Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах ва Ўкраіне пераважае тэма эканомікі


Радыё Свабода, Прага Ва Украіне пачалася кампанія датэрміновых выбараў Вярхоўнай Рады. Выбары адбудуцца 30 верасьня. Пра тэмы выбарчай кампаніі і расстаноўку палітычных сілаў наш карэспандэнт Юры Дракахруст гутарыў з аналітыкам нашага Радыё Янам Максімюком.

Дракахруст: “Спадар Максімюк, ужо прайшлі зьезды асноўных украінскіх палітычных партыяў, асноўных удзельнікаў выбарчай кампаніі. На падставе гэтых партыйных форумаў ці можна сказаць. так бы мовіць, "пра што" будуць выбары, якія вузлавыя праблемы, тэмы выбараў?” Максімюк: ”Тое, што адразу кідаецца ў вочы -- гэта што зьнешнепалітычныя пытаньні будуць адсунутыя ў тло гэтай кампаніі. На першы плян выступяць эканамічныя і сацыяльныя праблемы. Прэм’ер Віктар Януковіч, калі ён выступаў на выбарчым зьезьдзе сваёй партыі, дык сказаў, што такія справы, як, скажам, наданьне афіцыйнага статусу расейскай мове ці інтэграцыя -- яны ня будуць першачарговымі пытаньнямі кампаніі, а хутчэй за ўсё, ягоная партыя будзе прапагандаваць тое, што яны называюць "эканамічнымі посьпехамі" свае палітыкі. І я думаю, іншыя партыі асноўныя -- блёк "Наша Украіна" і Народнай самаабароны, а таксама блёк Юліі Цімашэнка, -- яны таксама пад час сваіх выбарчых зьездаў экспанавалі, перш за ўсё, сацыяльныя і эканамічныя чыньнікі. Ну натуральна, барацьба з карупцыяй гучала вельмі моцна і пад час з''езду блёку Цімашэнка, і пад час зьезду "Нашай Украіны". Юлія Цімашэнка сказала нават, што карала б пажыцьцёвым зьняволеньнем усіх карумпаваных чыноўнікаў ва Украіне. "Наша Украіна" на гэтых выбарах ідзе пад галоўным лёзунгам "Пазбавіць народных дэпутатаў Украіны імунітэту". Справа найважнейшая, што паміж асноўнымі сіламі ва Украіне існуе кансэнсус, што да замежнай палітыкі. Як Януковіч, так і Юшчанка, так і Цімашэнка -- усе выступаюць за інтэграцыю ў Эўразьвяз, а таксама за інтэграцыю з НАТО, толькі што Януковіч з агаворкамі. Ён кажа, што НАТО - так, але толькі калі украінцы скажуць "Так" у рэфэрэндуме”.

Дракахруст: “Ва Украіне праводзяцца сацыялягічныя дасьледаваньні. Калі б выбары адбыліся сёньня, як бы разьмеркаваліся галасы?” Максімюк: “Апытаньні за апошнія два месяцы паказваюць, што гэтыя выбары 30 верасьня могуць утварыць палітычную сытуацыю ў парлямэнце прыблізна такую, якая існавала летась у сакавіку. Выбары выйграе "Партыя рэгіёнаў", якая возьме ад 30 да 35 працэнтаў галасоў, потым больш-менш столькі ж возьмуць разам дзьве сілы "аранжавай рэвалюцыі", гэта значыць "Наша Украіна" і Блёк Юліі Цімашэнка. Да парлямэнту, паводле гэтых апытаньняў, увойдуць яшчэ камуністы. А вось сацыялісты -- ніжэй за 3-ох адсоткавы парог. Магчыма, за месца ў парлямэнце паспрачаецца і блёк Літвіна, былога сьпекера”.
XS
SM
MD
LG