Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Рыгор Мінянкоў: “Перш за ўсё – узнаўленьне акадэмічнай свабоды”


Аляксей Знаткевіч, Прага Гэтымі днямі спаўняецца 15 гадоў Эўрапейскаму гуманітарнаму унівэрсытэту. Унівэрсытэт быў створаны ў Менску і дзейнічаў там 12 гадоў, але ў 2004 годзе ён быў зачынены беларускімі ўладамі. Цяпер унівэрсытэт працуе ў Вільні. Наш сёньняшні госьць -- дырэктар цэнтру завочнай і дыстанцыйнай адукацыі ЭГУ Рыгор Мінянкоў.

Знаткевіч: Спадар Мінянкоў, як бы вы коратка патлумачылі тым, хто хоча атрымаць вышэйшую адукацыю сам ці шукае месца навучаньня для сваіх дзяцей – чаму варта абраць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт?

Мінянкоў: Калі тыя, хто хоча атрымаць адукацыю - і бацькі, і іх дзеці - думаюць пра сваю будучыню, пра тое, што ім жыць у вельмі цікавым, вельмі незвычайным сьвеце, які вельмі хутка мяняецца і мы прадбачыць ня можам, які ён будзе праз 10-15 гадоў - тым, хто пра гэта думае, лепш абіраць адукацыю ў нашым унівэрсытэце, бо мы спрабуем вучыць жыць у гэтым невядомым сьвеце.

Знаткевіч: Ці можна цяпер знайсьці працу ў Беларусі з вашым дыплёмам?

Мінянкоў: У цяперашнім сваім стане ўнівэрсытэт працуе толькі два гады. Таму ў нас яшчэ толькі два курсы бакаляўраў, і яны яшчэ не выходзілі на рынак працы. Але я зазначу, што вядома, мабыць, нашы выпускнікі ня знойдуць пакуль працы ў нашай краіне пры гэтым рэжыме. Але ўсё мяняецца, і прыйдзе час, калі яны будуць мець найлепшыя пэрспэктывы для працаўладкаваньня.

Дадам яшчэ: у нас ёсьць ня толькі бакаляўрскія праграмы, але й магістарскія, і нашы магістры - гэта другая ступень вышэйшай адукацыі - знаходзяць сабе працу ў Беларусі. Зь некаторымі цяжкасьцямі, але знаходзяць.

“Я яшчэ ня чуў, каб нехта шкадаваў, што вучыўся ў ЭГУ...”

Знаткевіч: Як вы сказалі, у цяперашнім стане ўнівэрсытэт існуе два гады. Але раней ён быў зарэгістраваны ў Беларусі. Тыя, хто скончыў ЭГУ ў 90-я гады – ці можаце вы згадаць нейкія пасьпяховыя прыклады таго, што гэтыя людзі здолелі зрабіць кар''еру ў Беларусі?

Мінянкоў: Зараз я, мабыць, не назаву прозьвішчы, але я ведаю многіх студэнтаў, якія знаходзілі сабе працу, бо яны мелі вельмі добрую адукацыю, зь дзьвюма замежнымі мовамі. Таму яны сабе знаходзілі працу і ў юрыдычных фірмах, і ў рэкляме, і ў навуцы, і ў розных прыватных установах. Вядома, ім было цяжка і, можа цяжка і цяпер, бо мы ўсё ж такі рыхтавалі спэцыялістаў, так бы мовіць, для прыватнага сэктару, для свабоднай эканомікі, для свабоднага грамадзтва. Але яны працуюць у дзяржаве. Многія, жывучы тут, працуюць у замежных фірмах, замежных структурах - кожны знаходзіць сабе месца. Я яшчэ ня чуў, каб нехта шкадаваў, што вучыўся ў ЭГУ і ня мае ніякіх пэрспэктываў.

Знаткевіч: Спадар Мінянкоў, што значыць слова “эўрапейскі” ў назьве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту? Што для вас эўрапейскасьць?

Мінянкоў: Для нас эўрапейскасьць - гэта адчыненасьць сьвету, гэта ўменьне ўступіць у дыялёг з другім, зь іншым. Гэта ўменьне паказаць, што ты можаш. Гэта ўменьне быць самім сабой. Бо Эўропа - гэта калі ўсе зьяўляюцца самі сабой, і тым ня менш яны - у адзінай палітычнай прасторы, у адзіных эканамічных суадносінах. Таму эўрапейскае - гэта культурнае, гэта нацыянальнае, якое адкрыта іншаму.

“Я б не сказаў пра другаснасьць беларускай мовы...”

Знаткевіч: На сайце вашага унівэрсытэту ehu.international.org працуюць расейская і ангельская вэрсіі. Яшчэ пазначаныя беларуская, нямецкая і француская, але толькі пазначаныя – гэтыя спасылкі не працуюць. Ёсьць і новы сайт у літоўскай зоне "lt" – там тры моўныя вэрсіі – расейская, ангельская і літоўская. Адсутнасьць беларускай мовы – гэта сьвядомая пазыцыя ўнівэрсытэту?

Мінянкоў: Гэта ня так. Беларуская мова ва ўнівэрсытэце прысутнічае вельмі шырока. Што тычыцца сайту - вельмі хутка беларуская вэрсія будзе адчыненая, яна цяпер рыхтуецца, можа, ёсьць праблема з дакладнымі прафэсійнымі перакладамі. А што тычыцца ўнівэрсытэту, дык там выкладаньне ідзе на дзьвюх мовах - беларускай і расейскай, а таксама на замежных - ангельскай, францускай, нямецкай. Скажу нават больш - ёсьць некалькі праграмаў, якія ў асноўным беларускамоўныя. Гэта паліталёгія, гісторыя, культурная антрапалёгія. У іншых праграмах вельмі шмат курсаў на беларускай мове.

Наша палітыка ў гэтым пляне якраз - вельмі падтрымліваць беларускую мову, беларускую культуру. Але яшчэ раз адзначу: у гэтай адкрытасьці, у гэтым супрацоўніцтве, у гэтым узаемадзеяньні зь іншымі культурамі. Таму тое, што яшчэ сайт ня зроблены - гэта ня знак таго, што мы не паважаем беларускую мову.

Знаткевіч: Тут пытаньне не пра непавагу, а пра першаснасьць і другаснасьць. Напрыклад, калі ў 2005 годзе газэта "Наша Ніва" апублікавала зацемку, што рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў на лекцыі ў Нямеччыне нібыта казаў, што беларуская мова ў беларускіх школах – гэта гвалт, прэсавая служба ЭГУ выступіла з абвяржэньнем, але зноўку ж, па-расейску. Тут якраз можа стварыцца ўражаньне, што "сродак камунікацыі і ёсьць пасланьнем". Вось, вы кажаце – яшчэ не гатовыя пераклады. Значыць, расейская мова – заўсёды прыярытэтная, а беларускае – нешта другаснае.

Мінянкоў: Не, гэта не зусім так. Што тычыцца той справы выказваньняў, прыпісаных акадэміку Міхайлаву - дык гэта было не зусім так. Гэта няпраўда, і таму наш прэс-рэліз пра гэта пісаў.

Я б не сказаў пра другаснасьць. Многае залежыць ад сытуацыі. Скажам, гэта тычыцца выкладаньня, дык далёка ня ўсе курсы гатовыя да таго, каб іх выкладаць па-беларуску, бо, скажам, няма перакладаў філязофскіх тэкстаў.

Розныя нашы афіцыйныя паперы... Трэба сказаць, што ў самым унівэрсытэце афіцыйнымі мовамі зьяўляюцца расейская і літоўская, і гэта зьвязана з нашым знаходжаньнем у Літве, дзе ўсё ж такі, па-першае, літоўская мова - дзяржаўная, а па-другое, літоўцы ўсё ж разумеюць больш расейскую мову і мы павінны рыхтаваць усе дакумэнты на расейскай мове. Але я думаю, што гэтыя паперы, нашыя прэс-рэлізы будуць таксама на беларускай мове.

Гэта ня другаснасьць. Я б сказаў - гэта сытуацыя, ня вельмі лёгкая моўная сытуацыя, у якой мы знаходзімся. Бо мы цяпер усё ж такі афіцыйна - літоўскі ўнівэрсытэт, і павінны працаваць так, каб нас разумелі тыя, хто прымае рашэньні, тыя, хто зацьвярджае нашы дакумэнты, хто глядзіць, як мы працуем.

“Мы працавалі на Беларусь, можа, не заўсёды гэта падкрэсьліваючы”

Знаткевіч: Зараз ня моўнае, а хутчэй палітычнае пытаньне. Калі ў 2004 годзе зачынялі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, тады быў прэс-рэліз унівэрсытэту і адкрыты ліст студэнтаў, якія сябе, па-першае, пазыцыянавалі як дзеці, а, па-другое, складвалася такое ўражаньне, што вось, гэтыя людзі толькі што зразумелі, у якой краіне яны жывуць. Да таго, як зачынілі гэты ўнівэрсытэт, яны нібыта знаходзіліся ў нейкім вакуўме. А на той момант ужо былі зачыненыя некаторыя іншыя навучальныя ўстановы – хоць бы той самы коласаўскі ліцэй. Ці ёсьць доля праўды ў тым, што пакуль ЭГУ не зачынілі, было нейкае неадэкватнае разуменьне палітычнай сытуацыі ў Беларусі?

Мінянкоў: Можа Вы тут трошкі і маеце рацыю. Але зноў жа, трэба глядзець на гэта ўсё шырэй. Так, калі мы былі ў Менску, мы сябе пазыцыянавалі - і ў гэтым мы адпавядалі закону - як установа па-за межамі палітыкі. Зразумела, гэта было вельмі цяжка, але мы спрабавалі ўсё ж такі нейкім чынам ствараць умовы, каб наш унівэрсытэт працаваў.

Вядома ж гэта падзея, мабыць, паспрыяла нашаму ўсьведамленьню - і ня толькі студэнтаў, але і многіх выкладчыкаў - нашай прыналежнасьці да Беларусі, да беларускай культуры, хоць з самага пачатку мы працавалі не на нейкую пустую прастору, а на Беларусь, і нашая задача была ў тым, каб нашая гуманітарная навука, нашая спэцыяльная навука выходзіла на міжнародныя стандарты. Каб нас ведалі як беларусаў.

Такі прыклад: да нас прыяжджала вельмі багата выдатных замежных вучоных, за што нас, дарэчы, потым абвінавацілі, што мы - “прахадны двор”, паколькі ў нас багата замежных вучоных. Але што гэта азначала? Гэта азначала, што гэтыя людзі прыяжджалі сюды, бачылі Беларусь, бачылі, што гэтая невядомая для іх краіна пачынае разьвівацца, у гэтай краіне ёсьць людзі, якія могуць гаварыць на мове зразумелай сьвету – я маю на ўвазе мову навукі. І я думаю, што тут мы працавалі на Беларусь, можа, не заўсёды гэта падкрэсьліваючы.

Але, вядома, гэтая падзея неяк больш дапамагла ўсім нам, і мне таксама, усьвядоміць сваю беларускую місію, місію Беларусі ў Эўропе – як нам усё больш станавіцца эўрапейцамі. І, мабыць, калі Вы сочыце за тымі або іншымі сайтамі, дык можна ўбачыць, як актыўна апошнімі гадамі там працуюць, пішуць, публікуюцца прадстаўнікі ЭГУ.

Знаткевіч: Спадар Мінянкоў, апошняе пытаньне. Калі б Вы былі міністрам адукацыі – што б Вы зьмянілі ў беларускай сыстэме вышэйшай адукацыі і сыстэме адукацыі ўвогуле?

Мінянкоў: Перш за ўсё – гэта ўзнаўленьне акадэмічнай свабоды. Калі будзе акадэмічная свабода, якая ёсьць у нашым унівэрсытэце, будзе і ўсё астатняе. І, вядома, дзяржава не павінна камандаваць адукацыяй. Адукацыя - гэта не завод, гэта ня фабрыка, дзе можна ўсіх “пастроіць”, каб яны хадзілі строем.

Дык вось, акадэмічная свабода адчыніць вельмі багата, яна дасьць вельмі багата для творчасьці, для сапраўднай працы. Вядома, гэта будзе цяжка, бо вельмі многія нашы і выкладчыкі, і студэнты да гэтага не прывыклі. Ну а да гэтага ўжо, вядома, дадаць і сапраўдную аўтаномію ўнівэрсытэтаў, напрыклад, тую, якую мы маем у Літве, і выкладаньне сучасных дысцыплінаў, сучасных ведаў, бо, на жаль, асабліва ў сацыяльна-гуманітарнай сфэры, выкладаюцца веды ў лепшым выпадку 30-гадовай даўніны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG