Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскі газавы канфлікт непакоіць Эўропу


Радыё Свабода Сёньняшнія нумары заходніх пэрыядычных выданьняў інфармуюць чытачоў пра пагашэньне Менскам доўгу за расейскі газ. Расейскі газ зноў без перашкодаў цячэ ў Беларусь, аднак ці можа гэта супакоіць Эўропу? – ставяць пытаньне нямецкія мэдыі.

Паводле “Financial Times Deutschland”, “Эўразьвяз вітае падобнае вырашэньне канфлікту”. Пры гэтым Эўропа не хавае заклапочанасьці адносна надзейнасьці расейскіх энэргетычных паставак. Як піша выданьне, “канфлікт паміж Масквой і Менскам чарговым разам пераканаў у тым, што Расея прызвычаілася выкарыстоўваць газ у якасьці сваёй палітычнай зброі”

Нямецкі “Focus” піша : “Пагроза спыненьня газавых паставак зьнятая з парадку дня. Заходняя Эўропа можа з палёгкай уздыхнуць, паколькі Беларусь як транзытная краіна закрыла пытаньне з даўгамі. Цяпер Менск плаціць за расейскае паліва па 100 даляраў за 1000 кубамэтраў, што, аднак, менш за цану, якую “Газпром” устанавіў сваім кліентам у Заходняй Эўропе… Улічваючы спрыяльную кан’юнктуру на паліўным рынку, расейскі манапаліст імкнецца ўсяляк прасунуць рэалізацыю свайго тавару ў Нямеччыне. Ён прапануе муніцыпальным уладам вялікіх прамысловых гарадоў у Рурскім і Ніжнярэйнскім рэгіёнах газ удвая танейшы за той, які яны набываюць у свайго традыцыйнага пастаўшчыка – нямецкага канцэрну “Рургаз”. Канкрэтныя перамовы ўжо вядуцца і трымаюцца ў поўным сакрэце”, –спасылаецца “Focus” на рэгіянальнае выданьне „Rheinische Post“.
XS
SM
MD
LG