Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я выклікаў прэзыдэнта на двубой на тэнісным корце”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 9 жніўня ў розныя гады мінулага.

“ЛіМ” у 1947 годзе, віншуючы “Звязду” з 30-годдзем, падкрэсьлівае: “На старонках газеты ўпершыню былі надрукаваны такія выдатныя каляктыўныя творы, як “Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну”, “Дванаццаць песень”, “Радзіме і правадыру”, друкаваліся лепшыя творы народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, творы многіх іншых нашых пісьменнікаў, прысьвечаныя ўслаўленню велічы нашай эпохі, мудрай большавіцкай партыі і геніяльнага правадыра народаў, стваральніка Беларускай дзяржавы — таварыша Сталіна”.

“Знамя юности”, год 1987. Павал Якубовіч піша пра Янку Брыля: “Калі чытаеш ягоны “Пошук слова”, дык адчуваеш сябе маленькім і разгубленым перад вялізным сьветам, у які запрашае пісьменьнік. І здаецца часам: ну што асаблівага — у некалькіх радках апісана гісторыя Васіля і Марысі, “аднавяскоўцаў-аднавякоўцаў” Брыля. Але ж не гісторыя! Само жыцьцё! І лепшым робішся, і дабрэйшым, калі зноў і зноў перачытваеш мініятуру (а ў ёй усяго дзесяць радкоў) і задумваешся — які просты і складаны гэты сьвет, у якім ёсьць месца і навальніцы, і зялёнай былінцы, і птушынаму граю, і цяжкому коласу”.

Са старонак “Имени” амэрыканскі вучоны-эколяг, патомны беларус Джозаф Пяцэвіч, удзельнік Другога зьезду беларусаў сьвету, выказваецца пра сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам: “Беларусь павінна быць свабоднай і незалежнай. Любы наступ на беларускую культуру, беларускую мову, саміх беларусаў я лічу асабістай абразай, як і тое, што беларусы афіцыйна жывуць пад любімым сьцягам людзей, якія жадаюць зьнішчыць сучасную беларускую дзяржаву. Выказаўшы ўсё гэта, я выклікаў прэзыдэнта на двубой на тэнісным корце”.
XS
SM
MD
LG