Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя «Міжнароднай амністыі» ў Варшаве ў абарону Казуліна


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» пачала акцыю «Пішы, пакуль ня вызваліш усіх», мэта якой – вызваленьне чатырох палітвязьняў у розных краінах сьвету, у тым ліку Аляксандра Казуліна ў Беларусі.

Акцыя ў Варшаве пачалася ад расклейкі на ходніку адной з вуліцаў у цэнтры Варшавы адмысловых налепак, якія прадстаўляюць нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў у розных краінах сьвету.

Адначасова актывісты «Міжнароднай амністыі» заахвочвалі мінакоў пісаць лісты на імя кіраўнікоў Зімбабвэ, Кітаю, Віетнаму і Беларусі з патрабаваньнем вызваліць канкрэтнага палітвязьня – у Беларусі гэта Аляксандар Казулін.

«Такія акцыі з аднаго боку нагадваюць палякам і міжнароднай супольнасьці, што ў гэтых краінах, у тым ліку і ў Беларусі, ёсьць праблема палітвязьняў. Па-другое, мы хочам паказаць, як шмат людзей пратэстуе супраць гэтага. У Беларусі ніводзін з палітвязьняў ня быў вызвалены ў часе апошняй амністыі. Трэба казаць пра гэта, узмацняць уціск», – кажа Войтэк Макоўскі зь «Міжнароднай амністыі».

«Пішы, пакуль ня вызваліш усіх» – гэта акцыя-падрыхтоўка да міжнароднага «Маратону пісаньня лістоў», які ладзіцца штогод у Дзень правоў чалавека 10 сьнежня – летась палякі напісалі больш за 20 тысячаў лістоў з заклікам вызваліць палітвязьняў, у тым ліку і ў Беларусь.

Паводле праваабаронцаў, такія акцыі канчаюцца посьпехам прыкладна для адной траціны палітзьняволеных. У гэтым пераканалася Джэніфэр Латыф, журналістка з Мальдыўскай рэспублікі.

«У верасьні 2003 году мяне арыштавалі разам зь іншымі незалежнымі журналістамі і прысудзілі 10 гадоў турмы, абвінаваціўшы на падставе сфабрыкаваных дакумэнтаў у «тэрарыстычнай дзейнасьці». Але потым Міжнародная амністыя, іншыя праваабарончыя арганізацыі пачалі кампанію з патрабаваньнем майго вызваленьня, і атрымалася! Пасьля 10 месяцаў турмы прэзыдэнт мяне памілаваў».

Варшава, 10.08.2007. Плакат Міжнароднай амністыі Плакат “Міжнароднай амністыі” ў Варшаве:“Тысячы людзей зьняволеныя за перакананьні ў месцах, цясьнейшых за гэтае. Твой ліст можа зьмяніць іх лёс. Пішы.”

На гэтым тыдні споўнілася 500 дзён, як Аляксандар Казулін, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі, знаходзіцца за кратамі.

Дачка палітвязьня Юлія заявіла пра ціск на яе бацьку з боку адміністрацыі калёніі. Яна зазначыла, што ў прыватнасьці яго пазбаўляюць газэт ды іншых носьбітаў інфармацыі, і што нават ад сям''і да яго даходзяць ня ўсе лісты.

Апрача таго, паводле Юліі Казулінай, адміністрацыя віцебскай калёніі запалохвае іншых асуджаных, каб яны не кантактавалі зь яе бацькам.

Аляксандар Казулін быў затрыманы 25 сакавіка 2006 году ў часе шэсьця калёны да турмы на Акрэсьціна. 13 чэрвеня 2006 году Аляксандар Казулін судом Маскоўскага раёну Менску быў асуджаны на пяць з паловай гадоў турмы. Пакараньне Казулін адбывае ў калёніі "Віцьба-3". На знак пратэсту Аляксандар Казулін галадаваў 53 дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG