Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада нагадвае пра свае ўладаньні ў Арктыцы


Вольга Караткевіч, Прага Пасьля таго, як расейскі батыскаф апусьціўся на глыбіню чатыры тысячы мэтраў у моры на Паўночным полюсе і там быў усталяваны расейскі сьцяг, іншыя краіны паставілі пад сумнеў меркаваньне, што Расея можа валодаць гэтай часткай Зямлі. Канада актыўна ўключылася ў змаганьне за ўласнасьць на вялікай тэрыторыі Арктыкі.

Прэм''ер-міністар Канады Стывэн Гарпэр робіць трохдзённы візыт у засьнежаны рэгіён. Паездку Атава назвала "Турам арктычнага сувэрэнітэту". Для гэтага візыту канадзкі прэм''ер заплянаваў сярод іншага некалькі ваенных заяваў. Паездка канадзкага прэм''ера ў раён паўночнага полюсу адбываецца пасьля таго, як расейская навуковая каманда пагрузілася на дно Ледавітага акіяну і ўсталявала там расейскі сьцяг.

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў сказаў, што мэта місіі расейскіх палярнікаў была давесьці, што расейкі шэльф цягнецца да месцаў зь некранутымі запасамі нафты, газу і мінэральнымі рэсурсамі.

Лаўроў: "Мэта гэтай экспэдыцыі - ня сьцьвердзіць правы Расеі, а давесьці, што наш шэльф цягнецца да Паўночнага полюсу. Для гэтага існуюць канкрэтныя навуковыя мэтады, і, думаю, што экспэдыцыя, уключна з пагружэньнем батыскафа на дно Паўночнага Ледавітага акіяну ў раёне Паўночнага полюсу, дазволіць атрымаць дадатковыя навуковыя доказы таго, чаго мы зьбіраемся дамагчыся".

Канада хутка зрэагавала і міністар замежных справаў Пітэр Макэй заявіў, што Атава ніколі ня здасьць сваіх тэрыторыяў.

Макэй: "Няма пытаньня пра канадзкае ўладараньне ў Арктыцы. І мы гэта дакладна давялі. Мы гэта сьцьвердзілі, шмат гадоў таму, што гэта канадзкія тэрытарыяльныя воды і што гэта ўласнасьць Канады".

Чакаецца, што ў часе наведваньне Арктыкі прэм''ер Канады Гарпэр абвесьціць пра пра ўтварэньне Першага канадзкага глыбокаводнага порту. "Канада мае магчымасьць сьцьвердзіць сваё ўладараньне ў Арктыцы, мы ня зробім памылкі" – заявіў Стывэн Гарпэр.

Паводле Канвэнцыі ААН аб Заканадаўстве аб моры, Расея, Канада, Нарвэгія, Злучаныя Штаты і Данія – з тэрыторыяй Грэнляндыі – маюць эксклюзыўнае эканамічнае выкарыстаньне зоны Паўночнага Ледавітага акіяну.
XS
SM
MD
LG