Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне людзі толькі прызвычайваюцца сартаваць сьмецьце


Міхал Карневіч, Горадня Некалькі розных кантэйнэраў, якія стаяць на сьметніцах дзеля таго, каб людзі маглі адсартаваць сьмецьце, не заўсёды выкарыстоўваюцца паводле прызначэньня. Як заўважае на гэта начальнік Упраўленьня жыльлёва- камунальнай гаспадаркі Гарадзенскай вобласьці Казімір Банцэвіч, “нашы людзі яшчэ не прывыклі разьдзяляць адкіды”.

Разьдзел адкідаў на Гарадзеншчыне пачаўся сем гадоў таму ў Лідзе. Менавіта там зьявіліся тры асобныя кантэйнэры: для плястыку, шкла й астатняга сьмецьця.

Цяпер, як кажа Казімір Банцэвіч, падобнай практыкі прытрымліваюцца ва ўсіх раённых цэнтрах. Штогод у вобласьці такім чынам зьбіраюць і накіроўваюць перапрацоўнікам звыш 240 тон макулятуры, болей за 100 тон тонкага мэталу, каля 600 тон палімэраў (у першую чаргу ПЭТ-бутэльку) і каля 15 тон шкла.

Загадчык камунальнага аддзела ЖКГ вобласьці Георгі Яроцкі, кажа, што другаснай сыравіны павінны зьбіраць болей. Дзеля гэтага па вобласьці створаная сетка арганізацый, якія займаюцца яе зборам.

“Ёсьць нават даволі разгалінаваная сетка прыватных прадпрымальнікаў, якіх чамусьці найболей цікавіць ПЭТ-бутэлька. Працуюць такія прадпрымальнікі ў Карэлічах, у Наваградку”.

Аднак, калі вярнуцца да трох кантэйнэраў, то яны часта жыхарамі гарадоў элемэнтарна ігнаруюцца.

Казімір Банцэвіч кажа, што дзяржава выпраўляе такое становішча. У сыстэме ЖКГ існуе ўстаноўка для перапрацоўкі сьмецьця й адкідаў:

“І мы там усё тое, што чалавек нядобрасумленна кінуў, адсартыроўваем, затым спрасоўваем і накіроўваем перапрацоўнікам”.

Я запытаўся ў загадчыка камунальнага аддзела ці рэнтабэльна займацца зборам і разьдзелам другаснай сыравіны:

“Па вялікім рахунку гэта мерапрыемства пакуль стратнае, паколькі цэны, якія цяпер існуюць на другасную сыравіну, не дазваляюць зрабіць яго рэнтабэльным. Дзеля гэтага патрэбна апэраваць вялікімі аб’ёмамі”.

А як на Гарадзеншчыне камунальнікі заахвочваюць людзей саміх разьдзяляць адкіды? Аказваецца, што такая праца вядзецца ў дзіцячых садках і школах:

“Да прыкладу, у Лідзе ў дзіцячых садках выстаўляюць кантэйнэры, дзеткі размалёўваюць паперкі ў розныя колеры й кідаюць у розныя кантэйнэры і такім чынам вучацца разьдзяляць адкіды”.

На вуліцах Горадні я запытаўся ў некаторых школьнікаў: ці зьбіраюць яны другасную сыравіну, альбо, як зазвычай гэта было – макулятуру? Вось што яны мне адказвалі:

Хлопец: “Так, кожны год. Я нават у новую школу перайшоў, і там зьбіраюць”.

Карэспандэнт: “А дзе вы яе зьбіраеце?”

Хлопец: “У хаце, у знаёмых, па чужых кватэрах ня ходзім”.

Дзяўчынка: “Па два-тры разы на год зьбіраем”

Карэспандэнт: “А як вас да гэтага заахвочваюць?”

Дзяўчынка: “Памятаю, пераможцам давалі некалькі тартоў на кляс”.
XS
SM
MD
LG