Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>Глыбокае: хто спрабуе русіфікаваць адзіную беларускамоўную школу?</B>


Вячаслаў Кулік, Менск Адзіная ў райцэнтры Глыбокае на Віцебшчыне беларускамоўная школа мусіць цяпер ствараць клясы на расейскай мове. Гэта пры тым, што дзьве іншыя школы ў горадзе – расейскамоўныя. І тыя не запоўненыя цалкам.

Са слоў загадчыка раённага аддзелу адукацыі Рамана Тарасевіча, у спрэчку ўцягнутыя выкладчыкі, бацькі і мясцовыя чыноўнікі:

“Рыхтуем школьную канфэрэнцыю. Яна адбудзецца ў верасьні. Перад гэтым пройдуць бацькоўскія і вучнёўскія сходы. Менавіта так будзе вырашацца пытаньне”.

Пытаюся, якое асабістае меркаваньне мае спадар Тарасевіч.

“Мы хочам захаваць беларускамоўную школу”.

Ці чыніцца ў такім разе ціск на дзяржаўнага чыноўніка?

“Гэта робяць нават не жыхары Глыбокага

Начальнік Глыбоцкага РАНА адказвае: “Гэта робяць асобныя людзі. Нават не жыхары Глыбокага. Некалькі чалавек такіх”.

Зноў цікаўлюся: “Чаму гэтыя людзі не вядуць сваіх унукаў у рускамоўныя школы?”.

“Эх, дык я вось ня ведаю...”, – адказвае загадчык Глыбоцкага РАНА Раман Тарасевіч.

"Мы жывем у Беларусі, і нашы дзеці павінны добра ведаць родную мову"

Хто падбухторвае жыхароў Глыбокага да зрусіфікаваньня беларускамоўнай школы? Разважае маці першаклясьніцы Тацяна Смотнік:

“Адзін дзядуля – начальнік Гандлёвай палаты. Другі – дэпутат у абласным савеце. Таксама й тыя, чые бацькі ў Менску і Віцебску займаюць добрыя пасады, вырашылі, што іхныя дзеці не павінны ведаць беларускую мову. Запрашалі: “Давайце зьбіраць подпісы!” Мне прапаноўвалі. Але я адразу адмовілася. Пры мне яшчэ некалькі чалавек адмовіліся. Мы жывем у Беларусі, і нашы дзеці павінны добра ведаць родную мову”.

Перад пачаткам навучальнага году ў Беларусі зачыняюць больш за 80 школаў

У Міністэрстве адукацыі паведамілі, што колькасьць беларускамоўных школаў перад пачаткам навучальнага году скарачаецца яшчэ на 5 працэнтаў. Гэта больш за 80 школаў.

Сытуацыю камэнтуе старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў:

“Раз вёска вымірае, то дзясяткі школ зачыняюць. Ну, і паціху “зачыняюцца” выспачкі беларушчыны ў гарадох. І што ў такім разе рабіць? Перш-наперш трэба, каб наша апазыцыя больш займалася гэтай праблемай. Вось прыклад: сябры ТБМ у Горадні атрымалі цяпер дазвол на стварэньне беларускамоўных клясаў. А цяпер “прабілі” дазвол на стварэньне некалькі беларускамоўных клясаў у Магілёве”.

• Дэпартамэнт ЗША заявіў пра дыскрымінацыю беларускай мовы ў Беларусі, 6.04.2007 • У беларускамоўнай школе пачаткоўцаў сталі навучаць на расейскай, 26.09.2005 • Чаму многія бацькі не аддаюць дзяцей у беларускамоўныя школы?, 27.05.2005
XS
SM
MD
LG