Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Афіцыйны Менск напалохаўся музычнага фэстывалю ў Літве


Іна Студзінская, Менск 24–26 жніўня ў Літве, на тэрыторыі замку ў Нарвялішках, што на мяжы зь Беларусьсю, адбудзецца музычны фэстываль “Be2Gether”. 9 жніўня МЗС Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой заклікала Літву не дапусьціць “прапагандысцкіх акцый непрыязнай, нядобрасуседзкай, антыбеларускай скіраванасьці” ў часе правядзеньня фэстывалю “Be2Gether”.

На фэстываль “Be2Gether” запрошаныя вядомыя музычныя гурты зь Беларусі, Польшчы, Фінляндыі, ЗША, Ісьляндыі, Вялікай Брытаніі – усяго больш за 30 калектываў і выканаўцаў. Мяркуецца, што на фэст зьбярэцца каля 15 тысяч гасьцей. І вось за два тыдні да пачатку фэсту беларускі МЗС зрабіў адмысловую заяву, у якой нагадвае пра небясьпеку “прапагандысцкіх акцый непрыязнай, нядобрасуседзкай, антыбеларускай скіраванасьці”.

Чым выкліканая такая заява беларускага замежнапалітычнага ведамства? Намесьнік начальніка Ўпраўленьня інфармацыі беларускага МЗС Марыя Ваньшына сказала:

“Там усё напісана. Чытайце ўсё, што напісана. Больш я вам нічога не магу сказаць”.

Прэсавы сакратар МЗС Літвы Дайна Рымашаўскайце патлумачыла, што заявы беларускіх калег літоўскі бок камэнтаваць ня будзе:

“Мы не камэнтуем гэтай заявы. Мы папросту хочам зьвярнуць увагу: сама назва фэстывалю – “Be2Gether” (“Будзьце разам”) – ужо акрэсьлівае яго ідэю і мэту – збліжэньне Літвы і Беларусі, літоўскіх і беларускіх жыхароў”.

Прэсавы сакратар МЗС Літвы таксама запэўніла, што літоўскі бок зробіць усе неабходныя захады для арганізацыі бясьпекі і парадку падчас музычнага сьвята.

У фэстывалі бяруць удзел каля 30 музычных калектываў з многіх краінаў сьвету. Зь Беларусі на фэстываль запрошаныя музычныя гурты “Ляпіс Трубецкой”, “IQ-48” і “Drum Extasy”. Музыкі зьдзіўленыя такой прэвэнтыўнай заявай беларускага МЗС, кажа лідэр “Drum Extasy” Філіп Чмыр:

“Беларускія чыноўнікі, як мне падаецца, заўсёды самі ствараюць сытуацыю. Яны думаюць, што ў Эўропе, у свабодным сьвеце, можна кантраляваць публіку, можна накідаць ёй свае меркаваньні, можна забраць, мабыць, чалавека са сьцягам, дамовіўшыся з суседняй краінай. Думаю, на гэтым фэстывалі будзе свабода і кантраляваць людзей ніхто ня будзе”.

Карэспандэнтка: “Але ніякіх задумак ладзіць там прапагандысцкія мерапрыемствы ў музыкаў няма?”

Філіп: “Мы едзем выступаць на фэстываль і ніякіх акцый не плянавалі”.

Дарэчы, значная частка сродкаў, атрыманых за фэстывальныя квіткі, літоўскі бок пералічвае дзецям беларускага гораду Чачэрску, пацярпелага ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. Літва заснавала Цэнтар радыяцыйнай інфармацыі і некалькі гадоў запар арганізоўвае аздараўляльныя летнікі для чарнобыльскіх дзетак.

• Музыка злучыць Беларусь з Эўразьвязам, 19.04.2007
XS
SM
MD
LG