Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Законьнікаў: “Я хацеў бы, каб у Беларусь прыехаў Вацлаў Гавэл”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – паэт, публіцыст Сяргей Законьнікаў. На гэтым тыдні ў “Начной чытанцы” гучаць вершы Сяргея Законьнікава.

Знаткевіч: “Беручы ўдзел у “Начной чытанцы”, вы самі начытвалі свае вершы. Ці важнае для паэта ўменьне артыстычна чытаць свае творы?”

Законьнікаў: “Думаю, што вельмі важнае, таму што калі аўтар сам чытае, то выяўляецца ня толькі сэнс таго, што ён напісаў, – выяўляецца душа аўтара”.

Знаткевіч: “Тэкст сам па сабе ня можа даць гэтага разуменьня твору, душы аўтара?”

Законьнікаў: “Тэкст можа даць, але, тым ня менш, падсьветка інтанацыяй важная, каб даць зразумець, на чым ты акцэнты расстаўляў. Але я хачу сказаць, што многія паэты ня ўмеюць чытаць сваіх вершаў”.

“Былі сёлета сустрэчы, на якія зьбіраліся і 400, і 500 чалавек”

Знаткевіч: “Калі ў нас некалькі тыдняў назад браў удзел у онлайн-канфэрэнцыі Ўладзімер Някляеў, ён выказваў шкадаваньне па часе, калі паэты маглі зьбіраць стадыёны. Ён сказаў, што гэты час ужо ніколі ня вернецца. На вашую думку, ці магчыма такое ў сучасным сьвеце – сабраць стадыён на чытаньне паэзіі?”

Законьнікаў: “Я хачу трошкі паспрачацца са сваім сябрам Валодзем. На наша беларускае шчасьце, яшчэ можна сабраць і аўдыторыю, і зацікаўленых чытачоў.

Я не хвалюся, проста хачу сказаць, што за гэты год было ў мяне шмат паэтычных сустрэч. І былі сустрэчы, на якія зьбіралася і 400, і 500 чалавек. Хаця я хачу сказаць, што паэзія – гэта рэч інтымная. І, вядома, паэзію слухаць, гаварыць пра паэзію лепш у аўдыторыі, дзе чалавек 30 –40. А калі болей, то ўжо іншая гаворка пачынаецца”.

Знаткевіч: “Вам удавалася сёлета зьбіраць па 400 – 500 чалавек на сустрэчы?”

Законьнікаў: “Было такое. Я проста не магу называць цяпер канкрэтныя адрасы, таму што не хачу пашкодзіць цудоўным людзям, якія ў нас ёсьць і якія, нягледзячы на перасьлед, на тое, што нам, прадстаўнікам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, забаронена выступаць у масавых аўдыторыях, арганізоўваюць сустрэчы”.

“Зьмены неўзабаве надыдуць. Гэта ўжо проста вісіць у паветры”

Знаткевіч: “На вашую думку, ці магчыма будзе ў найбліжэйшыя гады зьмяніць сытуацыю, пры якой беларускім літаратарам забараняюць праводзіць сустрэчы ў школах, ВНУ?”

Законьнікаў: “Я думаю, што гэтая сытуацыя зьменіцца. І зьменіцца яна разам са зьменамі, якія надыдуць у нас у цэлым у краіне. Зьмены неўзабаве надыдуць. Гэта ўжо проста вісіць у паветры”.

Знаткевіч: “Ці мае для вас, калі вы пішаце свае вершы, вялікае значэньне той асяродак, тое месца, у якім вы знаходзіцеся?”

Законьнікаў: “Абсалютна. Ёсьць месцы, дзе я не магу наогул нічога пісаць. А самыя для мяне выдатныя месцы – гэта тыя, якія я абжыў. Гэта бацькоўскі дом, гэта свой куточак у маёй цяперашняй кватэры. А чужых месцаў я не люблю. Мне там ня пішацца”.

“У гэтых вершах я надта катэгарычны ў адносінах да сваіх людзей”

Знаткевіч: “А ці ёсьць рэчы, пра якія, на вашую думку, увогуле ня варта пісаць вершаў?”

Законьнікаў: “Відаць, што ёсьць. Скажам, ужо й былі ў мяне напісаныя вершы на некаторыя такія тэмы, але я іх паклаў у стол і не друкаваў. І думаю, што й ня буду друкаваць.

Яны зьвязаныя з маімі асабістымі перажываньнямі ў сувязі з нашымі падзеямі. У гэтых вершах я, можа быць, надта катэгарычны ў адносінах да некага, скажам, у адносінах да сваіх людзей, у якіх я бачу многа заганнага, што і здаўна набыта, і асабліва апошнім часам. Хаця, як кажуць, там будзе відаць”.

Знаткевіч: “Ці спрабавалі вы калі пісаць вершы як палітычную праклямацыю, палітычны зварот?”

Законьнікаў: “Я лічу адным з найбольш удалага ў сваёй паэтычнай творчасьці паэмы – яны перакладзеныя на многія эўрапейскія мовы. А публіцыстычная паэзія ў мяне таксама ёсьць. Яна даволі часта друкавалася і ў “Народнай волі”, і ў іншых выданьнях. Думаю, што паэт, калі ён валодае добра пяром, можа і публіцыстыку падаць так, што яна будзе мастацкая, што яна будзе хваляваць людзей ня толькі заклікамі, а тым, як яна выкананая”.

“Тады можна было даказваць. Цяпер гаварыць няма з кім”

Знаткевіч: “Вы ў 1970-80-я гады працавалі загадчыкам сэктару мастацкай літаратуры аддзелу культуры ЦК КПБ. Калі параўнаць кантроль над літаратурай тады і ўвогуле літаратурную сытуацыю ў той час і цяпер, на чыю карысьць будзе параўнаньне?”

Законьнікаў: “Я хачу сказаць, што цэнзура была заўсёды. Яна існуе ўва ўсіх краінах. Але ў цывілізаваных краінах цэнзура тычыцца толькі тэхналягічных нейкіх таямніц, вайсковых і дзяржаўных, самых высокіх таямніц. А што да звычайнай літаратуры, то там ніякай цэнзуры няма.

Тады, пры савецкай уладзе, я помню, як трэба было абараняць кнігі і Васіля Быкава, і Пімена Панчанкі, і Алеся Разанава, і Алеся Адамовіча... І я вельмі шчасьлівы, што мне ўдалося тады хоць нешта зрабіць для гэтых выдатных аўтараў, таму што многія кнігі ўдалося адстаяць, скажам, кнігі Караткевіча.

І тады можна было гаварыць, тады можна было даказваць, можна было любому партыйнаму бонзу даказваць, што гэта ня так, што кніжка мае права выйсьці да людзей. Цяпер жа гэтага няма. Цяпер гаварыць няма з кім”.

Знаткевіч: “Да цяперашняй улады, на вашую думку, немагчыма зьвярнуцца?”

Законьнікаў: “Канечне, ніхто ня будзе з табою гаварыць. Цяпер у дзяржаўных выдавецтвах не друкуюцца нашыя кнігі. У мяне ў стале ляжыць пяць рукапісаў. І калі ў мяне была такая гаворка, прыватная гаворка, калі я папытаў у нашага аднаго выдаўца дзяржаўнага, то ён сказаў: “Ну, дарагі мой, ты ж знаеш чаму. Ну ня я тут вінаваты”. І адразу спаслаўся на самы верх”.

“Я хацеў бы, каб Гавэл паўдзельнічаў у нашым палітычным жыцьці”

Знаткевіч: “Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі пачынае кампанію для залучэньня ў краіну замежных спэцыялістаў, бізнэсоўцаў, спартоўцаў. Каму б вы надалі беларускае грамадзянства зь вядомых замежнікаў?”

Законьнікаў: “Гэта ўсё выдатна, вядома. Можна, вядома, залучаць і замежнікаў. Але ў першую чаргу трэба падтрымліваць сваіх, моладзь асабліва...

Паглядзіце, што робіцца. Палова навукоўцаў нашых выехала з краіны. І тое самае можна сказаць пра любую сфэру нашага жыцьця.

Я хацеў бы, каб у Беларусь прыехаў Вацлаў Гавэл. Хаця чалавек ён ужо немалады: па ўзросьце, яму, можа быць, сюды й ня варта ехаць. Але я хацеў бы, каб ён паўдзельнічаў у нашым палітычным жыцьці. Са сваім розумам, са сваёй мудрасьцю, чалавек, які шмат зрабіў для чэскага народу”.
XS
SM
MD
LG