Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавэс падтрымае тых, на каго чыняць ціск ЗША


Алена Струвэ, Менск Пра гэта вэнэсуэльскі кіраўнік заявіў у часе прэсавай канфэрэнцыі ў сталіцы Эквадору Кіта. Прэзыдэнт Уга Чавэс падкрэсьліў, што гатовы супрацьстаяць “ненажэрному Дракулу “ – ЗША – і заўсёды дапаможа тым краінам, якія падобна Вэнэсуэле адчуваюць пастаянную агрэсію з боку Вашынгтону.

Паводле аглядальнікаў, якія асьвятляюць цяперашні рабочы візыт Чавэса па Лацінскай Амэрыцы, размова ў тым ліку ідзе пра такія краіны, як Беларусь і Іран. Як падае амэрыканскі Інтэрнэт-рэсурс Earthtimes, “вэнэсуэльскі кіраўнік дапамог братняй Беларусі аддаць пазыкі “Газпрому”. Згодна зь інфармацыяй, распаўсюджанай шэрагам міжнародных агенцтваў, Каракас прапанаваў Беларусі крэдыт на паўмільярда даляраў, прычым, пад 3% і на 15 гадоў.

Тым часам ад камэнтару гэтай інфармацыі для Радыё Свабода дыпляматычнае прадстаўніцтва Баліварыянскай рэспублікі Вэнэсуэла ў Менску ўстрымліваецца.

Як піша амэрыканскае выданьне Boston Globe, знаходзячыся ў Паўднёвай Амэрыцы, Чавэс з дапамогай сваёй нафтавай дыпляматыі ўсяляк імкнецца аслабіць уплыў ЗША ў гэтым рэгіёне. У Буэнас-Айрэсе ён абвясьціў пра намер выкупіць пазыкі Аргентыны коштам 1 мільярд даляраў, у Мантэвідэа заключыў пагадненьне аб будаўніцтве ўругвайскага нафтаперапрацоўчага заводу коштам 5 мільярдаў даляраў.

У часе візыту ў Балівію Чавэс разам са сваім калегам Маралесам мае намер падпісаць дамову аб стварэньні тут супольнага нафтаздабыўчага прадпрыемства на суму 600 мільёнаў даляраў.

Вэнэсуэльскі кіраўнік таксама паабяцаў, што ягоная краіна стане сапраўдным цэнтрам сацыялізму ХХІ стагодзьдзя, піша амэрыканская Boston Globe.

Раней, у часе візыту ў Менск Чавэс заявіў, “Вэнэсуэла ўбачыла ў Беларусі тую мадэль сацыяльнага грамадзтва, якую толькі пачала ствараць у сябе. Мы супраць панаваньня капіталізму, незалежна адкуль яно б ні йшло – з Эўропы, Паўночнай Амэрыкі ці іншай часткі сьвету”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG