Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі суд аштрафаваў арганізатараў канцэрту беларускамоўных бардаў


Радыё Свабода Сёньня ў гаспадарчым судзе Гомельскай вобласьці завершаны разгляд адміністрацыйных справаў у дачыненьні грамадзкіх актывістаў Ларысы Шчыраковай і Зьміцера Жалезьнічэнкі. За арганізацыю канцэрту беларускамоўных бардаў на прыватнай кватэры яны прызнаны вінаватымі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці й аштрафаваны – кожны на 310 тысячаў рублёў.

Аштрафаваныя актывісты лічаць, што справы супраць іх палітычна матываваныя. У прыватнасьці, студэнт матэматычнага факультэта ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны спадар Жалезьнічэнка зьдзіўляецца, як можна лічыць прадпрыймальніцкай дзейнасьцю тое, што не дае чалавеку ніякага прыбытку, тым больш – сыстэматычнага.

Зьміцер не адмаўляе, што вырабіў просьценькія афішы й распаўсюджваў іх у горадзе. Дапамагаў такім чынам Ларысе Шчыраковай, бо ведае, што канцэрты беларускамоўных бардаў, якімі ён захапляецца, заўсёды зарганізоўваюцца ў краіне зь вялікімі цяжкасьцямі.

Рэкляма канцэрту вялася пасьля таго, як спадарыня Шчыракова атрымала ў доме культуры Гомельскага раёну дазвол дырэктара на канцэрт і адпаведна пад распіску квіткі для распаўсюду.

“У мяне ёсьць пазабюджэтны фонд, які знаходзіцца ў плачэўным стане. Я хацеў паправіць яго”, - патлумачыў суду дырэктар ДК Уладзімір Крышталёў. Але нечакана зьверху дырэктару паступіла каманда на забарону канцэрту беларускамоўных бардаў. Спадарыня Шчыракова й Зьміцер Жалезьнічэнка вымушаны былі вяртаць квіткі дому культуры.

Пазьней вырашана было зладзіць выступ бардаў для вузкага кола сяброў у прыватным доме на вуліцы Палескай. А ўжо праз два дні пасьля канцэрту ў інспэкцыі па падатках і зборах ляжалі заявы трох студэнтаў гістарычнага факультэту ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны – Антона Яначкіна, Станіслава Лапыкі й Пятра Валяева. Яны сьцьвярджалі, што пры ўваходзе ў прыватны дом невядомы хлапец са скрыняю ўзяў у іх за канцэрт па 5 тысяч рублёў. Побач зь незнаёмцам не было ні Ларысы Шчыраковай, ні Зьміцера Жалезьнічэнкі. Да таго ж студэнты пад прысягаю паведамілі, што ня бачылі, каб хто-небудзь іншы даваў грошы за канцэрт.

Як распавёў ў судзе Пятро Валяеў, канцэрт беларускіх бардаў ім спадабаўся. Пасьля імпрэзы на вуліцы да іх падышоў малады чалавек, які назваўся падатковым інспэктарам, і стаў падрабязна распытваць, што і як адбывалася ў прыватным доме. І хаця гэтая тэма ў судзе далей не разьвівалася, відавочна, гэта й стала пачаткам адміністрацыйных справаў супраць Шчыраковай і Жалезьнічэнкі пра нібыта іх незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Даволі цікавым было й сьведчаньне студэнта Яначкіна супраць студэнта Жалезьнічэнкі пра тое, чаму ён зрабіў выснову, што Зьміцер зьяўляецца арганізатарам бардаўскага канцэрту ў прыватным доме. “Ён нешта там гаварыў”, - патлумачыў будучы гісторык Антон.

Дарэчы, у сьведкі Пятра Валяева сёньня быў дзень народзінаў. Падчас судовага перапынку абвінавачаны ў незаконнай прадпрыймальніцкай дзейнасьці спадар Жалезьнічэнка павіншаваў аднакашніка з 20-годзьдзем і спрабаваў уручыць падарунак – партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Аднак Пётр адмовіўся ад падарунка.

Судзьдзя Натальля Скоблік аштрафавала Зьміцера Жалезьнічэнку на дзесяць базавых велічыняў – 310 тысяч рублёў.

Такое ж пакараньне судзьдзя Вікторыя Лапута вынесла і ў дачыненьні Ларысы Шчыраковай. Апрача таго, на адрас аддзела культуры Гомельскага райвыканкаму судзьдзя вырашыла накіраваць прыватнае азначэньне за тое, што дырэктар ДК Уладзімір Крышталёў дазваляў спадарыні Шчыраковай, якая ня мае гастрольнай ліцэнзіі, зарганізоўваць бардаўскі канцэрт.

“Я лічу, што гэта проста палітычны перасьлед дэмакратычных актывістаў за тое, што яны рупяцца пра беларускую мову, што яны - аматары беларускай песьні і зьяўляюцца патрыётамі Бацькаўшчыны”, - сказала Ларыса Шчыракова.
XS
SM
MD
LG