Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народ на “Свабодзе”


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Пра наступствы “газавай вайны"

Іван Цімафейчык, вёска Мадзейкі Зэльвенскага раёну:

“Надыходу зімы я чакаю з жахам. Шматкватэрны дом, у якім жыву – пры школе, у нас адна кацельня. А школу зачыняюць, кацельню дэмантуюць. Цяпло ў маю кватэру падаваць ня будуць. Выжывай, як хочаш, а сканаеш – туды табе дарога.

З Зэльвенскай управы адукацыі ўжо даслалі дырэктыву – уладкоўвай “локальный обогрев своей квартиры…” А як, калі здароўем я вельмі слабы, інвалід, магчымасьці самому нарыхтоўваць дровы – ніякай…

Тое, што мы жывем у расквітнелай Беларусі – сумневу няма. Нават плякат па ўсіх гарадах і вёсках да Дня Рэспублікі расклеілі, на якім мапа Беларусі – уся ў квецені. Як жа тут пярэчыць? Але я, безабаронны, хутка на ўласнай скуры адчую ўсю гэту квецень, калі буду канаць ад сьцюжы ў халоднай кватэры.

Увогуле, да заняпаду і вынішчэньня даведзена ня толькі школа і прышкольныя будынкі. Раней у нашай мясцовасьці па сутнасьці выкарчавалі вытворчую сфэру: кароўнік ля вёскі Аўдзеявічы – зьнішчылі; там жа разбурылі сьвіран і цялятнік. Зачынілі фэрмы ў Забагоньні і Вішняўцы. Панішчылі дашчэнту памяшканьні ў былым панскім двары між Мадзейкамі і Савічамі. Паўсюдна скарчавалі стайні ды лазьні для люду. Давялі да разбурэньня двухпавярховік – адміністрацыйны будынак, што ля школы. Што гэта, калі ня росквіт? Росквіт, ды яшчэ які…”

Спадарыня:

“Як стаміліся мы ад гэтай трагікамэдыі – газавы канфлікт з Расеяй. Нядаўна кіруючы наш крычаў, што не прадасьць газаправод, а саступіў разам з залатой акцыяй. Цяпер зноў гістэрыя – ах, нас хочуць прыватызаваць, але герой Лукашэнка не саступіць. Цяжка верыцца. Плаціць за газ трэба, як і за ўсё, што атрымліваем. Плацяць жа нашмат даражэй і без гістэрыі Малдова, Украіна, Грузія ды іншыя дзяржавы. Праўда, кіраўнікі іх ня хваляцца, што яны квітнеючыя краіны. Стрымана пераносяць цяжкасьці. І расейскія ваенныя базы ім не патрэбны. Беларусь павольна, але няўхільна падыходзіць да мяжы, пасьля якой альбо мы народ годны, альбо “Северо-западный край” Расеі. Дзякуй, усяго найлепшага”.

Спадар:

“Вось ужо каторы год Лукашэнка загадвае падлічыць усе страты, якія нясе Беларусь у адносінах з Расеяй і падаць ёй рахунак. А гэтыя дзьве магутныя расейскія базы? А чаму яны расейскія? Пасьля распаду Савецкага саюзу усе базы, якія знаходзіліся на тэрыторыі рэспублік – сталі ўласнасьцю гэтых рэспублік, як, напрыклад, Байканур, які каштуе дзясяткі мільярдаў даляраў, а цяпер належыць Казахстану і Расея за яго арэнду плаціць 120 мільёнаў даляраў штогод. Калі Расея не захоча плаціць за базы, дык хай будуе такія базы на тэрыторыі свае Расеі. А пэнсіі вайсковыя, расейскім пэнсіянэрам, якія аселі на тэрыторыі Беларусі? Гэта ж каля 400 мільёнаў даляраў штогод. І мы павінны плаціць зь беларускага банку, пра гэта гаварыў Лукашэнка. А ўтрыманьне жылых гарадкоў, якія пабудаваныя на нямецкія маркі ў Беларусі – гэта таксама Беларусь павінна плаціць? А ў тры-пяць разоў таньнейшыя за сусьветныя тарыфы на агромністыя расейскія транзыты праз Беларусь – гэта ж мільярды даляраў. Калі ўсё гэта падлічыць, дык Расея павінна Беларусі каля двух-трох мільярдаў даляраў штогод. Але ж Лукашэнка ўсё гаворыць, а нічога на прад’яўляе, а ўжо даўно пара”.

Спадарыня:

“Калі Беларусь набывае газ, яна выступае пасярэднікам між расейскім прадаўцом і беларускім спажыўцом. Спажывец жа ў мінулым годзе плаціў гэтыя знакамітыя 100 даляраў за тысячу кубамэтраў, палову з гэтае сумы клаў сабе ў кішэню пасярэднік – ужо ня надта чэсна. Каб захаваць асабісты прыбытак на тым жа роўні, неабходна было падняць кошт на газ для унутранага спажыўца да 150 даляраў, але страх пакуль зрабіць гэтага не дазваляе. Вырашылі “кінуць” прадаўца – ня выйшла. На адрас Расеі пасыпаліся абразы, а я хачу нагадаць, спадарства, што ў мінулым годзе Беларусь атрымала шмат непрыемнасьцяў пры спробе падняць кошты на хлёрысты калій, і ў гэтым годзе дабілася свайго. І не паглядзела на беднага індыйскага селяніна, які ледзь выжывае. Вось такая цікавая філязофія. А тое, што афіцыйная прапаганда трымае беларусаў за дурняў, акрамя абурэньня нічога не выклікае. Усяго добрага”.

Слухач, эканаміст са стажам:

“Беларускі прэзыдэнт і верныя яму сродкі масавай інфармацыі ўжо доўгі час плятуць лухту пра тое, як усё добра ў Беларусі, як багата жывуць тут людзі і як там дрэнна ў нашай братняй Расеі – у іх нават хлеба няма. Пачулі пра гэта ў Маскве дый вырашылі – няхай багатая Беларусь плаціць за расейскія нафту і газ па тых коштах, па якіх плацяць усе іншыя багатыя краіны. Цяпер беларускі прэзыдэнт просіць у беднай Расеі крэдыт, каб разьлічыцца за энэрганосьбіты, але, каб той крэдыт быў такім, па якім налічваліся б адсоткі на карысьць Беларусі, а не Расеі. А ці трэба ж вымольваць у некага крэдыты? Можа, трэба было выдаць загад, каб аплата кватэрных плацяжоў рабілася ў поўным аб’ёме, дадаваць за год не 5 даляраў ЗША, а можа па 50, ці нават 100? А то, як цяпер аплачваюць за кватэру дзяржаве толькі нейкіх 50% фактычных затрат і нават льготнікамі сябе не лічаць! Рынак трэба асвойваць і пачынаць зь сябе!”

Васіль Цюхай, Беразіно: “Дзе Лукашэнка ўзяў 500 мільёнаў даляраў, каб заплаціць за газ? Наўрад ці ён адняў кавалак ад свайго “залатога” трону. Хутчэй за ўсё, працягвае зьдзіраць зь бедных людзей апошнюю кашулю. Эканоміка нерэнтабэльная, і добры Чавэс не сьпяшаецца з крэдытам, разумее, напэўна, што сябра ператворыцца ў ворага, як толькі пазычыць грошай”.

Спадарыня, Баранавічы:

“Я зьвяртаюся да вас, Аляксандар Рыгоравіч. Мы ў сакавіку мінулага году галасавалі за багатую й квітнеючую Беларусь. Не за вас. А, як рэклямавалі ўсе тэлеканалы і дзяржаўныя газэты, што мы галасуем за багацьце. Дык дзе ж тое багацьце, калі мы, пэнсіянэры, ужо год не атрымліваем павышаную пэнсію, а кошты растуць і растуць? Дык як жа ж гэта зразумець? Тая бедная Ўкраіна, як лічыць наш беларускі прасталюд, можа плаціць за газ і значна болей, чым мы, а мы, багатыя, вымушаныя браць крэдыт ды яшчэ і на 15 гадоў. Як жа ж гэта так атрымліваецца? І быццам крэдыт ня трэба вяртаць. А вяртаць прыйдзецца, можа, і прадстаўніку другога пакаленьня. Аляксандар Рыгоравіч, не ўскладайце свае праблемы на плечы іншай дзяржавы”.

Пра псыхалягічныя адметнасьці Аляксандра Лукашэнкі

Кастусь Сырэль, Вушачы:

“На мой погляд, канфлікты ды скандалы – гэта стыхія Аляксандра Рыгоравіча. Ён у іх адчувае сябе, бы рыба ў вадзе. Ёсьць такі тып людзей, якія пабудавалі свой пэрсанальны сусьвет, у якім іх акружае процьма нядабразычліўцаў і ворагаў, п’яніц і злодзеяў, лайдакоў і бандытаў. Барацьба з гэтымі мітычнымі ворагамі – сэнс існаваньня такіх асобаў. Здавалася б, прасьцей простага: ёсьць дамоўленасьць – заплаці, грошы ж маеш. Дык не, патрэбны гістэрыкі перад відэакамэрамі: “Каравул, грабеж!” Хто гладзіць па шэрсьці – сябра. Хто супраць, май ён хоць тысячу разоў рацыю – той вораг. Мяркую, гэта закладзена ў Лукашэнкі з маленства, пра якое літаральна нічога ня знойдзеш ні ў інтэрнэце, ні ў кнігах (а тым больш у газэтах) – можна толькі здагадвацца. Незайздросны лёс бязбацькавіча, паўгалоднае дзяцінства – ня самыя лепшыя ўмовы для фармаваньня дабразычлівага, лагоднага і спакойнага характару. Маці ж, пэўна, за палачкі-працадні ў пастылым калгасе гарбацілася, так што маленькі Саша цацак у дзяцінстве, бадай, ня бачыў. А самым даражэйшым прысмакам, і то зрэдку, былі цукеркі-падушачкі па адзінаццаць капеек за сто грамаў. Усё малечае жыцьцё гняла Сашу зайздрасьць: вось, брыгадзіраваму сыну Пецьку трохкалёсны ровар купілі (новы касьцюм, матацыкл “Каўровец”, etс.) А я, такі разумны ды прыгожы, нічога ня маю. Гад гэты Пецька! Цяпер іншы ўзровень: багаценькі “Газпром” патрабуе грошы за спажыты газ, значыцца, усе яны там – гады, разам з усёй Расеяй”.

Іван Карпавіч, Менск:

“За што сядзеў Марыніч і за што сядзіць Казулін? Кіраўнік дзяржавы пасадзіў і таго, і другога, як гэта разумець? Закон ёсьць Закон, і ён для ўсіх аднолькавы. Судзіць павінны па Законе, а не па загадзе кіраўніка дзяржавы. Гэта першае. Другое – мне хацелася б, каб паўтарылі эпізод, у якім Паўлюкевіч штурхаў, а ягоныя паплечнікі білі нагамі прафэсара Казуліна. А кіраўнік дзяржавы пры гэтым пагладжаваў вусы і гаварыў: “Правільна марскому пехацінцу дасталося”. Гэта парушэньне Закону. Садзіць трэба тых, хто фізычна распраўляўся з навукоўцам”.

Спадарыня:

“Расейская праваслаўная царква ўганаравала прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку некалькімі праваслаўнымі ўзнагародамі. Калі не памыляюся: тры ордэны. Апошні: Ордэн Сьвятога Ўладзімера, вышэйшая узнагарода, дараваная яму была, калі кандыдат у прэзыдэнты прафэсар Аляксандр Казулін быў у засьценках. Гэтаму зьняволеньню ўжо 500 дзён. Як можна мець такія ўзнагароды і трымаць палітзьняволеных, сеяць страх у душах людзей перад уладай, падманваць? Кідаць моладзь за краты толькі за тое, што яна любіць Беларусь, а значыць, носіць у душы Бога! Вогнішчы за іншадумства, як у сярэднявеччы, у Беларусі не палаюць, але ёсьць зьніклыя, і праўда для іх была, як Боскае пакліканьне”.

Пра Лукашэнку й тэлебачаньне

Слухач з Барысава:

“Па тэлебачаньні гляджу – усё жывем лепей ды лепей. Сеньня дыктар казаў, што сярэдні заробак па Беларусі складае 600 000 рублёў. Засумняваўся. Апытаў аж дзесяць асоб. Адказы такія – 300-350 тысяч рублёў, а прыбіральшчыца ў школе аж 150 000 рублёў, а ў сельскіх няма і гэтага. Ёсьць пытаньне – хто тады добра “жыруе”?

Пэнсіянэр, Гарадзенская вобласьць:

“Пастаянна слухаю беларускія, дакладней, прэзыдэнцкія СМІ і Радыё Свабода. Учора прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь сьцьвярджаў, у сувязі з газавым канфліктам: замежжа нам дапаможа. Сёньня, прагульваючыся па палёх Менскай вобласьці, ён з крыўдай на залішнія прыдзіркі Расеі на якасьць беларускай сельгаспрадукцыі даў загад адпраўляць сельгаспрадукцыю на Захад. Як усё проста! Браты расейцы, ня крыўдна слухаць? Памажыце яму, як з цукрам, на Захадзе яго даўно чакаюць, хай толькі выканае патрабаваньні”.

Слухач: “Калісьці па тэлевізіі адзін расейскі прафэсар, здаецца, з Тульскага Унівэрсытэту, гаварыў, што тут, у Беларусі, ён па запрашэньні нашага галоўнага кіраўніка летась адганяў дажджлівыя хмары і рабіў добрае надвор’е для жніва, і за гэта быў шчыра ўзнагароджаны. Чым – грашыма ці мэдалём? А ці афіцыйна яго частавалі на “Дажынках” у Бабруйску? А ці прадугледжана штучнае кіраваньне надвор’ем у сёлетняе жніво? А ці адпомсьціць прырода за такое ўмяшаньне ў будучыні?”

Пра падрыхтоўку да “Дажынак”

Леанід Цыбульскі, Рэчыца:

“Гляджу на сёньняшнюю Рэчыцу – і згадваю пасьляваенныя гады. Гэтак жа ўсё ламаюць і перарабляюць. І грошай у іх хапае. А на нашай вуліцы, каб правесьці газ, патрэбна пракласьці 300 мэтраў трубы. Дык на гэта, адказваюць, няма сродкаў, плаціце самі.

Па тэлебачаньні, у друку наша жыцьцё як толькі ні ўсхваляюць – ну, не жыцьцё, а маліна. А што ў сапраўднасьці? Чыноўнікі раскашуюць, а просты люд – у жабрацтве. Канторы прадпрыемстваў растуць, прычым у асноўным за кошт сваякоў начальства.

Што да “газавай” вайны з Расеяй, пра якую апошнім часам шмат гавораць, то маё меркаваньне наступнае. Прэзыдэнт Лукашэнка хоча паказаць народу свой “бацькоўскі” клопат (які насамрэч існуе на словах), а таксама пераканаць людзей, што нібыта ва ўсіх цяжкасьцях і няспынным росьце цэнаў вінавата Расея. А ён тым часам будзе ўзводзіць лядовыя палацы, стадыёны, запускаць спадарожнікі, сьвяткаваць Дажынкі. І ня хоча бачыць таго, што працэнтаў трыццаць працаздольнага насельніцтва Беларусі езьдзіць на заробкі ў Расею, бо ў нас нармалёвай працы няма”.

Пра асабістыя крыўды і пошук сацыяльнай справядлівасьці

Георгі Крупскі, Полацак:

“Як можна пяць год трымаць у вартаўніках заслужанага перад дзяржавай урача, у якога за плячыма – 32-гадовы мэдычны стаж? Можа, у нас у горадзе з мэдыцынай усё ў парадку? Дык не: зь 1991-га году ў Полацку сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць. На тое шмат прычынаў, у тым ліку – схаваная антысанітарыя. Дарогі і ходнікі ўкладзены ніжэй нулявых адзнакаў, без кустоў на газонах. Пад вокнамі жылых дамоў наладжваюцца аўтастаянкі. Няма грамадзкіх прыбіральняў. Горад забудоўваецца хаатычна. А тым часам галоўны санітарны ўрач Полацка звальняе з працы мяне, сапраўднага ўрача, і набірае сваіх людзей без адпаведнай адукацыі…”

Галіна Мядзюк, Барысаў:

“Пратэсты пракуратураў – Барысаўскай раённай і Генэральнай – судамі адхіляюцца. Дабіцца праўды нідзе не магу: адусюль прысылаюць адказы, што перапіска са мной спыняецца, альбо справа абскарджаньню не падлягае. Мае звароты да старшыні Вярхоўнага суду не даходзяць, вяртаюцца назад. Трапіць на прыём ня ўдаецца – кажуць, няма падставаў. Напісала прэзыдэнту. Няхай даведаецца, як на сьвядомай хлусьні праваахоўныя органы будуюць судовыя справы і як невінаватыя людзі становяцца вінаватымі, а былыя падпалкоўнікі міліцыі ўхіляюцца ад адказнасьці за хуліганскія ўчынкі”.

Пра свабоду і дэмакратыю ў сёньняшняй Беларусі

Ігар Пастноў, Віцебск:

“Я ўпэўнены, што мой ліст вы па радыё не прачытаеце. Свабода – ворган Кангрэсу ЗША, а хто плаціць, той і замаўляе музыку.

Хачу паведаміць, што чуваць ваша радыё выдатна. Я слухаю на старым прымачы, без антэны: чутнасьць – нібы з суседняга пакоя. Так што ніхто вас ня глушыць, ды і глушыць асабліва няма чаго.

Абсалютна нязгодны, што ў Беларусі няма свабоды слова. Ёсьць, і нават, магчыма, больш, чым у вас. Напрыклад, я друкуюся ў многіх выданьнях, у тым ліку ў газэце Міністэрства аховы здароўя. Уздымаю і крытычныя пытаньні – аб уяўнай барацьбе з карупцыяй, калі мэдыкаў знарок правакуюць на хабар, выкарыстоўваючы псыхалягічныя прыёмы. Хапаюць простых настаўнікаў, дактароў… І пра гэта друкавалі, стваралі паводле маіх, простага ўрача, зваротаў камісіі на самым высокім узроўні. А сёньня і амністуюць многіх слабахарактарных ахвяраў сьледчых экспэрыментаў, якія селі за кавалак каўбасы ды бляшанку траскі…

Я – дзіцячы доктар, дасьледую пытаньні агрэсіўнасьці падлеткаў. Прага экстрыму, выкіду адрэналіну, прыгодаў часта прыводзіць іх на плошчу. І несумленна выкарыстоўваць гэтыя пачуцьці, ламаць лёсы дзяцей. У Беларусі дастаткова законных спосабаў дзеля выказваньня сваіх меркаваньняў. Трэба атрымліваць інфармацыю з абодвух бакоў, а ня толькі ад купкі людзей, якіх нібыта “перасьледуюць”, “заціскаюць”.

Я не хачу такой свабоды, як у Іраку. Ды і такой, як у Польшчы, ці іншых, так бы мовіць, “вызваленых” краінах. Што атрымала Польшча? Разгул карупцыі, недабраякаснае мяса. Палякі ходзяць з працягнутай рукой. Думаю, што і большасьць простых людзей у нас такога ня хоча. Вось і ня ідуць на вашы мітынгі. Страх тут увогуле ні пры чым.

Большасьць беларусаў увогуле не разумее: пра якія парушэньні правоў чалавека вы гаворыце, калі ў нас усё – дзеля дабрабыту простага чалавека. І гэта на справе, а не на словах. А калі вы лічыце, што свабода – гэта свабода гарлапаніць на плошчах, біць адзін аднаму морду ў п’яным чадзе, то я, просты чалавек, такой свабоды не хачу”.

Пра тое, як у Менску адзначалі 27-га ліпеня

Маргарыта Пярова, Санкт-Пецярбург:

“На прыступках ля помніка Купалу, нібы птушачкі, сядзелі, прытуліўшыся адна да адной, тры тоненькія дзяўчынкі. Як толькі хлопцы ў цывільным, што назіралі за імі, падняліся з лавы, дзяўчынкі ускінулі ўгору рукі – і над імі залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Да іх адразу падбег нейкі “амбал” і некуды пацягнуў. Людзі паўскоквалі з лавак і закрычалі: “Якое ты маеш права чапаць дзяўчат? Дзе твае дакумэнты?”

Калі выходзілі з парку, нейкая прыгожая жанчына сказала: “Ну вось, цяпер тры дні ў мяне будзе падвышаны ціск, буду хварэць!”. А колькі дзён буду хварэць я, і зь якімі пачцьцямі паеду дахаты ў Санкт-Пецярбург? Калі я забуду гэтых дзяўчынак-птушак, якія ўзьнялі над сабой бел-чырвона-белыя крылы?

Я – госьць, але сэрцам, думкамі, справамі заўсёды тут, у Беларусі. І я не разумею, чаму патрэбен дазвол, каб паслухаць былых дэпутатаў, якія распавядаюць аб гістарычных падзеях 27-га ліпеня, ці дазвол на чытаньне вершаў ля помніка паэту? Не разумею!”

Мікалай:

“Даседжваюць свой тэрмін маладзёны, якія хацелі адзначыць Дзень Незалежнасьці Беларусі і пагутарыць з дэпутатамі, якія прымалі Дэклярацыю аб сувэрэнітэце бацькаўшчыны. Але замест гэтага апынуліся ў турме на Акрэсьціна. Улада мяркуе, што яна запалохае моладзь, якая змагаецца за свабоду радзімы, але турма на Акрэсьціна ператварылася ў кузьню кадраў змагароў з аўтарытарным рэжымам. Моладзь не даруе зьдзекі дыктатуры й абавязкова пераможа. Іх не спыніць, не стрымаць!”

Спадарыня:

“Пачула па вашым радыё, як тры дзяўчынкі 27 ліпеня амаль у лапах кагэбістаў паднялі бел-чырвона-белы сьцяг у парку Янкі Купалы, зь лёзунгам “Жыве Беларусь!”. Я далёка не сэнтымэнтальны чалавек, але калі б я мела магчымасьць, я проста пацалавала бы рукі гэтым дзяўчынкам. Дзякуй!”

Пашковіч Васіль, Менск:

“Паважаная Свабода, я доўгі час ня мог зразумець, чаму апошнім часам, хапаючы людзей праз падставы на вуліцы, у пратаколах пішуць, што чалавек лаяўся. Што гэта – абмежаванасьць фантазіі? І толькі зараз, выпадкова зайшоўшы ў апорны пункт правапарадку, я зразумеў – пад нецэнзурнай лаянкай халуі рэжыму разумеюць беларускую мову. Ніводзін міліцыянт не азіраецца на гучны расейскі мацюк, але, як ганчак, насьцярожваецца, пачуўшы беларускую мову. І сапраўды, расейскія мацюкі ўжываюцца паўсюль, нават у сродках масавай інфармацыі, а наша мова – адзінкамі. Дык, можа, яна й сапраўды нецэнзурная? З гэтай нагоды я заклікаю – карыстайцеся нашай “нецэнзурнай” мовай, каб ня ўмёрлі, як сказаў клясык. З павагай, Васіль”.

Пра генэральскія ўзнагароды

Мікалай Корбут, Менск:

“Падчас вайсковых парадаў, апошні зь якіх адбыўся ў Менску 3-га ліпеня, побач з прэзыдэнтам на трыбуне стаяць некалькі генэралаў, увешаных ордэнамі і мэдалямі. Узнагародаў так шмат, што можна падумаць, нібы іх уладальнікі атрымалі мноства перамог у жорсткіх войнах. Але ж ніводзін з гэтых генэралаў, наколькі я ведаю, ня ўдзельнічаў у Другой Усясьветнай вайне. Бо нарадзіліся і вучыліся яны ўжо ў пасьляваенны час, а калі ў якіх войнах і ўдзельнічалі, дык толькі ў савецкай агрэсіі супраць Чэхаславаччыны ды Аўганістану”.

Пра візавыя санкцыі ЗША

Спадар:

“Вельмі добра зрабіў прэзыдэнт Амэрыкі адносна візавых абмежаваньняў для чыноўнікаў Беларусі. Няхай нарабаванымі ў беларускага народу грашыма душацца тут і ня сунуцца ў цывілізаваныя краіны. Як добры садоўнік, Джордж Буш, не дазваляе пустазельлю распаўзацца па зямлі. І дзякаваць Богу, што існуе такая магутная краіна, як Злучаныя Штаты Амэрыкі, зь якой павінны лічыцца “мярзотнікі”, кшталту Лукашэнкі, Кастра, Чавэса, якія выпадкова прыйшлі да ўлады. А тое, што гэта сапраўдныя “мярзотнікі”, мне добра вядома, і пра іх справы абавязкова даведаюцца народы гэтых краін. Толькі, на вялікі жаль, надта позна. Дзякуй”.

Аляксандар Яцкевіч, Віцебск:

“Вельмі добра зрабіла Амэрыка, што забараніла некаторым уезд, але было б лепш, каб увесь Эўразьвяз зрабіў наступнае: там, дзе ёсьць дырэктар – адразу штампік на лоб і не дапускаць у Эўразьвяз. Ёсьць творчыя людзі – хай едуць, хай кантактуюць, і палітыку робяць, якая патрэбна. А гэтых злачынцаў – ніводнага ні блізка нават на парог не пускаць. Гэта будзе самае разумнае. Калі чалавек займае пасаду дырэктара, то гэта самы страшны нягоднік. У мяне фактаў на гэты конт вельмі многа. Напісаў заяву ў пракуратуру, але ці будзе што? Баюся, што яны самі баяцца што-небудзь сёньня сур’ёзна капануць. І падрыхтаваў сюрпрыз вельмі цікавы, але на расейскай мове. Усяго добрага”.

Слухач:

“Значнае пашырэньне ліку невыязных чыноўнікаў – спадзяваны, разумны, але ж запозьнены і недастатковы крок. ЗША прымае рашэньні марудна, кансэрватыўна. Гэта паліатыў, паўмера. Улада Беларусі рэагуе на любыя дзеяньні Беларусі імгненна – прымае адпаведныя забароны. У апошнія гады гэта адкрытыя правакацыі і прымітыўныя арышты, якіх не пазьбег таксама і я. Нагадаю рашэньне Юшчанкі ва Ўкраіне, які звольніў адразу 15 тысяч чыноўнікаў, якія відавочна стрымлівалі дэмакратыю. Лічу, што рашучы крок ЗША павінна падтрымаць Эўропа ды іншыя дэмакратычныя краіны”.
XS
SM
MD
LG