Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не разумею, пра якія парушэньні правоў чалавека вы гаворыце...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 11 жніўня 2007 году

Многія нашы слухачы ў лістах на “Свабоду” параўноўваюць рэаліі ўласнага жыцьця з той вэрсіяй рэчаіснасьці, якую паказвае дзяржаўнае тэлебачаньне і выкладаюць у публікацыях дзяржаўныя газэты. Высновы на параўнаньнях робяцца самыя разнастайныя.

Адзін зь лістоў на гэтую тэму ў пошце мінулых дзён – ад Леаніда Цыбульскага з Рэчыцы. Гэты горад, як вядома, сёлета будзе прымаць рэспубліканскія Дажынкі. Слухач піша:

“Гляджу на сёньняшнюю Рэчыцу – і згадваю пасьляваенныя гады. Гэтак жа ўсё ламаюць і перарабляюць. І грошай у іх хапае. А на нашай вуліцы, каб правесьці газ, трэба пракласьці 300 мэтраў трубы. Дык на гэта – адказваюць – няма сродкаў. Плаціце, маўляў, самі.

Па тэлебачаньні, у друку наша жыцьцё як толькі не ўхваляюць – ну, не жыцьцё, а маліна. А што ў сапраўднасьці?

Чыноўнікі раскашуюць, а просты люд – у жабрацтве. Канторы прадпрыемстваў растуць. Прычым, пераважна за кошт сваякоў начальства.

Што да “газавай” вайны з Расеяй, пра якую апошнім часам шмат гавораць, то маё меркаваньне наступнае. Прэзыдэнт Лукашэнка хоча паказаць народу свой “бацькоўскі” клопат (які насамрэч ёсьць толькі на словах), а таксама пераканаць людзей, нібы ва ўсіх цяжкасьцях і няспынным росьце цэнаў вінаватая Расея. А ён тым часам будзе ўзводзіць лядовыя палацы, стадыёны, запускаць спадарожнікі, сьвяткаваць дажынкі. І ня хоча бачыць таго, што працэнтаў трыццаць працаздольнага насельніцтва Беларусі езьдзіць на заробкі ў Расею, бо ў нас нармальнай працы няма”.

Думаю, спадар Цыбульскі, ня толькі Вы, але й многія людзі бачаць гэта. Супастаўляюць факты – і робяць адпаведныя высновы, якія наўрад ці супадаюць зь лёзунгамі афіцыйнай прапаганды.

Зрэшты, ёсьць сярод нашых слухачоў і такія, хто зусім па-іншаму глядзіць на ўсё, што адбываеца сёньня ў Беларусі.

“Я ўпэўнены, што мой ліст вы па радыё не прачытаеце,– піша нам лекар Ігар Пастноў зь Віцебску. – “Свабода” ж – орган Кангрэсу ЗША. А хто плаціць, той і музыку замаўляе.

Хачу паведаміць, што чуваць ваша радыё выдатна. Я слухаю на старым прыймачы, без антэны: чутнасьць – нібы з суседняга пакою. Так што ніхто вас ня глушыць, дый глушыць асабліва няма чаго.

Абсалютна нязгодны, што ў Беларусі няма свабоды слова. Ёсьць. І нават, магчыма, больш, чым у вас. Напрыклад, я друкуюся ў многіх выданьнях, у тым ліку ў газэце Міністэрства аховы здароўя. Кранаю й крытычныя пытаньні – пра ўяўную барацьбу з карупцыяй, калі мэдыкаў знарок правакуюць на хабар, выкарыстоўваючы псыхалягічныя прыёмы. Хапаюць простых настаўнікаў, дактароў… І пра гэта друкавалі, стваралі паводле маіх, шараговага доктара, зваротаў камісіі на самым высокім узроўні. А сёньня і амністуюць многіх слабахарактарных ахвяр сьледчых экспэрымэнтаў, якія апынуліся за кратамі за кавалак каўбасы ды бляшанку траскі…”

Далей Ігар Пастноў разважае пра апазыцыйную моладзь. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Я – дзіцячы доктар, дасьледую пытаньні агрэсіўнасьці падлеткаў. Прага экстрыму, выкіду адрэналіну, прыгод часта прыводзіць іх на плошчу. І несумленна выкарыстоўваць гэтыя пачуцьці, ламаць лёсы дзяцей. У Беларусі дастаткова законных спосабаў дзеля выказваньня сваіх меркаваньняў. Трэба атрымліваць інфармацыю з абодвух бакоў, а ня толькі ад купкі людзей, якіх, нібыта, “перасьледуюць”, “заціскаюць”.

Я не хачу такой свабоды, як у Іраку. Дый такой, як у Польшчы, ці іншых, так бы мовіць, “вызваленых” краінах. Што атрымала Польшча? Разгул карупцыі, недабраякаснае мяса. Палякі ходзяць з працягнутай рукой. Думаю, што й большасьць простых людзей у нас такога ня хоча. Вось і ня ідуць на вашы мітынгі. Страх тут увогуле ні пры чым.

Большасьць беларусаў увогуле не разумее: пра якія парушэньні правоў чалавека вы гаворыце, калі ў нас усё – дзеля дабрабыту простага чалавека. І гэта на справе, а не на словах. А калі вы лічыце, што свабода – гэта свабода гарлапаніць на плошчах, біць адзін аднаму морду ў п’яным чадзе, то я, просты чалавек, такой свабоды не хачу”.

Дык, кажаце, спадар Пастноў: “Усё ў імя чалавека, усё дзеля дабрабыту чалавека…” Калісьці, іранізуючы з гэтага лёзунгу камуністычнай прапаганды, савецкія грамадзяне ўсьміхаліся: “Застаецца даведацца імя гэтага чалавека”. Я, у зьвязку з Вашымі патаснымі і катэгарычнымі цьверджаньнямі, прыгадваю ліст настаўніка-пэнсіянэра, інваліда Івана Цімафейчыка зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну. Ліст прагучаў у папярэднім аглядзе пошты.

Усё жыцьцё слухач адпрацаваў у школе, жыў у кватэры “прышкольнага” дому. Цяпер школу зачыняюць, а разам зь ёй – і кацельню, ад якой ацяпляўся “настаўніцкі” дом. З раённай управы адукацыі даслалі дырэктыву: уладкоўвай, інвалід, “локальный обогрев своей квартиры…” Вядома, гэта нерэнтабэльна – ацяпляць дарагім газам ці вугалем дом, дзе жывуць няшчасны інвалід ды іншыя такія ж старыя нямоглыя настаўнікі. Рэжым жорсткай эканоміі паліва – гэта ж усё дзеля інтарэсаў людзей. А што дзеля канкрэтнага чалавека – настаўніка Цімафейчыка?

Датычна ж свабоды слова ў Беларусі… Паспрабуйце, спадар Пастноў, набыць у сваім Віцебску ў газэтным шапіку незалежныя газэты – напрыклад, “Народную Волю” ці “Нашу Ніву”. Вы ніколі не задавалі самому сабе пытаньня, чаму іх немагчыма там знайсьці, хоць беларуская Канстытуцыя нібыта гарантуе свабоду друку?

Наступны ліст – з расейскага Санкт-Пецярбургу, ад Маргарыты Пяровай зь вядомага беларускага роду Луцкевічаў. Напрыканцы ліпеня спадарыня Пярова прыяжджала ў Менск і стала сьведкай разгону апазыцыйнай акцыі 27 ліпеня ля Чырвонага касьцёлу. А потым яна прыйшла ў Купалаўскі парк, дзе спачатку таксама плянавалася імпрэза да Дня незалежнасьці. Але й гэта забаранілі. Слухачка падрабязна апісвае ўсе тыя падзеі, пра якія ўжо вядома нашым слухачам з рэпартажаў карэспандэнтаў “Свабоды”. А вось што асабліва ўразіла спадарыню Пярову:

“На прыступках ля помніка Купалу, нібы птушачкі, сядзелі, прытуліўшыся адна да адной, тры тоненькія дзяўчынкі. Як толькі хлопцы ў цывільным, што назіралі за імі, узьняліся з лавы, дзяўчаткі ўскінулі ўгору рукі – і над імі залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Да іх адразу падбег нейкі “амбал” і некуды пацягнуў. Людзі паўскоквалі з лавак і закрычалі: “Якое ты маеш права чапаць дзяўчат? Дзе твае дакумэнты?”

Калі выходзілі з парку, нейкая прыгожая жанчына сказала: “Ну вось, цяпер тры дні ў мяне будзе падвышаны ціск, буду хварэць!” А колькі дзён буду хварэць я? І зь якімі пачуцьцямі паеду дахаты ў Санкт-Пецярбург? Калі я забуду гэтых дзяўчатак-птушак, што ўзьнялі над сабой бел-чырвона-белыя крылы?

Я – госьць, але сэрцам, думкамі, справамі заўсёды тут, на Беларусі. І я не разумею, навошта патрэбен дазвол на чытаньне вершаў ля помніка паэту альбо каб паслухаць расповеды былых дэпутатаў пра гістарычныя падзеі 27 ліпеня? Не разумею!”

Такія ці падобныя сцэны, спадарыня Маргарыта, і ў Менску, і ў іншых беларускіх гарадах можна назіраць і 25 сакавіка, і 26 красавіка – і ўвогуле, у любы дзень, калі апазыцыя спрабуе нейкім чынам адзначыць важную для грамадзтва падзею. Пытаньняў, якія паўстаюць з Вашага ліста, у Беларусі ўжо даўно не задаюць – адказ на іх для ўсіх відочны.

Але будучыня Беларусі якраз за гэтымі дзяўчаткамі, а не за тымі, хто паслаў спэцназаўцаў і амонаўцаў у Купалаўскі парк, каб цікаваць за імі ды адбіраць нацыянальныя сьцягі. Рана ці позна ўсё стане на свае месцы: ля бронзавага Купалы людзі без усялякіх дазволаў улады будуць чытаць вершы пад нацыянальнымі сьцягамі, а спэцслужбы і АМОН – лавіць бандытаў і хабарнікаў, а не безабаронную і ні чым не вінаватую па-грамадзянску неабыякавую моладзь.

На заканчэньне – кароткі ліст, які пакіну бэз камэнтароў. Нам піша Мікалай Корбут зь Менску:

“Падчас вайсковых парадаў, апошні зь якіх адбыўся ў Менску 3 ліпеня, побач з прэзыдэнтам на трыбуне стаяць некалькі генэралаў з ордэнамі і мэдалямі. Узнагародаў гэтак шмат, што можна падумаць, нібы іх уладальнікі атрымалі мноства перамог у жорсткіх войнах. Але ж ніводзін з гэтых генэралаў, наколькі я ведаю, ня ўдзельнічаў у Другой усясьветнай вайне. Бо нарадзіліся і вучыліся яны ўжо ў пасьляваенны час, а калі ў якіх войнах і ўдзельнічалі, дык толькі ў савецкай агрэсіі супраць Чэхаславаччыны ды Аўганістану”.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG