялеса Ружанскія гусі ў палацы Сапегаў

(с) Сяргей Пялеса Відок з мастка праз Мухавец на цэнтральную частку Кобрына. Справа Сьвята-Аляксандра-Неўскі сабор, збудаваны ў 1864-68 гг. з цэглаў канфіскаваных і зруйнаваных маёнткаў удзельнікаў паўстаньня 1863-64 гг. Будынак стаіць на брацкай магіле расейскіх жаўнераў, што пагінулі ў баі з напалеонаўскімі войскамі (1812).

(с) Сяргей Пялеса Краявід пасьля навальніцы

Сяргей Міхальчук: “Я разумею, што беларускi народ заслужыў усё тое, што зараз мае, заслужыў і Чарнобыль”

“Дасылаю на конкурс здымкi кляштара бэрнардынак, якi знаходзiцца на тэрыторыi Брэсцкай крэпасьцi, – піша Сяргей Міхальчук зь Берасьця. – Кляштар быу пабудаваны ў XVII ст. Пасьля там разьмяшчаўся вайсковы шпiталь. Зараз будынак у жудасным стане. Гiне на вачох. Я падыходжу да яго, нерашуча блукаю па калiдорах, гляджу на абшарпаныя сьцены з агiднымi надпiсамi, на бутэлькi ад «чарнiла», што трапляюць пад ногi, адчуваю невыносны смурод фэкалiяў i ня веру, што калiсьцi тут малiлiся манашкi. I разумею, што беларускi народ заслужыў усё тое, што сёньня мае, заслужыў і Чарнобыль. Можа, занадта жорстка, можа, ня маю рацыі? Тады паглядзіце на здымкі”.

(с) Сяргей Міхальчук Брэсцкая крэпасьць. Там, дзе маліліся манашкі (1)

(с) Сяргей Міхальчук Брэсцкая крэпасьць. Там, дзе маліліся манашкі (2)

(с) Сяргей Міхальчук Брэсцкая крэпасьць. Там, дзе маліліся манашкі (3)

(с) Сяргей Міхальчук Брэсцкая крэпасьць. Там, дзе маліліся манашкі (4)

(с) Сяргей Міхальчук Брэсцкая крэпасьць. Там, дзе маліліся манашкі (5)

(с) Сяргей Міхальчук Брэсцкая крэпасьць. Там, дзе маліліся манашкі (6)

Публікацыя-дэбют Сьвятланы Марчук зь Менску. Яна фатаграфуе і піша вершы, стварае сваю паэтычную гаму з выявы і слова. Удачы, Сьвятлана!

(с) Сьвятлана Марчук Мы выйдзем зь цемры на сьвятло

(с) Сьвятлана Марчук Сэрца, напоўненае сьвятлом

(с) Сьвятлана Марчук Касьцёл Святого Роха з двара Палаца мастацтваў, Менск

(с) Сьвятлана Марчук Сьвятло нацыі. Дворык БДУ, рэктарат. У засені дрэў стаяць помнікі-скульптуры гістарычным постацям: Гусоўскаму, Эўфрасіньні, Скарыне. Менск

(с) Сьвятлана Марчук Сьвятло і музыка на плошчы Якуба Коласа ў Менску

Свой здымак Сьвятлана дапоўніла такімі рыфмаванымі радкамі:

Паміж дамоў, машын і тлуму, Цераз гады і каламуць, Як вольныя паэта думкі, Сьвятло і музыка лятуць.

Сьвет вакол нас

“Лета натхняе, – чытаю ліст ад Паліны Грынчанкі. – Калі надвор''е пад мой настрой, выходжу з фатакамэрай ранкам у горад. Вялікі, тлумны і нецярплівы, Менск можа быць і вельмі лірычным, калі зірнуць на кожнага чалавека паасобку. На шчасьлівую студэнтку, што абараніла дыплём і дзеліцца радасьцю зь некім па тэлефоне. На старога, які назірае за хлопчыкам у пясочні, на мужчыну ў сквэрыку. Розныя думкі, пачуцьці, настрой... І ўсё гэта – раніца аднаго дня”.

(с) Паліна Грынчанка Раніца аднаго дня, Менск

(с) Паліна Грынчанка Раніца аднаго дня, Менск

(с) Паліна Грынчанка Раніца аднаго дня, Менск

“Нядаўна давялося назіраць за ходам жніва, – чытаю вестку ад Валера Казюмінскага, аднаго зь пераможцаў фатаконкурсу. – Захоплены жывой панарамай, зрабіў нават колькі кадраў, каб паслаць для вашых старонак. На невялікім полі – 15 гектараў – працавалі сем камбайнаў. Дзялянку жыта зжалі за гадзіну й дружна падаліся на новае поле. Я быў прыемна ўражаны: і зладжанай працай камбайнёраў, і разгорнутым краявідам уборкі. Адна справа, калі часам глядзіш па тэлевізары, і зусім іншая, калі ўсё адразу перад вачыма”.

(с) Валеры Казюмінскі Лічаныя імгненьні – і поле будзе зжатае да каласка

Гледзячы на гэты Ваш фатаздымак, сп.Валер, я ня мог ня ўспомніць і пра адно добрае правіла пры скошваньні збожжавых: напрамак руху агрэгатаў – ад цэнтра на пэрыфэрыю загона, што дае магчымасьць своечасова ўратавацца жывёлам і птушкам. У нашым выпадку, досыць красамоўным, боскае правіла праігнараванае. Часам на гэта ідуць сьвядома, знарок, каб загнаць жывое ў сьмяротны кут... На жаль, колькі ні прыглядаўся-цікавіўся, адваротных выпадкаў не спатыкаў на сваім жыцьці.

(с) Валеры Казюмінскі Дачнікі спыняліся і зь вялікай цікавасьцю назіралі “працэс” жніва

(с) Валеры Казюмінскі Малюнак зжатага поля (уздоўж трасы на аэрапорт Мінск-2)

Здымак ад Міколы Ілючука, які дэбютуе. Ён прапануе паміж скульптурай і сытуацыяй у Беларусі адшукаць паралелі (месца і аўтара твора Мікола не называе).

(с) Мікола Ілючук Пакуль у кайданах, але з надзеяй на перамогу

Яшчэ адзін дэбютант, які пажадаў назвацца Dialog.

(с) Dialog Могільнік кранаў у Менску

(с) Dialog Выйсьця няма? Другі мікрараён Вясьнянка

Яна Паўлюкавец: “Спрабую глянуць на сьвет, на побыт і штодзённасьць маёй Беларусі праз фатаздымкі птушак”.

(с) Яна Паўлюкавец Уважлівы позірк

(с) Яна Паўлюкавец Лебядзіны трохкутнік

(с) Яна Паўлюкавец На высьпе

(с) Яна Паўлюкавец Самота на скрыжаваньні

(с) Яна Паўлюкавец Кароткае непаразуменьне

Вясёлы ліст пра котку:

“Увосень будзе тры гады, як я падабрала ў ваколіцах Лысай Гары рыжую котку, – піша Аксана Лунінец. – Назвала яе Восень. Спачатку яна кінулася за птушкай з 9-га паверху і выжыла. А нядаўна – з 6-га – і аніводнай драпіны. Сапраўдная беларуска. І размаўляе на роднай мове. І такая ж гарачая, як лета 2007-га”.

(с) Аксана Лунінец bel_kotka@tut.by

І яшчэ адзін здымак, дасланы Аксанай раней. Таксама пра рыжую котку. Як напамінак, што яшчэ... ня восень.

(с) Аксана Лунінец Восеньскае люстэрка

Slawa з Магілеву: здымкі з майго акна.

(с) Slawa Апошні прамень

(с) Slawa Магілёўскі байкер. Не які-небудзь пазёрскі "глямурны" харлей, а сапраўдны true-агрэгат. Ведай нашых!

(с) Slawa Вушасты сабачка

Гэты зялёны конік-цвыркун прыскакаў да нас з самога Полацка. Прывітаньне ад Вадзіма Цітова.

(с) Вадзім Цітоў Нечаканы госьць. Ну, пакажы, як там у цябе атрымліваецца!

ЗДЫМАК ТЫДНЯ

Кветка Палесься: “Не затапчы!” (прыз – радыёпрымач)

Мінулы раз я прадставіў новае імя. Вадзім жыве за межамі Радзімы. Калі наведваецца дадому, шмат здымае, вандруючы па Беларусі. Распачатая сэрыя “Краявіды Палесься” з трох фатаздымкаў, якая зьвярнула на сябе ўвагу дасканаласьцю ўражаньняў аўтара і прадметнай чысьцінёю фіксаванай прасторы, сёньня мае ня менш пасьпяховы працяг, які і ўганараваны прызам. З двух публікацыяў я вылучаю тры працы Вадзіма як найбольш удалыя: “Неруш берага” (мінулы, адзінаццаты тыдзень) і сёньняшнія дзьве кампазыцыі “Кветка Палесься” й “Гарачы дзень”. На жаль, аўтар не падае больш дакладных геаграфічных зьвестак што да адзьнятых сюжэтаў (бераг якой ракі і што за мясцовасьць; што за кветка і на якой рацэ статак; дзе тая дзіравая страха з бусьлянкай ды інш.). Спадзяюся, Вадзім напіша пра гэта ў “Эсэ ад пераможцы”. А пакуль – мае віншаваньні.

Гледзячы на цудоўныя палескія краявіды Вадзіма (як і многія-многія іншыя на старонках нашага фатаконкурсу), тым часам падумалася, што гэта і ёсьць найлепшы нацыянальны беларускі турыстычны прадукт, які марна тужыцца стварыць сёньня ўлада. Бяда і трагедыя ў тым, што праўдзівае і каштоўнае найчасьцей не ўважаецца ці зьнішчаецца, а ствараецца жудасны эрзац і сурагат (я не выпадкова згадаў напачатку слова “лінія”, а ёсьць жа яшчэ “белавескія сафары”, пра якія смакавіта распавядаюць рупары сыстэмы, ды іншае).

(с) Вадзім Кветка Палесься

(с) Вадзім Палесьсе. Гарачы дзень. Паратунак

(с) Вадзім Палесьсе. Рыбак

(с) Вадзім Палесьсе. Грацыі

Тэматычны суплёт з чатырох здымкаў (прыз – радыёпрымач)

(с) Яраш Каля муру на цьвінтары касьцёла сьвятой Ганны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна

(с) Яраш Перад імшою ў касьцёле сьвятой Тройцы ў вёсцы Жодзішкі Смаргонскага раёна

(с) Яраш Каля барочнага звону ў мястэчку Сьвір Мядзельскага раёна

(с) Яраш У барбакане (прыбудове) колішняга касьцёла кармэлітаў у мястэчку Засьвір Мядзельскага раёна

Здымкі пераважна з розных кропак беларускай прасторы хораша склаліся ў адну тэму, што варта добрай адзнакі аўтару, які здолеў гэта заўважыць і зафіксаваць. “Ціхая” тэма выяўляе адметны побыт беларускай правінцыі. Вось як акрэсьліў свой плястычны суплёт сам аўтар: “Ровары розных калібраў і густаў, што стаяць на цьвінтарах, нагадваюць мне іхных гаспадароў – людзей рознага веку, часам пакручастага лёсу, і дарога, што вядзе да храма, сталася адной – для ровара і чалавека”.

Можа, Яраш зьвярнуў увагу на зьяву, што мае стацца ў грамадзтве чыстай традыцыяй: ехаць да храма заўсёды на ровары, гэткім адмысловым сьвяточным транспарце, зь якім можна параўнаць хіба вазок ці карэту.

Духмянае сонца (прыз – радыёпрымач)

(с) Алесь Прышывалка Духмянае сонца. Здымак зроблены на беразе Менскага мора

Сёлета ставала цяпла і дажджоў – трава расла на славу. Здымак удала сымбалізуе плёны зямлі й чалавека на карысьць свойскай жывёле. Вітамінны прадукт зімы сабраны, сфатаграфаваны і, спадзяёмся, зьвезены ў пуні. Доля працы аўтара здымка заахвочана. Віншую, Алесь, чакаем новага.

ЭСЭ АД ПЕРАМОЖЦЫ

Антон Якутовіч, адзінаццаты (мінулы) тыдзень. Здымкі зь сямейнага фотаархіву (1937): “Супраць плыні”, “Мэлёдыі Радзімы”.

(с) Антон Якутовіч Супраць плыні

“Здымак "Супраць плыні" нельга назваць выпадковым...”

“Дзякуй за аказаную ўвагу маім гістарычным здымкам. Гэта перамога нашай сям''і, перш-наперш – маёй прабабулі. Таму што ёй належалі фатаграфіі, а захавала іх мая бабуля.

Прабабулю звалі Апалонія Антонаўна. Яна нарадзілася ў заможнай польскай сям''і. Маладосць правяла ў сябе на радзіме, шмат вандравала, займалася спортам, у тым ліку веславаньнем, таму здымак "Супраць плыні" ніяк нельга назваць выпадковым. Больш за тое. Сьледам за шчасьлівым юнацтвам рушылі сур''ёзныя жыцьцёвыя выпрабаваньні. Пасьля таго, як бабуля пабралася з маім прадзедам і засталася ў Пінску, яе бацькі не хацелі гэтага прызнаць, палічылі шлюб няроўным становішчу іх сям''і.

Затым прадзеда рэпрэсавалі й саслалі на неруш у Казахстан. За ім адправілася і Апалонія Антонаўна. Жыцьцё там было невыносна суровым. Неўзабаве прадзед захварэў на рак і памёр. Прабабуля самастойна выхоўвала сына. Пасьля хвалі рэабілітацый, што прайшлі ў 1953 годзе, прабабуля вярнулася з сынам дахаты. Яе не зламалі гады ліхалецьця, яна працягвала актыўна жыць, пісала артыкулы ў газэту "Пінскі весьнік", на ўсё глядзела па-свойму і была сапраўды валявым чалавекам. Вось чаму я назваў здымак "Супраць плыні", бо толькі так і ня йнакш можна ахарактарызаваць складаны жыцьцёвы шлях гераіні здымка – маёй прабабулі.

Антон Якутовіч

ЛІСТАВАНЬНЕ

Юрасю В. Дзякуй! Убачымся праз тыдзень. Валеру М. З прапанаваных тэмаў усе цікавыя. Асабліва “АЭС у Беларусі”. Застаецца даслаць. Час дазваляе. Паўлу К. Працяг конкурсу не плянуецца. Будзе штосьці новае – сачыце за перадачамі, заходзьце на старонкі, падавайце ідэі.

ТЭМА АД ВЯДУЧАГА

“Я падымаўся не на Дзяржынскую, а на Сьвятую гару Беларусі – найвышэйшую кропку краіны і Менскага ўзвышша. З адчуваньнямі фізычна-геаграфічнага ўзыходжаньня я зьведаў таксама і адчуваньне маральнага “апусканьня”.

Адзін з вольных дзён прамінулага тыдня, які шчасьліва “супаў” з маім днём нараджэньня, я пакінуў усе свае справы і падаўся на Сьвятую гару. Адразу аддам належнае старонцы БелСЭ (1971), якая побач сучаснай назвы самай высокай кропкі Беларусі – 346 мэтраў над узроўнем мора – падае і ранейшую (да 1958 года). Было цікава разам зь іншым заадно адсачыць, як ствараецца “нацыянальны турыстычны прадукт” Беларусі, пра які ўсё часьцей ды часьцей чаўпуць і красамоўнічаюць беларускія ўлады. Ці дабіраюць густу і разуменьня, ці ёсьць у тым стваральнае зерне творчасьці, а не разбурэньне нацыянальнай прасторы, замена сапраўднага і каштоўнага – сурагатамі антыэстэтыкі? То хадзем і ўсё пабачым на месцы.

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (1). На будаўніцтва “аб’екта” не абвяшчалі тэндэр паводле праграмы ТАСІС, яго стварала мясцовае РСУ

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (2). Ці пацякуць сюды плыні турыстаў?.. Гэтае маё маўкліва-мінорнае пытанне засталося там, на гары

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (3). Перад тым, як увайсьці, я чамусьці доўга вагаўся.

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (4). З адчуваньнямі фізычна-геаграфічнага ўзыходжаньня я зьведваў таксама і адчуваньне маральна-эстэтычнага “апусканьня”. Аб’ект моцна нагадваў брацкую магілу другой паловы ХХ ст.

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (5). Дзьве вяршыні – Сьвятой гары і калгасна-саўгаснай сыстэмы

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (6) Мясцовае бюро рытуальных паслугаў, пэўна ж, вельмі старалася

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (7) Выгляд на саўгасную зернясушку, марэну, разараныя схілы ды блізкі мяшаны лес

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (8). На прыгожы камень (дзякуй тым, хто яго знайшоў і тут паставіў) я разаслаў свой ручнік-абярэг, паклаў кветак мясцовай флёры, каб крышку памэдытаваць ды разьвітацца з самым Высокім месцам Беларусі

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (9). Свой транспарт я красамоўна паставіў побач з новай аўтастаянкай. У будынку справа, падумаў я, можа, калі-небудзь адчыніцца гатэлік, музэй ці кавярня або ўсё разам.

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (10). Сувэрэнныя рубяжы Беларусі ахоўваюцца ўстаноўкамі супрацьпаветранай абароны, што разьмешчаны ў недалёкай ваколіцы, дзе я ня быў. Цікавей было пастаяць і паглядзець на парэшткі былой саўгаснай славы (сёньня гэтая іржавая маёмасьць належыць СВК “Маяк”)

(с) Валер Дранчук Сьвятая гара (11). Дарога назад. Палі канюшыны абапал шашы дарылі асалоду душы й замілаваньне вачам. Успомніў невялікае палатно А.Гараўскага “Канюшына цьвіце” (19 ст.) з заляў Нацыянальнага мастацкага музэя. Дыгіталь-палітру Апалінар Гіляравіч, пэўна ж, ня мог тады і ўявіць.

(с) Валер Дранчук Рэчка Вязенская (1). Маляўнічы зьезд-паваротка на палявую дарогу абяцаў нечаканыя ўражаньні. Так яно і сталася

(с) Валер Дранчук Рэчка Вязенская (2). Брод на рачулцы Вязенскай – левым прытоку Усы (басейн Нёмана). Ніякіх прыдарожных апазнавальных знакаў я, між іншым, ня ўбачыў ні тут, ні там, дзе пераяжджаў Усу

(с) Валер Дранчук Рэчка Вязенская (3). Я разбуўся й ступіў у сапраўдны Нацыянальны турыстычны прадукт. Хвалі рачулкі імгненна зьнялі стому і лёгкую млосьць (дзень быў гарачы), а сэрца забілася ад шчасьця і асалоды

(с) Валер Дранчук Рэчка Вязенская (4). Дно рачулкі было ўсланае дробнымі каменьчыкамі, а берагі зарослыя рачной мятай

(с) Валер Дранчук Рэчка Вязенская (5). Парэшткі былога мастка быццам сьведчылі, што Нацыянальны турыстычны прадукт спазьніўся прыкладна на стагодзьдзе. Трэба даганяць!

З пажаданьнем пераможнага сьвятла ў Вашых сэрцах і камэрах,

Валер Дранчук
XS
SM
MD
LG