Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У клюбе “Арэна” адбылася бойка зь міліцыянтамі


Радыё Свабода, Менск У 20 гадзін 20 хвілінаў у клюбе “Арэна” (вул.Талбухіна) быў гвалтоўна спынены канцэрт памяці вядомага ў Менску Ільлі Куркова па мянушцы "Сьмятана", які трагічна загінуў 40 дзён таму ва ўзросьце 19 год. Мусілі выступіць “Destroyers”, “F.I.A.”, “LimuZin”, “НаіСКАсок” ды іншыя.

Афіцыйнай падставай перапыненьня канцэрту сталася недакладнасьць даты ў гастрольным пасьведчаньні.

Людзі адмаўляліся пакінуць залю, скандавалі "A.C.A.B" (All Cops Are Bastards!). Потым пачалі выходзіць з клюбу, але працягвалі заставацца на падворку. Адбылося некалькі лякальных боек, паводле сьведкаў - справакаваных міліцыяй, але яны хутка скончыліся.

Праз 10 хвілін на падворак заехаў міліцэйскі "ўазік". У гэты час нехта выбіў знутры шыбу на лесьвіцы клюбу. Адначасова міліцэйскую машыну пачалі закідваць каменьнем.

Падчас інцыдэнту было арыштавана 5 асобаў, у тым ліку бубнач гурту «НаіСКАсок». На гэты момант супрацьстаяньне музыкаў ды моладзі супраць міліцыі скончылася.

На другім паверсе гэтага ж будынку адбывалася вясельле, паводле непацьверджаных дадзеных - дзяцей некага зь міліцэйскіх чыноў, паведаміў сэрвэр "Тузін гітоў".
XS
SM
MD
LG