Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: “Кідаюць сьмецьце там, дзе сядзяць”


Радыё Свабода, Магілёў У Магілёве, як і ў іншых вялікіх беларускіх гарадох, востра стаіць праблема, куды скідваць цьвёрдыя бытавыя адкіды і як іх перапрацоўваць.

1984 годзе ў Магілёве пабудавалі завод, на якім перапрацоўваліся цьвёрдыя бытавыя адкіды на ўгнаеньні. І дзесяці гадоў не прайшло, як у 1993 годзе яго закансэрвавалі. Афіцыйнай прычынай назвалі адсутнасьць попыту на прадукт перапрацоўкі – кампост.

Ад 2003 году завод спрабуюць рэанімаваць. У інспэкцыі прыродных рэсурсаў Магілёўскага гарвыканкаму паведамілі, што да канца 2008 году завод рэканструююць. Ён будзе перапрацоўваць сьмецьце паводле найноўшай тэхналёгіі зь біялягічнай ачысткай . Пакуль жа бытавыя адкіды звозяцца на палігон за 28 кілямэтраў ад Магілёву.

Намесьнік начальніка інспэкцыі Ігар Бародзька ня бачыць сур’ёзных праблемаў з перапрацоўкай прамысловых адкідаў, а вось з бытавымі больш складана:

“Бытавых адкідаў цяпер больш чым адкідаў з прадпрыемстваў. Аднак праблема ў нас іншая – культура насельніцтва ў прыватным сэктары. У нас прасьцей людзям выкінуць сьмецьце не ў спэцыялізаваны кантэйнэр альбо яшчэ куды-небудзь, а туды, дзе сяджу. Вось гэта праблема” .

Ці практыкуюць магілёўцы паасобнае сартаваньне адкідаў? З такім пытаньнем зьвярнуўся да іх карэспандэнт “Свабоды”. Бальшыня апытаных шчыра прызналіся, што не. Вось два характэрныя адказы.

Спадарыня: “Я б з задавальненьнем сартавала сьмецьце, але ў нас звычайныя кантэйнэры стаяць у двары, і таму прастору для фантазіі мала. Я была ў Нямеччыне і ведаю, што першае, чаму вучаць немцы нават самых малых дзяцей, – гэта ўменьню сартаваць сьмецьце. Для людзей гэта асноўны занятак”.

Спадарыня: “Я з задавальненьнем дзяліла б сьмецьце, але ў мяне няма такой магчымасьці. У нас сьмецьцеправод знаходзіцца ў доме. Дом дзевяціпавярховы, адпаведна кантэйнэры на вуліцы, і яны далёка стаяць”.
XS
SM
MD
LG