Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада лічыць беларускую эканоміку канкурэнтаздольнай


Севярын Квяткоўскі, Менск Тацяна Старчанка, намесьніца міністра эканомікі, на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэсцэнтры распавяла пра тое, як разьвівалася беларуская эканоміка ў першай палове 2007 году і які прагноз улады на 2008 год.

Улада лічыць, што падвышэньне коштаў на газ і мыта на нафту сталіся для Беларусі шокам, але краіна яго пераадолела.

Тацяна Старчанка глядзіць на вынікі першага паўгодзьдзя аптымістычна:

“Мы пераадолелі пэўны шок – годна справіліся з праблемамі падваеньня цэн на газ ды новага мыта на нафту. Гэта яскравае сьведчаньне таго, што наша эканоміка канкурэнтаздольная”.

Намесьніца міністра нагадала пра беражлівасьць і зьніжэньне энэргаёмістасьці вытворчасьці. Паводле спадарыні Старчанкі, зьнешнеэканамічная дзейнасьць таксама мае адбітак новых коштаў на энэрганосьбіты, бо імпарт апераджае экспарт:

“Гэты самы фактар (падаражаньне энэргетычных тавараў) адыграў сваю нэгатыўную ролю ў забесьпячэньні станоўчага сальда. За пэрыяд студзень-травень мы маем мінус 881,6 мільёна даляраў”.

Паводле Старчанкі, урад імкнецца мінімізаваць наступствы, але павялічыць аб’ёмы экспарту за адзін год наўрад ці атрымаецца.

Тацяна Старчанка мяркуе, што сытуацыю нельга назваць страшнай. Мінус у зьнешнім гандлі можна кампэнсаваць шляхам непасрэдных інвэстыцыяў і зьнешніх пазыкаў.

Эканаміст Міхал Залескі мяркуе, што Беларусь зьбіраецца выходзіць з сытуацыі, увесь час пазычаючы болей, чым здольная зарабіць:

“Давайце падумаем пра запазычанасьць дзяржавы, якую хочуць зрабіць. У нас пакуль што яе няма. Добра мець запазычанасьць, калі ў цябе нарастае эфэктыўны зьнешні гандаль. Але наш зьнешні гандаль абапіраецца на рээкспарт нафтапрадуктаў, экспарт сыравіны – калійных соляў, лесу і г.д.”
XS
SM
MD
LG