Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея за народжанае дзіця плаціць 10 000 даляраў. Беларусь – 450


Ігар Карней, Менск Паводле штогадовай справаздачы ААН, у якой падсумоўваюцца вынікі росту насельніцтва і робяцца прагнозы на бліжэйшае паўстагодзьдзе, Беларусі пагражае імклівае скарачэньне насельніцтва. Краіна на трэцім месцы ў сьвеце па выміраньні насельніцтва. І, як прагназуюць спэцыялісты, да 2050 году насельнікаў Беларусі ад цяперашніх 9 мільёнаў 698 тысяч застанецца 6 мільёнаў 960 тысяч. Чаму тэмпы нараджальнасьці ў Беларусі адны з самых нізкіх у Эўропе?

За першае паўгодзьдзе 2007 году ў Беларусі нарадзілася амаль 50 тысяч немаўлят, што на 8% болей параўнальна з такім жа пэрыядам 2006-га. Аднак дэмографаў прагрэс мала суцяшае: за той жа час у краіне памерла 69 тысяч чалавек.

Дзеці – як сямейная “катастрофа”

Як кажуць прадстаўнікі арганізацый у справе абароны правоў шматдзетных сямей, дзяржаўная палітыка не спрыяе падвышэньню нараджальнасьці. Дапамога, выплачваная на народжанае дзіця, не кампэнсуе выдаткаў на яго харчаваньне, вопратку і дагляд. Ад 1 чэрвеня 2007-га памер дапамогі за нараджэньне першага дзіцяці падвышаны да 924 тысяч рублёў (у эквіваленце 450 даляраў). Аднак пры гэтым – кажа супрацоўніца Асацыяцыі шматдзетных бацькоў Алена Галяміна – істотна скарочаны пералік малочных сумесяў і лекаў, якія дагэтуль бацькі атрымлівалі бясплатна:

“Трэба ўсяго толькі дапамагчы жанчыне выжыць. Дайце дапамогу, а не забірайце яе! Таму мы ў сваёй арганізацыі, як можам, дапамагаем жанчынам стаць на ногі. Бо трэцяе, чацьвёртае, а то й пятае дзіця, народжанае ў наш час, – гэта для сям’і амаль “катастрофа”. Вось і вынік: нараджальнасьці няма. І ніводная нармальная жанчына ў такіх умовах на гэта ня пойдзе. Хіба толькі шматдзетныя неяк яшчэ гэта вытрымліваюць…”

Ці дойдуць грошы да адрасата?

Намесьніца старшыні камісіі ў адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Натальля Аўдзеева згодна, што дапамагаць сем’ям, якія зьбіраюцца займець дзяцей, трэба. А таму – кажа дэпутатка – скасаваныя з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі льготы шэрагу катэгорый насельніцтва паступова плянуецца разьмеркаваць між тымі, хто мае ў гэтым патрэбу:

“Грошы, якія вызваліліся, будуць накіраваны на ўсемагчымыя нацыянальныя праграмы. Перадусім на дзяржаўную праграму дэмаграфічнай бясьпекі, іншыя праграмы – такія, як “Дзеці Беларусі” і г.д. Адным словам, насамрэч ёсьць катэгорыі грамадзян, якім дапамагаць, напэўна, трэба ў большай ступені – не з разьліку на душу насельніцтва 60% бюджэту спажывецкага мінімуму, а 80-100%. А, можа быць, нават і болей. Ды дзеля гэтага патрэбны дадатковыя сродкі”.

Людзкія страты, як на вайне

Беларускія рэаліі іншыя. Гэта раз-пораз канстатуюць і слухачы Радыё Свабода. Вось заўвага жанчыны, якая датэлефанавалася на наш аўтаадказьнік:

“Хай бы ўлады заквітнелай краіны надрукавалі сьпіс тых тавараў і паслуг, якія можа дазволіць маці свайму дзіцяці, каб укласьціся ў так званы мінімальны спажывецкі кошык. Колькі той кошык каштуе? З умовай, што сям’я ўжо мае дах над галавой і дзеці ў ёй ніколі не хварэюць. Міжволі прыгадваецца фраза нашага правадыра: “иногда немножко мяска ребенку». Параўнаеш гэты “кошык” з заробкам цьвярозага працавітага беларуса – і стане зразумела, што ён, перабіваючыся з хлеба на квас, можа выгадаваць на дробнай бульбачцы ня больш за адно дзіця”.

Летась у сваім перадвыбарным выступе кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін наўпрост назваў дэмаграфічную сытуацыю ў Беларусі катастрофай:

“За апошнія 12 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася на 5%. Амаль на паўмільёна! Беларусы любяць паўтараць: галоўнае, каб не было вайны. А страты – амаль як на вайне! Вось вам і паказная стабільнасьць. А гэта – дэмаграфічная катастрофа. Пра гэта трэба біць у званы. Рэзка скарацілася нараджальнасьць. Людзі баяцца ў цяперашніх умовах заводзіць дзяцей. Баяцца таму, што ня ўпэўнены: ці змогуць іх потым пракарміць і забясьпечыць вартае жыцьцё”.

У Нямеччыне ад 1 студзеня 2007 году сем’і, у якіх нараджаецца другое дзіця, атрымліваюць 25 200 эўра (за першае дапамога складае 9 тысяч эўра). У суседняй Украіне ад наступнага году сем’і будуць атрымліваць 15 тысяч грыўняў за нараджэньне кожнага другога і наступнага дзіцяці – а гэта тры тысячы даляраў. У Расеі на жанчыну, якая нарадзіла дзіця, фармуецца так званы базавы мацярынскі капітал -- 250 тысяч рублёў (10 тысяч даляраў).

• 450 даляраў. Ці дастатковы стымул для падвышэньня нараджальнасьці?, 13.06.2007
XS
SM
MD
LG