Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Беларуса з Бэльгіі ўлада Лукашэнкі шукае праз Інтэрпол</B>


Тацяна Поклад (pokladt @ yahoo.co.uk) Беларускае замежжа (эфір 31 ліпеня)

37-гадовы Аляксандaр Янкоўскі жыве ў Бэльгіі пяць гадоў разам з сям''ёй – жонкай і двума сынамі, аднаму – сем гадоў, другому – тры з паловай.

Аляксандaр – прадпрымальнік з Гарадзеншчыны, з Астраўца. У Бэльгію выехаў, хаваючыся ад перасьледу ўладаў, і папрасіў там палітычнага прытулку. У траўні сёлета беларуса затрымалі на польска-літоўскай мяжы, паколькі Генэральная пракуратуры Беларусі зьвярнулася да літоўскіх калегаў з просьбай арыштаваць Аляксандра Янкоўскага і выдаць яго як крымінальнага злачынцу. Пасьля рэпартажаў на радыё "Свабода" пра А.Янкоўскага беларускія ўлады падалі яго зьвесткі ў Інтэрпол.

“Рэжым перасьледуе беларускіх актывістаў за мяжой не за тое, што яны сябры якой-небудзь партыі, а нават проста за іх грамадзкую актыўнасьць, – кажа Аляксандaр Янкоўскі. – Гэта ня першы выпадак такой сфабрыкаванай справы супраць беларускіх грамадзкіх і палітычных актывістаў у Бэльгіі, можа быць і ў іншых краінах падобнае было, толькі пра гэта не паведамляецца альбо мала паведамляецца. Я так разумею, што беларускія ўлады імкнуцца паказаць, што нібыта Эўропа прымае злодзеяў. І таксама, што рэжым паўсюль здолее спыніць актывістаў”.

З. Піменаў: ня першы выпадак і з вышукам праз Інтэрпол

Паводле прадстаўніка беларускай грамады ў Бэльгіі, рэжым Аляксандра Лукашэнкі актывізуе спробы запалохаць беларускую палітычную эміграцыю. Адзін з мэтадаў – крымінальныя справы супраць беларускіх грамадзкіх і палітычных актывістаў за мяжой і, адпаведна, звароты ў іншыя краіны з просьбай затрымаць і выдаць Беларусі гэтых палітычных уцекачоў як крымінальных злачынцаў.

Зьміцер Піменаў, старшыня Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня ў Бэльгіі, кажа, што абвінавачаньні супраць Аляксандра Янкоўскага зьявіліся толькі цяпер, калі ўмацаваўся яго статус у Бэльгіі і ён далучыўся да грамадзкай актыўнасьці.

“Некалькі гадоў ён жыў у Брусэлі, ніхто яго не чапаў. Але менавіта пасьля таго, як Аляксандр атрымаў паперы, як умацаваўся яго статус у Бэльгіі, і ён больш актывізаваўся – пачаў хадзіць да нас у царкву, на пікеты, браць удзел у акцыях – пачаўся перасьлед”.

Паводле Зьмітра Піменава, гэта – ня першая спроба беларускіх уладаў дыскрэдытаваць беларускіх актывістаў у Бэльгіі:

“Таму што ў нас яшчэ адзін такі прыклад быў – таксама чалавек цягам гадоў жыў спакойна ў Бэльгіі, і ніхто ім не цікавіўся зь беларускіх праваахоўных органаў, пакуль ён не далучыўся да актыўнай грамадзкай дзейнасьці. Нават не палітычнай, а проста грамадзкай беларускай дзейнасьці. Неўзабаве Беларусь падала на яго зьвесткі ў Інтэрпол. Так што і тут вельмі падобна выглядае, таму я лічу, што гэтая ўся справа з затрыманьнем Янкоўскага менавіта з-за яго палітычнай актыўнасьці”.

Тым часам пасьля рэпартажаў пра Янкоўскага на радыё „Свабода“ ён паведаміў, што Беларусь падала і пра яго зьвесткі ў Інтэрпол, дзе пазначана, што ён абвінавачваецца ў “злачынствах супраць здароўя і жыцьця, хуліганізьме, вандалізьме і разбурэньнях”.

Раней Беларусь не цікавілася

Аляксандaр Янкоўскі распавёў, што хаця яго абвінавачваюць у крымінальных злачынствах, нібыта зьдзейсьненых некалькі гадоў таму, да апошняга часу Беларусь не шукала яго.

“Я працую ў літоўскай фірме. У Вільні жыве сястра маёй маці. Раней колькі езьдзіў у Літву – ніякіх праблемаў, – разважае Аляксандар. –Апошнія гады я езьдзіў і ў Польшчу, і ў Нямеччыну. Шэсьць гадоў мяне ніхто не шукаў і я ня быў злодзеем. А тут я 14 траўня атрымаў літоўскую візу, патэлефанаваў маці – маўляў, што перадаць, што прывезьці, – а 17 траўня на мяне падалі ў вышук. Падобна, тэлефон маці праслухоўваюць. Ужо з гэтага бачна, што ўся гэтая справа сфабрыкаваная“.

Супярэчнасьці

У маладосьці, як распавёў сам Аляксандар Янкоўскі, ён меў праблемы зь міліцыяй: гэта былі памылкі, за якія ён адказаў, усе справы былі закрытыя, кажа Аляксандар. Жыхары яго роднага Астраўца, зь якімі мне давялося размаўляць, узгадалі яго імя і характарызавалі яго супярэчліва. Янкоўскі не адмаўляе мінулага, падкрэсьлівае, што за ўсё адказаў, і цьвердзіць, што з нараджэньнем першага сына яго жыцьцё зьмянілася. Ён заняўся прадпрымальніцтвам, падтрымліваў Зянона Пазьняка і ўступіў у КХП-БНФ. Янкоўскі адхіляе новыя абвінавачваньні супраць яго.

Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі А.Іваноўскі ў заяве да генэральнай пракуратуры Літвы цьвердзіць, што А.Янкоўскі і яго сябра 2 верасьня 2001 году ў Астраўцы ў рэстарацыі “Беларусь” нібыта “напалі на двух наведнікаў без прычыны і зьбілі іх”. І яшчэ адно абвінавачаньне. Паводле заявы зь Беларусі, 29 траўня 1999 году ў Славаччыне А.Янкоўскі разам з хаўрусьнікамі нібыта “напаў на супрацоўнікаў масажнага салёну ў горадзе Бойніца, зьбіў іх, пагражаў ім нажом і патрабаваў грошы”. І тамсама паведамляецца, што нібыта “А.Янкоўскі быў затрыманы славацкімі паліцыянтамі на месцы злачынства, але адразу вызвалены”.

Затрыманы за рэкет і адразу вызвалены?

А.Янкоўскі распавёў, што ў Славаччыне ён сапраўды меў справы з паліцыяй. Жонка паведаміла яму, што чакае дзіця, і падзею адзначалі. Калі ў кавярні вырашылі, што адзначаюць занадта шумна, была выкліканая паліцыя і беларусы заплацілі штраф. Аляксандр Янкоўскі распавядае, што заплаціў адразу і яго не затрымлівалі, а пасьля гэтага ён з жонкай яшчэ больш за месяц жыў у Славаччыне. У часе сваіх паездак ён перасякаў межы легальна – яго ніхто не затрымліваў, кажа Янкоўскі.

А.Янкоўскі адзначае, што абвінавачаньні зь Беларусі – ня толькі непраўдзівыя, але й папросту супярэчлівыя, і дадае: “Беларуская генпракуратура паведамляе, што я нібыта знаходзіўся пад сьледзтвам і з падпіскай аб нявыезьдзе ад верасьня 2001 году. Але ў лістападзе 2001 году ў Беларусі мне выдалі пашпарт з дазволам на паездкі ва ўсе краіны сьвету. Я езьдзіў з гэтым пашпартам яшчэ цэлы год, у мяне ўвесь пашпарт заштампаваны, і толькі ў жніўні 2002 году папрасіў у Бэльгіі прытулку, калі ўжо зусім стала немагчыма. Гэта нонсэнс – чалавека з такімі злачынствамі, як апісала Беларусь, ніхто б не выпусьціў нават пад падпіску“.

Партыя

Ёсьць і іншыя супярэчнасьці – партыйная прыналежнасьць Аляксандра Янкоўскага, які называе сябе сябрам КХП-БНФ.

Выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Юрась Беленькі паведаміў нашаму радыё:

“Аляксандар Янкоўскі не зьяўляецца сябрам партыі. Мы даведаліся пра сытуацыю, зьвязаную зь ім, толькі зь інфармацыйных крыніцаў, з Радыё Свабода. У свой час і старшыня партыі Зянон Пазьняк і Сойм рабілі спэцыяльныя заявы і інфармацыйныя паведамленьні аб пэўным недаверы шэрагу асобаў з Бэльгіі – называлася менавіта гэтая краіна і асобы, якія там знаходзяцца – і недавер з тае нагоды, што гэтыя людзі быццам бы пацярпелі за палітычную дзейнасьць і што яны сапраўды шчыра выяўляюць інтарэсы беларусаў у гэтай краіне”.

Юрась Беленькі адзначыў, што партыя даўно прыняла рашэньне не выдаваць ніякіх даведак для атрыманьня нейкага статусау за мяжой. Ён падкрэсьліў, што ня ведае Аляксандра Янкоўскага – магчыма, гэта беларускі актывіст, але не зьвязаны з КХП-БНФ.

Аляксандр Янкоўскі называе сябе сябрам КХП-БНФ – ці плянуецца ў сувязі з гэтым якая-небудзь заява з боку партыі?

На гэта Ю.Беленькі адказаў: “Падобныя выпадкі – шараговая зьява. Ці мусіць партыя на кожны такі выпадак рабіць сваю заяву?!”

А.Янкоўскі: “Я – за Зянона Пазьняка і таму ўступіў у КХП-БНФ”

Чаму Аляксандар Янкоўскі называе сябе сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ?

Пасьля размовы зь Юрасём Беленькім я зноў патэлефанавала Аляксандру Янкоўскаму, каб задаць яму гэтае пытаньне.

“Мая ўліковая картка з партыі ўжо перасланая з Бэльгіі ў Літву і знаходзіцца разам зь іншымі паперамі маёй справы ў Дэпартамэнце міграцыі Літвы. Вы можаце пабачыць яе. Я ўступіў у партыю ў жніўні 2001 году. Я ўступаў у Наваградзкую раду, бо ў нас у Астраўцы не было рады БНФ. Я раней жыў у Наваградку. Старшыня Наваградзкай рады хаваўся ад палітычнага перасьледу, ён цяпер у Бэльгіі. У мяне ўсе праблемы пачаліся, як я ўступіў у партыю. Мяне папярэдзілі ў міліцыі – раней меў праблемы з намі, а цяпер ідзеш у апазыцыю, так мы цябе пасадзім. Цягам 2001-2002 году чыніўся ціск на маю сям''ю, і таму я мусіў уцякаць у Бэльгію”.

Пазьней Аляксандар Янкоўскі прыгадаў яшчэ адну акалічнасьць: на ўліковай партыйнай картцы і на пашпарце, выдадзеным яму ў Беларусі ў той самы час, у 2001 годзе – аднолькавыя фатаздымкі, так што відавочна, што ўліковая партыйная картка – сапраўдная, падкрэсьлівае ён.

У Бэльгіі падтрымалі

Беларусы Бэльгіі падтрымалі Аляксандра Янкоўскага. Пасьля яго затрыманьня ў Літве яны зьвярнуліся ў тамтэйшую літоўскую амбасаду і даслалі заяву ў Віленскі акруговы суд, які вырашае справу аб экстрадыцыі Янкоўскага. У Беларуска-эўрапейскім задзіночаньні ўпэўненыя, што крымінальная справа супраць Янкоўскага сфабрыкаваная.

Старшыня задзіночаньня ў Бэльгіі Зьміцер Піменаў мяркуе: “Лічу, што гэта менавіта з-за яго палітычнай актыўнасьці. Тое, што на яго была нейкая крымінальная справа – я даведаўся наступнае: гэтая справа сфальсыфікаваная. Той чалавек, які падаваў на А.Янкоўскага ў суд, зрабіў гэта пад прымусам, на яго чыніўся ціск з боку міліцыі. На самой справе ўжо маецца расьпіска, што той, хто падаваў на А.Янкоўскага ў суд, ніякіх прэтэнзіяў ня мае і што супраць яго ўжываўся ціск з боку міліцыі. І той, хто вёў справу супраць А.Янкоўскага сем ці пяць гадоў таму, сам цяпер сядзіць у турме”.

“У студзені 2005 году маёр Рамашэўскі, які займаўся маёй справай, асуджаны за арганізацыю злачыннай групоўкі ў міліцыі. Яму прысудзілі 12 гадоў зьняволеньня. Ад 1991 году ў міліцыі яны гэтым займаліся: 14 гадоў супрацоўнікі міліцыі займаюцца вымагальніцтвам, і ніхто гэтага нібыта ня бачыў. Нехта, мусіць, разьбіраў яго паперы і пабачыў, што фабрыкуецца справа, ды было вырашана гэтай справе даць ход“, – дадае Аляксандар Янкоўскі.

Запалохваюць сваякоў у Беларусі

Запалохваюць і сваякоў Аляксандра Янкоўскага ў Беларусі. Ён распавёў, што на яго цешчу, 70-гадовую кабету, якая жыве на Гарадзеншчыне, у вёсцы Малая Бераставіца, таксама была заведзеная крымінальная справа – яе зьвінавацілі ў тым, што яна нібыта падпаліла машыну і разбурыла надмагільны помнік на могілках. Аляксандар Янкоўскі кажа, што абвінавачаньні былі настолькі абсурдныя, што справу спынілі.

На судовым паседжаньні ў Вільні, калі разглядалася справа аб яго экстрадыцыі, Аляксандар Янкоўскі казаў, што ня раз затрымліваўся і быў жорстка зьбіваны міліцыяй ў Беларусі за сваю палітычную дзейнасьць, што яму пагражалі “стратай здароўя і волі”, калі ён будзе і надалей падтрымліваць КХП БНФ.

А.Янкоўскі заявіў, што ў Беларусі яму пагражалі, што з КХП БНФ “будзе зробленая крымінальная групоўка, якую падвядуць пад такія артыкулы крымінальнага кодэксу Беларусі, што прадугледжваюць сьмяротную кару”. Так сказаў Аляксандар Янкоўскі на судзе ў Вільні, калі вырашалася пытаньне аб яго экстрадыцыі.

40 сутак за кратамі

У Літве з Аляксандрам Янкоўскім абышліся спачатку менавіта як з абвінавачваным у крымінальных злачынствах. Пасьля затрыманьня на мяжы ён правёў 40 сутак у зьняволеньні – спачатку сем сутак у Лазьдзіяй, пасьля ў віленскіх Лукішках, да рашэньня суду.

Ён адзначае, што зь ім абыходзіліся карэктна, дазволілі пры затрыманьні патэлефанаваць жонцы ў Бэльгію і дырэктару літоўскай фірмы, у якой ён працуе.

“Да мяне ставяцца з разуменьнем, тут бачаць, што ўсё гэта сфабрыкавана”, – кажа Янкоўскі.

Атрымаўшы заяву з Генэральнай пракуратуры Беларусі, літоўская Генпракуратура зьвярнулася ў Віленскі акруговы суд з просьбай вырашыць пытаньне аб экстрадыцыі Янкоўскага. Але адразу пасьля затрыманьня Янкоўскі папрасіў палітычны прытулак у Літве – у адказ міграцыйны дэпартамэнт даў дазвол на часовае жыхарства ў Літве.

Палітычны прытулак

“Паколькі першы раз я зьвярнуўся па палітычны прытулак у Бэльгіі і я там атрымаў дазвол на сталае жыхарства, літоўскі дэпартамэнт міграцыі вырашыў, што гэтае пытаньне мае разглядацца ў Бэльгіі, і мяне вырашылі адправіць у Бэльгію. Але ўсё адно я павінен чакаць, што вырашыць суд”, – тлумачыць Янкоўскі.

Цяпер яго вызвалілі з-пад варты, але пакінуць Літву Янкоўскі ня можа. Віленскі акруговы суд на мінулым тыдні адклаў справу аб экстрадыцыі – пытаньні ўзьніклі адносна статусу палітычнага ўцекача Янкоўскага ў Бэльгіі. Пракурор паведаміў Янкоўскаму, што адпаведныя запыты ў Бэльгію будуць зробленыя як мага хутчэй.

“Справа аб палітычным прытулку была прыпыненая, паколькі мы атрымалі дазвол на сталае жыхарства ў Бэльгіі “па рэгулярызацыі”, – кажа Аляксандр Янкоўскі. – Ёсьць такі тэрмін. Справа была доўгатэрміновая – болей як тры гады на той час мы ўжо пражылі ў Бэльгіі, інтэграваліся, вывучылі мову, я дзьве адукацыі яшчэ там атрымаў, наш малодшы сын нарадзіўся ў Бэльгіі. Таму ўрад прыняў рашэньне даць нам дазвол на сталае жыхарства ў Бэльгіі па рэгулярызацыі, а працэдуру адносна палітычнага прытулку спынілі. Нам сказалі, што ня трэба хвалявацца за свой лёс, калі вы жывяце ў дэмакратычнай вольнай краіне”.

“Я ўдзячны і літоўскаму міграцыйнаму дэпартамэнту, і літоўскаму ўраду, і суду за тое, што паставіліся з разуменьнем да маёй справы і не аддалі мяне адразу ў Беларусь, а пачалі разглядаць маю справу. Я – за справядлівы вырак суду. Людзі разумеюць, што ўсё гэта сфабрыкавана. Толькі ня ведаю, чаму так доўга цягнецца ўсё гэта – трэці месяц”, –кажа Аляксандар Янкоўскі.

Ён кажа, што адчувае падтрымку і дапамогу людзей, – і ад сяброў, і ад сваякоў, і ад калегаў. “Я адчуваю гэтую падтрымку, беларусы з Бэльгіі, з Эўропы тэлефануюць мне, выказваюць падтрымку”, – кажа Аляксандар.

У Вільні Аляксандар зусім блізка ад сваіх бацькоў, але наўрад ці яны пабачацца. “Мама ня мае візы. І бацька хворы – быў сардэчны прыступ, ён паралізаваны напалову, і мама ня можа пакінуць яго аднаго”. Аляксандар кажа, што маці засьцерагаецца размаўляць нават па тэлефоне, бо тэлефон, відавочна, праслухоўваецца.

Аляксандар Янкоўскі кажа, што спадзяецца на справядлівае вырашэньне сваёй справы і дадае: “Цяжка безь сям''і, бо я тут ня бачу жонку, дзяцей. Але людзям у Беларусі, якія змагаюцца з рэжымам, яшчэ цяжэй і страшней, бо яны нічым не абароненыя”.

• А.Янкоўскі: “Рэжым імкнецца запалохаць беларускіх актывістаў за мяжой”, 25.07.2007 • Літва: справа аб выдачы ўцекача зь Беларусі адкладзеная, 24.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG