Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Малады фронт” – пад крымінальным перасьледам


Любоў Лунёва, Менск Дванаццатую па ліку крымінальную справу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі перадалі днямі ў суд. Дзевяць з дванаццаці крымінальных спраў улады распачалі супраць актывістаў “Маладога фронту”. Шэсьць чалавек судзілі. Лідэра арганізацыі Зьмітра Дашкевіча пакаралі зьняволеньнем на паўтара году, а пяцярых актывістаў – штрафамі. У верасьні пачнуцца суды ў Салігорску, Баранавічах і Нясьвіжы.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Іван Шыла, Наста Азарка і Яраслаў Грышчэня ў хуткім часе стануць перад судом. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Маладафронтаўцы лічаць, што спроба ўладаў зьнішчыць арганізацыю і запалохаць прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў сярод моладзі выклікала адваротную рэакцыю. Колькасьць сябраў “Маладога фронту” ды іншых моладзевых арганізацый павялічылася.

Пасьля таго, як лідэра арганізацыі Зьмітра Дашкевіча пакаралі зьняволеньнем на паўтара году, пачаліся штомесячныя вулічныя акцыі ў абарону маладафронтаўца, якія ладзілі сябры розных моладзевых супольнасьцяў.

Напрыканцы траўня ў Менску судзілі пяцёх актывістаў “Маладога фронту”: Насту Палажанку, Барыса Гарэцкага, Зьмітра Хведарука, Аляксея Янушэўскага і Алега Корбана. Суд адбываўся ў той момант, калі вырашалася пытаньне пра гандлёвыя прэфэрэнцыі для Беларусі. На думку назіральнікаў, гэта паўплывала на рашэньне ўладаў – і “пяцёрку” пакаралі толькі штрафамі.

Напярэдадні суду ў КДБ і пракуратуру пачалі выклікаць дзясяткі чалавек дзеля паказаньняў у новых крымінальных справах. Гэтым разам – супраць рэгіянальных актывістаў.

Непаўналетняга Івана Шылу, які вучыцца ў Салігорскай сярэдняй школе, будуць судзіць першым.

“Калі мае аднаклясьнікі даведаліся, што нада мной будзе адбывацца суд, то паабяцалі: абавязкова прыйдзем на суд і будзем усяляк цябе падтрымліваць. Ніводзін з маіх аднаклясьнікаў, сяброў у школе не сказаў, што ня трэба было займацца гэтым, бо такое мае пэўныя наступствы. Зусім наадварот”.

Крымінальныя справы супраць Насты Азаркі ў Нясьвіжы і Яраслава Грышчэні ў Баранавічах днямі накіравалі ў суды. Цягам месяца стане вядомы дзень судовых паседжаньняў.

Барыс Гарэцкі лічыць, што судовыя працэсы ёсьць PR-кампаніяй “Маладога фронту”.

“Ніводнага такога выпадку, каб адмоўны рэйтынг ствараўся праз крымінальную справу, яшчэ не было. Наадварот: кожны такі публічны суд, калі маладыя людзі не баяцца браць на сябе адказнасьць, яшчэ больш прыцягвае да нас увагу. Таму тое, што робіць Камітэт дзяржбясьпекі, – хіба што PR-кампанія моладзевага руху…”

Аляксандар Мілінкевіч мяркуе: зьнішчэньне моладзевай арганізацыі ня мае пэрспэктывы.

“Таталітарная ўлада ніколі ня мае добрай будучыні. Ня можа яна доўга існаваць. Тым больш – у сучасным сьвеце. Сымбалем будучыні зьяўляецца моладзь, і ўлада прайграла гэтую моладзь. Чым больш будзе рэпрэсій, тым лепш будуць гуртавацца шэрагі “Маладога фронту” ды іншых арганізацый. “Малады фронт” насамрэч – самы актыўны, самы бачны. Ягоныя шэрагі павялічваюцца. Беспэрспэктыўна сілай зьнішчаць дух. Дух непераможны”.

Маладафронтаўцы заявілі, што будуць як мага часьцей ладзіць акцыі салідарнасьці са сваімі паплечнікамі ў Менску і рэгіёнах. Крымінальныя справы яны разглядаюць як праяву страху ўладаў перад актыўнай моладзьдзю. Асабліва – напярэдадні 6 верасьня, калі “Маладому фронту” споўніцца 10 гадоў.

• Новыя крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў, 08.08.2007 • Насьце Азарцы выставілі афіцыйнае абвінавачаньне , 07.08.2007 • "Малады фронт" падаў у суд на ўпраўленьне юстыцыі, 03.08.2007 • Улады адмовіліся рэгістраваць “Малады фронт”, 10.07.2007 • Алег Корбан: “Прысуд ніяк не паўплывае на далейшую дзейнасьць”, 29.05.2007
XS
SM
MD
LG