Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у сьвеце змагаюцца з адкідамі


Ганна Соўсь, Прага У многіх краінах сьвету дзейнічае жорсткае заканадаўства ў справе аховы навакольнага асяродзьдзя і сыстэмы ўтылізацыі і перапрацоўкі сьмецьця. Напрыклад, у Нідэрляндах, вытворцы кампутараў абавязаныя забіраць назад кампутарную тэхніку, у якой скончыўся тэрмін дзеяньня. У Нарвэгіі ўведзены падатак на пакеты з малаком і сокам. У Аргентыне – упакоўка, якая ня можа быць перапрацаваная, мусіць пазначацца як небясьпечная.

Найбольш дысцыплінаваным у ахове навакольнага асяродзьдзя і ўтылізацыі сьмецьця лічацца немцы. Яны проста так ня выкінуць пусты пачак ад цыгарэтаў, найперш здымуць з яго цэляфанавую плёнку, а ад пустога кубачка ад ёгурту спачатку аддзеляць фольгу. Нямецкія фірмы і прадпрыемствы абавязкова пазначаюць на ўпакоўцы, што іхні тавар выраблены з экалягічна чыстых кампанэнтаў. А на таварах у супэрмаркеце абавязкова напісана, куды трэба выкінуць упакоўку і ці падлягае яна перапрацоўцы.

Экспэрты падлічылі, што 84 працэнты немцаў аддзяляюць ад агульнай масы сьмецьця паперу і кардон, 66 працэнтаў – плястык. Апошнія гады ў розных рэгіёнах Нямеччыны праводзяцца экспэрымэнты ў справе разьдзельнай утылізацыі батарэек і ўпаковак ад мэдыкамэнтаў.

Прынцып “нулявых адкідаў” у 1958 годзе першым абвясьціў амэрыканскі Сіэтл. Гэта значыць, што трэба па магчымасьці выкарыстоўваць скарыстаныя прадукты і імкнуцца не вырабляць матэрыялы, якія потым могуць стаць толькі сьмецьцем.

Гэта тычыцца з большага прадпрыемстваў, а як пераканаць людзей?

Найбольш эфэктыўнай бывае фінансавая матывацыя. Напрыклад, у Бэльгіі жыхары плацяць за вываз сьмецьця паводле розных тарыфаў, у залежнасьці ад вагі і памеру. Тым, хто разьдзяляе сьмецьце і аддае ў перапрацоўку, даводзіцца плаціць каля 100 эўра, а тым, хто шмат выкідае – да 270 эўра. Людзі кажуць, што новая сыстэма зьмяніла іх паводзіны – яны імкнуцца пакупаць прадукты без упаковак, напрыклад сьвежыя фрукты і гародніну. Гэта прынесла вынік, і цяпер паводле статыстыкі ў Бэльгіі перапрацоўваецца больш за 70 працэнтаў гэтак званага “хатняга сьмецьця”.

Напрыклад у Вялікай Брытаніі напярэдадні Калядаў улады заклікаюць людзей здаваць пасьля сьвятаў у перапрацоўку віншавальныя паштоўкі, пакавальную паперу і непатрэбныя падарункі. Палічылі, што за сьвяты брытанцы расходуюць 24 мільёны слоікаў салодкай начынкі для піражкоў, саленьняў і журавіннага соўсу. А перапрацоўка гэтай шклатары дапаможа зэканоміць такую колькасьць энэргіі, якая ідзе на выраб 60 мільёнаў кубкаў гарбаты.

А вось у Нарвэгіі сёлета быў уведзены новы экалягічны падатак – на пакеты з сокам і малаком. За кожны пакет – 0,066 эўрацэнта. Чакаецца, што гэта павінна прымусіць людзей здаваць пакеты ў перапрацоўку. Нарвэскі ўрад падкрэсьлівае, што як толькі статыстыка засьведчыць 95-працэнтную ўтылізацыю пустых пакетаў, падатак будзе зьняты. Пакуль жа сярэднестатыстычная сям’я штогод будзе плаціць каля 66 даляраў падатку.

Дарэчы, у Нарвэгіі адзін з самых высокіх узроўняў другаснай перапрацоўкі ў сьвеце – 60 працэнтаў. Амаль паўсюль побач з дамамі стаяць кантэйнэры для паперы і кардону, пустыя бутэлькі прымаюць у крамах. А напрыклад у Аргентыне дзейнічае закон, адпаведна якому ўсе віды ўпакоўкі, якія ня могуць быць яшчэ раз выкарыстаныя альбо перапрацаваныя, павінны маркіравацца як “небясьпечныя адкіды”.

Лідэрам у скарачэньні адкідаў можна назваць Новую Зэляндыю, якая ў 1999 годзе запусьціла праект, які ўскладае адказнасьць за адкіды на мясцовыя улады. Там быў створаны Фонд нулявых адкідаў. У выніку ў Новай Зэляндыі цяпер перапрацоўваецца каля 80 працэнтаў адкідаў. Многія крамы ў гэтай краіне атрымалі статус “з нулявымі адкідамі”. Абутак там, напрыклад, не загортваюць у паперу.

А ў Нідэрляндах уведзены закон, адпаведна якому вытворцы кампутараў павінны забіраць свае тавары пасьля таго, як скончыўся іх тэрмін дзеяньня. Такое самае правіла дзейнічае ў Італіі ў дачыненьні да лядоўняў. Аналягічныя праграмы пасьпяхова працуюць у Нарвэгіі і Японіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG