Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як гарадзенцы ставяцца да новых візавых абмежаваньняў ЗША для беларускіх чыноўнікаў?


Радыё Свабода, Менск Злучаныя Штаты Амэрыкі пашыраюць сьпіс асоб, адносна якіх ужываецца спэцыяльная працэдура разгляду заяў на ўезд у ЗША. Дзярждэпартамэнт абмежаваў выдачу візаў афіцэрам КДБ і МУС у званьні вышэй за падпалкоўніка, супрацоўнікам ідэалягічных аддзелаў выканкамаў, сябрам выбарчых камісій, а таксама іх сужэнцам. Як да гэтых абмежаваньняў ставяцца гарадзенцы? Ці паўплывае гэта на палітыку беларускіх уладаў?

Спадар: “Наўрад ці. Што гэта дае – езьдзяць яны туды ці ня езьдзяць?.. Ім і тут добра”.

Спадарыня: “Я найперш баюся за тых, каму амэрыканскія ўлады даюць прытулак. У нас ёсьць вельмі сумны досьвед. І людзі ведаюць пра гэта. А што датычыць палітыкі беларускіх уладаў, – ніякіх зьменаў ня будзе”.

Дзяўчына: “Думаю, што нічога ня зьменіцца. У нас ня так шмат людзей, якія езьдзяць у Амэрыку. А ў Эўразьвяз нам ніхто не забараняе ехаць”.

Дзяўчына: “Чыноўнікі чыноўнікамі… Арганізацыі ж і прадпрыемствы будуць надалей супрацоўнічаць”.

Спадар: “У любым выпадку зьменіцца, бо гэта датычыць нашых дыпляматычных адносін.”

Ягоная жонка: “Я цалкам згодна са сваім мужам”.

Спадар: “Я думаю, што ня зьменіцца, пакуль пры ўладзе сядзяць гэтыя бальшавікі. Адпачываць жа хай езьдзяць у “Азёрны” (прафіляктор Нацбанка РБ побач зь вёскай Азёры Гарадзенскага раёну – заўвага рэд.) – іх там прымуць”.

Спадарыня: “Думаю, што не. Гэта ніяк не адаб’ецца на палітыцы Беларусі. Такога ня можа быць”.

Дзяўчына: “Думаю, што так. Наш прэзыдэнт імкнецца, каб між краінамі існавала раўнапраўе. Таму, на мой погляд, да ЗША зробяць адэкватныя захады”.

Спадар: “Палітыка якой была, такой і застанецца: калгас, дзяржпрадпрыемствы й дзяржпраца. А ўсім астатнім – “не высоўвацца”. Усё як было. Я нічога не прыдумаў. Што зробіш – доля наша такая беларуская...”

Спадар: “Мне здаецца, наступствы нейкія будуць. Я, наагул, не падтрымліваю палітыкі ЗША ў гэтым кірунку. Яны ўводзяць абмежаваньні, нашы ўводзяць у адказ… Але церпяць не чыноўнікі, а звычайныя людзі”.

Дзяўчына: “Нічога ня зьменіцца. Гэта мая такая асабістая думка. Вядома, чыноўнікі хочуць езьдзіць на Захад, але ад іх нічога не залежыць”.

Дзяўчына: “Зьменаў ня будзе. Іх даўно ўжо не было”.

Спадар: “Натуральна, калі адзін бок уводзіць абмежаваньні, то падобныя захады трэба чакаць у адказ. Але мне здаецца, што Беларусь усё ж сябруе і з ЗША, і з Эўразьвязам. Толькі робіць гэта патаемна”.
XS
SM
MD
LG