Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын Муамара Кадафі пацьвердзіў катаваньні мэдыкаў у лібійскай турме


Вольга Караткевіч, Прага Вельмі нечаканым называюць інтэрвію Сэйфа аль-Іслама Кадафі, сына лібійскага дыктатара Муамара Кадафі, катарскаму тэлеканалу “Al-Jazeera”. Ён сказаў, што пяць баўгарскіх мэдычных сёстраў і палестынскага лекара, якія восем гадоў правялі ў турме, катавалі. Мэдработнікі былі вызваленыя 24-га ліпеня пасьля перамоваў Трыпалі і Эўрапейскага Зьвязу. Неўзабаве пасьля гэтага пачалі зьяўляцца паведамленьні пра гвалт у дачыненьні да былых асуджаных.

Шасьцярых мэдыкаў вінавацілі ў мэтавым заражэньні лібійскіх дзяцей вірусам імунадэфіцыту. Самі лекары казалі пра сваю невінаватасьць і заяўлялі аб катаваньнях.

Сын Муамара Кадафі ў тэлеінтэрвію пагадзіўся з вэрсіяй абароны баўгарскіх і палестынскага мэдыкаў. Сэйф аль-Іслам Кадафі прызнаў, што дзеці былі заражаныя ВІЧ-інфэкцыяй яшчэ да прыезду ў лібійскі шпіталь пяці мэдсёстраў і лекара: “Гэта была катастрофа, трагедыя. Але гэта адбылося выпадкова”. Сэйф Кадафі пацьвердзіў, што мэдыкаў дапытвалі з выкарыстаньнем электрашоку.

Доктар Ашраф аль-Хазуз – палестынец, які атрымаў баўгарскае грамадзянства, – найбольш актыўна гаворыць аб катаваньнях.

“Мэдыкаў катавалі, як жывёлін – зьбіцьцё, электрашок, напады сабак, гвалт. Асуджаных зьмяшчалі ў маленькія мэталічныя кантэйнэры і круцілі – як курыцу ў грылі”, – параўноўвае аль-Хазуз.

Эўрапейскія лідэры, якія хутка сталі хваліць Кадафі за вызваленьне мэдыкаў і абяцаюць лібійскаму лідэру шчыльнейшыя кантакты, трымалі маўчаньне пасьля інфармацыі аль-Хазуза.

Ашраф аль-Хазуз: “Мэдыкаў катавалі, як жывёлін – зьбіцьцё, электрашок, напады сабак, гвалт”.
У дзень вызваленьня старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу заявіў пра пазытыўныя зрухі ў пытаньні нармалізацыі адносінаў Лібіі і Эўрапейскага Зьвязу:

“Я пераканаў Кадафі ў нашым жаданьні нармалізацыі адносінаў паміж Эўрапейскім Зьвязам і Лібіяй. Я сказаў яму, што калі гэтае пытаньне паўстане, мы будзем старацца паляпшаць кантакты, бо верым, што гэта ў інтарэсах Лібіі, у інтарэсах Эўропы, а таксама што гэта галоўны інтарэс – лепшыя дачыненьні паміж Эўропай і арабскім ды ісламскім сьветам”.

Цяпер сюрпрызам тыдня стала прызнаньне сынам Кадафі паказаньняў палестынскага лекара аль-Хазуза. Лібійскія ўлады катавалі мэдыкаў. Кадафі-малодшы не прасіў прабачэньня за гэтыя катаваньні і ня даў ніякіх тлумачэньняў. Да таго ж ён аспрэчыў некаторыя цьверджаньні лекара-палестынца. Назіральнікі адзначаюць, што няма імгненнай рэакцыі эўрапейскіх лідэраў на заявы сына Кадафі.

У ходзе судовага працэсу ў Лібіі, які міжнародныя назіральнікі назвалі фарсам, мэдыкі былі асуджаныя на сьмяротнае пакараньне. Пазьней прысуд замянілі на пажыцьцёвае зьняволеньне. Пасьля выплаты 480-ці мільёнаў даляраў кампэнсацыі сем’ям пацярпелых дзяцей 24-га ліпеня мэдыкам дазволілі выехаць у Баўгарыю. Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі паабяцаў Лібіі падпісаньне вялікай угоды на пастаўкі зброі і ядзернага рэактара на лёгкай вадзе.
XS
SM
MD
LG