Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Справу “польскіх шпіёнаў” перадалі ў суд</B>


Любоў Лунёва, Менск Сьледчыя КДБ перадалі ў суд крымінальную справу супраць чатырох грамадзянаў Беларусі і аднаго – Расеі. Усіх абвінавачваюць у здрадзе Радзіме і ажыцьцяўленьні агентурнай выведкі на карысьць польскіх спэцслужбаў. Пра затрыманьне “групы польскіх шпіёнаў” КДБ паведаміў у ліпені. Дня судовага паседжаньня яшчэ не прызначылі, але, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, суд мусіць пачацца цягам месяца.

Крымінальная справа так званых “польскіх шпіёнаў” знаходзіцца ў Вярхоўным судзе. Нагадаем: у ліпені дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі паведамілі пра чарговы “шпіёнскі скандал”. Прэс-служба КДБ назвала прозьвішчы арыштаваных “шпіёнаў”. Імі аказаліся чацьвёра грамадзянаў Беларусі – былы маёр Узброеных сілаў Беларусі Ўладзімер Рускін, былы маёр Віктар Богдан, вайскоўцы радыётэхнічнай брыгады войскаў СПА Беларусі Карнялюк і Пяткевіч.

Яшчэ адзін з фігурантаў крымінальнай справы, маёр Юрэня – грамадзянін Расеі. Вядучы ОНТ паведаміў, што расеец зьявіўся ў расейскую Фэдэральную службу бясьпекі з павіннай і распавёў пра сваё супрацоўніцтва з польскай выведкай.

Анжаліка Борыс лічыць, што “шпіёнскі скандал” цалкам прыдуманы беларускімі спэцслужбамі і толькі пагаршае й без таго няпростыя стасункі Польшчы і Беларусі.

А.Борыс: “У нас вельмі шмат такіх спраў у судах”

“Справа “польскіх шпіёнаў” – кялейная прыдумка КДБ. Для нармалізацыі сытуацыі гэта нікому не патрэбна. Калі будзе палітычная воля для нармалізацыі сытуацыі, то ўсё будзе добра. А калі яе ня будзе, – усё можа быць. Не пацьвердзілася ж, што яны маюць нейкае дачыненьне да выведкі. У нас вельмі шмат такіх спраў у судах”.

Карэспандэнт “Gazety Wyborczej” Анджэй Пачобут лічыць ускосным сьведчаньнем надуманасьці “шпіёнскага скандалу” тую акалічнасьць , што пра затрыманьне шпіёнаў паведаміў Другі тэлевізійны нацыянальны канал, а ня БелТА. Ён прыгадаў, што да скандалу прычыніўся былы кіраўнік КДБ па Гарадзенскай вобласьці Віктар Вягера, які быў адным з “распрацоўшчыкаў” “Саюзу палякаў”. Але галоўным доказам, паводле Анджэя Пачобута, ёсьць тое, што скандал разгарнуўся менавіта напярэдадні беларуска-польскіх перамоў.

А.Пачобут: Ніводзін судзьдзя не адважыцца аспрэчваць ухвалу прэзыдэнта”

“Адным з пытаньняў, якія мусілі разглядаць, была справа польскай меншасьці і “Саюзу палякаў”. Вельмі шмат пытаньняў. Мне вельмі абсурднай падаецца гэтая гісторыя і такое яе выкарыстаньне. На польскую нацыянальную меншасьць гэта паўплывае толькі ў тым выпадку, калі вакол гэтага будзе разгорнутая нейкая інфармацыйная кампанія. Але, я мяркую, на гэта сёньня беларускія ўлады наўрад ці пойдуць. Прэзыдэнт сказаў жа: “Малайцы, хлопцы!” Зразумела, як гэта справа скончыцца, калі прагучала ўхвала з вуснаў Лукашэнкі. Думаю, ніводзін судзьдзя не адважыцца аспрэчваць ухвалу прэзыдэнта”.

Цягам месяца пачнецца разгляд крымінальнай справы. Такія справы зазвычай разглядаюць за зачыненымі дзьвярыма. З тае прычыны, што прысуд будзе выносіць Вярхоўны суд, абскардзіць яго абвінавачаныя змогуць толькі ў Генэральнай пракуратуры.

• Намесьнік старшыні КДБ у эфіры ОНТ распавёў пра меркаваных шпіёнаў, 16.07.2007 • Польскі друк: затрыманьне так званых “польскіх шпіёнаў” – правакацыя Менску, 14.07.2007 • КДБ абясшкодзіў сетку агентаў польскай выведкі?, 13.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG