Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе Беларусь надалей своечасова плаціць за газ?


Севярын Квяткоўскі, Менск На пытаньне “Свабоды” адказваюць мінакі на менскіх вуліцах.

Спадар: “Канечне, будзе. Куды ж дзенецца? Возьме, колькі трэба, з кішэні грамадзян – і заплаціць”.

Спадарыня: “Мяркую, што не. Што – цяпер заплацілі? Далей будзе тая ж сытуацыя – як і раней”.

Спадар: “Выйсьце ў новых крыніцах энэргіі – сонца, паветра...”

Дзяўчына: “Пакуль будзем будаваць лядовыя палацы, – ня будзем своечасова плаціць”.

Хлопец: “Саша, дзе грошы?” (сьмяецца)

Дзяўчына: “Дзе стабілізацыйныя фонды – не зразумела. Яшчэ – гэта палітыка. І нельга ня ўлічваць таго, што мы залежым ад Расеі”.

Студэнт: “Ёсьць жа ўсясьветны досьвед – калі энэргія пастаўляецца не з адной краіны, а з розных. У тым ліку можна ж перайсьці й на ўласныя рэсурсы. Але, па сутнасьці, нам трэба ісьці да рынку. Іншага шляху папросту няма. Гэта ўсясьветны досьвед”.

Школьнік: “Мне падаецца, Беларусь робіць усё магчымае...”

Пэнсіянэр: “З адной кішэні перакладуць у іншую – і ўсё”.

Студэнт: “Мяркую, Беларусь будзе плаціць. Але дзеля гэтага трэба зрабіць штосьці моцнае. Трэба штосьці зьмяніць у палітыцы і наагул – у грамадзтве”.

Студэнтка: “У Беларусі папросту няма іншага выйсьця. Можа быць, пазьней знойдзем іншыя шляхі здабычы газу. Мабыць, – у іншых краінах. Гэта ня столькі эканамічнае, колькі палітычнае пытаньне. Мы з Расеяй, нібыта, браты. Я лічу, зь іхнага боку патрабаваць поўнай платы за газ – не карэктна. Бо мы ж таксама ім шмат сваёй прадукцыі прадаём, і за даволі нізкія кошты. Таму лічу, што нам мусяць быць зьніжкі. Але плаціць Беларусь будзе – не пакінуць жа людзей бяз газу”.

Спадар: “Хацелася б верыць, што Беларусь будзе своечасова плаціць за газ. Бо падобныя затрымкі адмоўна адбіваюцца на іміджы краіны”.

Студэнт: “У дадзенай сытуацыі спадзявацца на нейкія крэдыты вельмі цяжка. Таму што наш прэзыдэнт сябе зарэкамэндаваў як ня надта надзейны партнэр. Ня ведаю, як у такой сытуацыі выйсьці сухімі з вады. Вельмі страшна: што там далей будзе?”

Спадар: “Цяпер цяжка прагназаваць. Мяркую, самы драматычны сюжэт – гэта крызыс: страйкі, беспарадкі...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG