Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: “Пачалася зачыстка партыйнай прасторы”


Уладзімер Глод, Менск Беларуская жаночая партыя “Надзея”, што ўваходзіць у кааліцыю Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, да 8-га жніўня мусіла падаць у Міністэрства юстыцыі поўны сьпіс сябраў партыі. Патрабаваньне зьвязана з праверкай дзейнасьці некаторых партый, якую праводзіць Мін’юст. Міністэрства ўжо падало пазоў у Вярхоўны суд аб ліквідацыі Беларускай экалягічнай партыі. А 2-га жніўня на паўгода прыпынена дзейнасьць Партыі камуністаў беларускай.

На пытаньне, ці выканала жаночая партыя патрабаваньне Мінюсту, яе кіраўніца Алена Яськова адзначае:

“Мы даслалі міністэрству падрабязны ліст са спасылкамі на заканадаўства. Патлумачылі, што новы партыйны статут атрымалі толькі 10 ліпеня. Мы будзем будаваць партыю структурна па-новаму – бязь першасных арганізацыяў: будуць толькі абласныя ды менская гарадзкая, якія пакуль ня створаны. Мы дадалі таксама, што паставім усіх на ўлік. А пасьля гэтага ўсе запатрабаваныя Міністэрствам юстыцыі дакумэнты будуць яму пададзены”.

Спадарыня Яськова занепакоена лёсам жаночай партыі. Увагу міністэрства яна тлумачыць узрослай актыўнасьцю “Надзеі”, якая ўдзельнічала ў Кангрэсе дэмсілаў, у стварэньні Саюзу левых партыяў ды іншых акцыях апазыцыі:

“Калі партыя паводзіла сябе неактыўна (быў такі пэрыяд – прапусьцілі тэрмін правядзеньня зьезду, дапускалі іншыя парушэньні), дык на гэта ніхто не зважаў. А калі пачынаецца пэўная дзейнасьць, дык гэта выклікае адваротную рэакцыю ўладаў і насьцярожанасьць”.

Адзін з сустаршыняў аб’яднаных дэмакратычных сілаў, Анатоль Лябедзька, гаворыць: сытуацыю з апазыцыйнымі палітычнымі партыямі ўчора ўвечары абмяркоўвалі на паседжаньні прэзыдыюму АДС:

“Мы разглядаем гэтыя дзеяньні як крыжовы паход супраць апазыцыйных партыяў. Мы выпрацавалі плян канкрэтных захадаў. Гэта фактычна спробы супраціву антыканстытуцыйным дзеяньням уладных структураў. Плян для службовага карыстаньня. Але магу запэўніць, што ён вельмі дакладны.

Мы будзем таксама падаваць гэту праблему на разгляд міжнароднай супольнасьці. Бо дзеяньні ўладаў выглядаюць не як нейкі адзіночны выпадак. Гэта можа быць сур’ёзнай зачысткай палітычнай прасторы перад выбарчай кампаніяй у Палату прадстаўнікоў”.

У Беларусі цяпер афіцыйна зарэгістравана 17 палітычных партыяў. Найбольшая небясьпека на сёньняшні дзень пагражае Беларускай экалягічнай партыі зялёных (БЭЗ). Вярхоўны суд прызначыў ужо дату разгляду пазову Мінюсту аб яе ліквідацыі – 29 жніўня.

Варта адзначыць: у краіне існуюць дзьве экалягічныя партыі: БЭЗ, зарэгістраваная ў 1998 годзе, і Беларуская партыя “Зялёныя”, зарэгістраваная ў 1994 годзе. Апошняя, якую ачольвае Алег Грамыка, уваходзіць у склад кааліцыі аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

• Партыю “зялёных” могуць ліквідаваць , 08.08.2007 • ПКБ ня мае права карыстацца сваімі рахункамі , 02.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG