Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Званок на "Свабоду": “Чым дакладнейшы разьлік, тым мацнейшае сяброўства”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 10 жніўня, пятніца. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадар: “Вельмі добра зрабіў прэзыдэнт Амэрыкі адносна візавых абмежаваньняў для чыноўнікаў Беларусі. Няхай нарабаванымі ў беларускага народу грашыма душацца тут і ня сунуцца ў цывілізаваныя краіны. Як добры садоўнік Джордж Буш не дазваляе пустазельлю распаўзацца па зямлі”.

Спадарыня: “Добры дзень, Свабода. Дзякуй, што ты ёсьць. Калісьці, яшчэ ў сярэдзіне васьмідзясятых гадоў, калі аддавала пазычаныя грошы свайму добраму знаёмаму, то адмаўлялася браць у яго рэштаю нейкія капейкі. На гэта ён мне сказаў мудрыя словы: “Чым дакладнейшы разьлік, тым мацнейшае сяброўства”. Я добра запомніла гэтыя словы, і з таго часу імкнуся жыць паводле гэтага правіла. Ня трэба было ўсе гэтыя 13 гадоў радавацца “халяве” -- таннаму газу. Ня трэба было шукаць сродкі, як каго “кінуць”, а шукаць, а то і забраць сілай. Што мы маем за гэтыя 13 гадоў? Эканамічны цуд?”

Аляксандр Яцкевіч, Віцебск: “Вельмі добра зрабіла Амэрыка, што забараніла некаторым уезд, але было б лепш, каб і Эўразьвяз зрабіў тое самае. Ёсьць творчыя людзі – хай едуць, хай кантактуюць і палітыку зробяць, якая патрэбная. Гэта будзе самае разумнае. Калі чалавек займае пасаду дырэктара, то гэта самы страшны нягоднік. У мяне фактаў на гэты конт вельмі многа. Напісаў заяву ў Пракуратуру, але ці будзе што?”

Слухач: “Значнае пашырэньне ліку невыязных чыноўнікаў -- спадзяваны, разумны, але ж запозьнены і недастатковы крок. ЗША прымае рашэньні марудна, кансэрватыўна. Гэта -- паўмера. Улада ж Беларусі рэагуе на любыя дзеяньні Беларусі імгненна – прымае адпаведныя забароны. У апошнія гады гэта адкрытыя правакацыі і прымітыўныя арышты, якіх не пазьбег таксама і я. Нагадаю рашэньне Юшчанкі ва Ўкраіне, які звольніў адразу 15 тысяч чыноўнікаў, якія відавочна стрымлівалі дэмакратыю. Лічу, што рашучы крок ЗША павінны падтрымаць Эўропа ды іншыя дэмакратычныя краіны”.

Спадар: “Раскажыце, калі ласка, на якой законнай базе грунтуецца заява Міністэрства ўнутраных справаў наконт інвэстыцыяў узамен на беларускае грамадзянства? Ці адпавядае гэта закону?”

Спадар: “ Пытаньне да ўсіх, хто лічыць сябе палітыкам. Як вы ставіцеся да меркаваньня: “Турма для палітычнага дзеяча, вартага мець гэты назоў, у дакладнасьці тое самае, што зброя для салдата – вялікі гонар і заахвочваньне на новыя справы?” Гэта думка малдоўска-румынскага пісьменьніка Богдана Петручэйку Хашдэу.”

Спадарыня: “Ёсьць вельмі слушная прымаўка: “Не пераскочыўшы рэчку – не кажы “гоп”. Хачу спытаць у Старчанкі: за чый кошт яе беларуская эканоміка вытрымала пагашэньне запазычанасьці за газ? Хай яна пацікавіцца, як могуць вытрымаць малазабясьпечаныя, галодныя пэнсіянэры, інваліды, дзеці, студэнты? Вытрымліваеце, забіраючы ў гэтай катэгорыі людзей апошняе, нават нармальнае існаваньне. Вытрымала не беларуская эканоміка, а вытрымаў лукашэнкаўскі капіталізм” .

Спадарыня: “Днямі чула, як нейкая жанчынка скардзілася ў роспачы, што ня ведае, як пракарміць сваіх дзяцей. Хай бы ўлады квітнеючай краіны надрукавалі сьпіс тых тавараў і паслугаў, якія можа дазволіць маці свайму дзіцяці, каб укласьціся ў так званы мінімальны спажывецкі кошык, і колькі ён каштуе, пры ўмове, што сям’я ўжо мае дах над галавой, і дзеці там ніколі не хварэюць. Міжволі прыходзіць у галаву фраза нашага правадыра пра “иногда немножко мяска ребенку». Параўнаўшы гэты “кошык” з заробкам цьвярозага, працавітага беларуса стане зразумела, што ён, перабіваючыся з хлеба на квас, можа выгадаваць на дробнай бульбачцы ня болей за адно дзіця”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG