Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Газпром” будзе кантраляваць рынак газу ў Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня, 10 жніўня, скончыўся тэрмін, калі Беларусь мусіла цалкам выплаціць запазычанасьць “Газпрому” за газ, атрыманы ў першым паўгодзьдзі. Беларускі бок зрабіў гэта нават раней. Але набліжаецца новая дата – да 23-га жніўня трэба разьлічыцца за газ, які Беларусь атрымала ў ліпені. А да канца году на рахункі “Газпрому” зь Менску трэба пералічыць амаль мільярд даляраў. Ці ёсьць у краіне такія грошы?

Афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў у інтэрвію нашаму радыё патлумачыў схему разьлікаў зь беларускім бокам:

“Выплаты за кожны каляндарны месяц мусяць быць зробленыя да 23-га дня кожнага наступнага месяца. Мы разьлічваем на тое, што нашы беларускія партнэры надалей будуць плаціць своечасова. Менавіта так, як мы своечасова выконваем нашы абавязаньні”.

"Праблема можа здарыцца, калі ўрад будзе працягваць палітыку вялікіх выдаткаў"

Першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка днямі сказаў, што за ліпень “Газпрому” трэба пералічыць 150 мільёнаў даляраў. І гэта ўлетку, калі патрэба ў газе заўжды меншая, чым увосень ці ўзімку. Адсюль і набіраецца мільярд даляраў за другое паўгодзьдзе. Да таго ж цяпер трэба адразу выплачваць усю суму, а не 55%, як у першыя шэсьць месяцаў.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка глядзіць у пэрспэктыву досыць аптымістычна:

“Гэта пытаньне платаздольнасьці нашых гаспадарчых суб’ектаў і хатніх гаспадарак. Лягічна меркаваць, што прадпрыемствы з гэтымі выдаткамі справяцца. Тым больш што энэргія ды паліва – гэта ў сярэднім па краіне 12 –13 % усіх выдаткаў.

Наагул я ня бачу тут асабліва вялікай праблемы. Яна можа здарыцца толькі тады, калі ўрад будзе працягваць палітыку вялікіх дзяржаўных і сацыяльных выдаткаў. Тады сапраўды праблема можа мець месца”.

"Заўжды можна будзе на чымсьці зэканоміць і заплаціць за газ"

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў таксама лічыць, што грошы ў дзяржаве ёсьць, паколькі прадпрыемствы і насельніцтва выплачваюць поўныя сумы за карыстаньне газам, і нават крыху больш. Але “Газпром” ня хоча весьці разьлікі празь беларускія рублі, а патрабуе даляры. Леанід Злотнікаў лічыць: праблемы канвэртацыі ў Беларусі пакуль што не існуе:

“Штомесяц у Беларусь паступае два мільярды даляраў ад экспарту. Таму пакуль што грошы ёсьць. Але дадатковы мільярд ад экспарту тавараў і паслуг, які за год складае дзесьці 25 мільёнаў даляраў, трэба будзе знаходзіць. 4 % – не такая ўжо вялікая сума. Заўжды можна будзе на чымсьці зэканоміць і заплаціць за газ”.

"Газпром” хоча зрабіць рынак газу ў Беларусі. Каб газ каштаваў для ўсіх аднолькава"

“Газпром” пакуль што выкупіў у “Белтрансгазу” 12,5 % акцыяў беларускага прадпрыемства. Але пройдзе час, і да расейцаў пяройдзе палова ўсіх акцыяў. Як тады будуць весьціся разьлікі?

Леанід Злотнікаў прагназуе, што ў той час Беларусь будзе ўжо выплачваць поўны кошт газу:

“Да таго часу плянуецца, што ў самой Расеі будуць тыя ж самыя цэны на газ, па якіх ён прадаецца, прыкладам, у Латвію ці Польшчу (зразумела, з улікам транспартаваньня). Так што ў любым выпадку Беларусь будзе плаціць поўны кошт – ці будзе “Белтрансгаз” ва ўласнасьці “Газпрому”, ці ня будзе”.

Леанід Заіка зьвяртае ўвагу на тое, што цяпер для розных суб’ектаў у Беларусі газ каштуе па-рознаму. І гэтыя цэны вызначаюць чыноўнікі:

“Кантрольны пакет у “Газпрому” можа даць адну значную рэч – стварэньне адзінай тарыфнай газавай сыстэмы. “Газпром” хоча зрабіць рынак газу ў Беларусі. Каб газ каштаваў для ўсіх аднолькава. І ліквідаваць адміністрацыйнае рэгуляваньне тарыфаў”.

• Беларусь цалкам разьлічылася з “Газпромам”, 08.08.2007 • Трафэі “газавай вайны”, 08.08.2007 • Да пятніцы "Газпром" ня будзе камэнтаваць інфармацыі пра аплату за газ, 07.08.2007 • “Газпром” даў Беларусі адтэрміноўку на тыдзень, 03.08.2007 • Міністэрства энэргетыкі Беларусі: “Газпром” парушыў дамову, 03.08.2007 • “Белтрансгаз” пералічыў “Газпрому” 190 мільёнаў даляраў , 03.08.2007 • Сяргей Купрыянаў: “Наступная кантрольная дата – 10 жніўня, 10.00”, 03.08.2007 • Абмежаваньне пастаўкі газу ў Беларусь адкладзенае, 03.08.2007 • На расейскі газ Лукашэнка пазычыць у Чавэса, 02.08.2007
XS
SM
MD
LG